Міжнародны валютны фонд не бачыць неабходнасці для правядзення чарговай дэвальвацыі беларускага рубля «ў агляднай будучыні». Пра гэта заявіў дырэктар Еўрапейскага дэпартамента МВФ Марэк Бэлька 26 жніўня па выніках перамоў ва ўрадзе Беларусі.

Паводле слоў кіраўніка дэпартамента, цяперашні рэжым курсаўтварэння з’яўляецца правільным — ён забяспечвае стабільнасць і ў той жа час дае «пэўную абмежаваную неабходную гнуткасць курсаўтварэння».

«Гэта значыць, што мы не абмяркоўвалі і не рэкамендавалі змяняць цяперашні рэжым курсаўтварэння, — падкрэсліў Бэлька. — Наадварот, уся праграма эканамічнай палітыкі, якую мы падтрымліваем, арыентавана на тое, каб умацаваць сістэму і стабільнасць вашай валюты».

«Таму калі гаварыць вельмі прама, то дэвальвацыі не будзе. Ва ўсякім разе, у агляднай будучыні», — заявіў прадстаўнік МВФ.

Адзначыўшы, што ў межах сённяшняй сістэмы курс беларускага рубля вагаецца ў межах устаноўленага калідору кошыка валют, ён сказаў: «Гэта правільная сістэма, і мы працуем над умацаваннем гэтай сістэмы».

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Глядзі таксама:
Урад прыняў правілы гульні