На адрэстаўраванай станцыі маскоўскага метро «Курская-Кальцавая» адноўленыя надпісы, што праслаўляюць Сталіна.
Станцыя Курская-Кальцавая пабудаваная ў 1949 годзе. Год таму яна была зачыненая на рамонт, а 25 жніўня ізноў адкрылася. Як падкрэсліваюць расейскія крыніцы «адрэстаўраваныя скульптуры, люстры, таршэры, адноўлены арнамент». Але «няма вядомай масквічам па фатаграфіях скульптуры Іосіфа Сталіна. Яна была страчаная пад канец 50-х гадоў.»
Нягледзячы на гэтае, словы са сталінскага гімну выглядаюць, як новыя.
Летась Іосіф Сталін заняў трэцяе месца ў расейскім конкурсе «Імя Расеі».
У Беларусі імя Сталіна пэўныя сілы таксама спрабуюць рэабілітаваць. Гэтак, пад Менскам збудаваны комплекс «Лінія Сталіна», куды сілком возяць школьнікаў.
Між тым, у адной Беларусі ў выніку сталінскіх рэпрэсій пацярпелі як найменш 600 тысяч чалавек, з іх прынамсі 200 тысячаў былі замучаны. Акрамя таго, бяздарнае і тыранскае кіраўніцтва Сталіна прывяло да жудасных людскіх ахвяраў у часе Другой сусветнай вайны, калі Беларусь страціла каля 1,5 мільёна сваіх грамадзянаў забітымі.