Родныя арыштаваных гомельскіх міліцыянтаў адчайна спрабуюць адбіць іх у КДБ. Піша Вольга Жарнасек.

Блізіцца да завяршэння «паляўнічая справа», якая паставіла на вушы Жлобін і цэлую Гомельшчыну. Лукашэнка неаднаразова прыводзіў яе як прыклад расперазанасці міліцыі ў рэгіёнах: усіх пакараць!

Нягледзячы на тое, што ўсёй краіне справа вядомая менавіта як «паляўнічая», судзіць міліцыянтаў будуць зусім не за браканьерства і захоп зямлі. Крымінальная справа заведзеная паводле фактаў незаконнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі ў адносінах да супрацоўнікаў КДБ. Але навошта было раздуваць скандал вакол паляўнічай сядзібы, калі віну міліцыянтаў вызначылі ў іншым?

Знакамітая сядзіба аказалася звычайным хутарам

Каб разабрацца, што ж насамрэч адбылося ў Жлобіне (а менавіта ён стаў цэнтрам канфлікту міліцыі і чэкістаў), мы адшукалі Людмілу, жонку Леаніда Мінянкова, начальніка аддзела па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі Жлобінскага РАУС.

З яго і пачаў КДБ сваё гучнае расследаванне дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі Гомельскай вобласці. Людміла стала нашым правадніком да знакамітай сядзібы, дзе супрацоўнікі міліцыі нібыта незаконна палявалі і эксплуатавалі мясцовых жыхароў.

Нам спатрэбілася нямала часу, каб дабрацца да хутара Глушыца (назва цалкам апраўданая). Дарогі пасля дажджоў моцна размыла. Калі дабраліся да месца, нас сустрэў вядомы многім вартаўнік Вася, які ахоўвае ўчастак ужо не першы год. Падчас размовы ён падказваў Людміле падрабязнасці, якія яна ўпускала ці не ведала, а нам — лепшыя ракурсы для здымкаў. Было заўважна, што апошнім часам размовы пра гучную справу сталі для яго галоўным заняткам. Грошай ад гаспадара ўчастка ён зараз не атрымлівае, але ўсё адно працягвае вартаваць.

Людміла, адначасна паказваючы, што і дзе было раней, распавяла, што да гэтага на хутары Глушыца жыў Мікалай Канода, які і пабудаваў хату. А ў лістападзе 2003 года група паляўнічых — тады іх было 6 чалавек — набылі ў Каноды хату і ўзялі ў арэнду 3,3 га зямлі, аформіўшы яе на аднаго чалавека — мясцовага прадпрымальніка і сябра сям’і Мінянковых Леаніда Бобрыкава.

Дарэчы, сярод гэтых шасці чалавек, акрамя Леаніда Мінянкова, быў толькі адзін супрацоўнік міліцыі — Валер Татарынаў. Пасля яны пачалі будавацца і паставілі некалькі вагонаў, каб там можна было жыць падчас прыездаў. У Людмілы і Леаніда быў адзін вагон на дваіх, яны прыязджалі некалькі разоў на год, звычайна ўлетку.

Чэкістаў у хату прывёў кум Мінянковых

Галоўная памылка аматараў палявання заключалася ў тым, што яны адразу не аформілі новыя пабудовы.

—Яны спачатку паставілі тут вагоны, а пасля пачалі ўжо афармляць. БТІ ўсё замерала, пачало афармляць, але Бобрыкаў адмовіўся падпісаць дамову, — кажа Людміла. — БТІ даслала апавяшчэнне, што яны адмаўляюцца далей працягваць рэгістрацыю. І адразу ж, паводле запрашэння Бобрыкава, сюды прыйшлі людзі з КДБ. У іх не было пастановы, але яны мелі права на вобыск з дазволу гаспадара.

Дарэчы, Бобрыкаў — хросны бацька дзяцей Мінянковых. У Леаніда і Людмілы сын і дачка. Чаму ён прывёў супрацоўнікаў КДБ у хату, Людміла не можа патлумачыць, але на зваротным шляху паказвае нам ягоны дом — шыкоўны трохпавярховы катэдж, і многае стала зразумела без словаў.

Хоць супрацоўнікаў КДБ прывёў Бобрыкаў, ён усё адно будзе плаціць адміністрацыйныя штрафы як гаспадар участка.

— Калі хата афармлялася, памер участка складаў 3,3 га, але пасля ўсіх гэтых падзей высветлілася, што ёсць заява ад Бобрыкава 2004 года, што ён адмаўляецца ад 2 га зямлі, хаця сам ён сцвярджае, што ён не пісаў нічога і не падпісваў, што гэта нават не ягоны почырк. Невядома, адкуль з’явілася гэта заява, — распавядае Людміла. — Навамаркавіцкі сельсавет і Рэчыцкі лясгас да гэтай пары не могуць вырашыць, каму належаць землі. То бок, калі гэта землі сельгаса, то іх могуць здаць у арэнду, а калі лясгаса, то іх трэба выводзіць з фонду лясгаса. Яны не могуць вырашыць, чые гэта землі, але з абодвух бакоў даюць зараз штрафы: за захоп зямлі і пашкоджанне ўрадлівага пласту зямлі.

Дакументы не толькі з’яўляліся невядома адкуль, але многія таксама і невядома куды знікалі. Напрыклад, зніклі многія дакументы на паляўнічых сабак.

«Яны марылі зрабіць базу для агратурызму»

Цяпер амаль усе пабудовы знеслі. Але на старых здымках, якія паказала нам Людміла, заўважна, што тут ніколі не было шыкоўнай сядзібы: акрамя аднапавярховай хаты, там было некалькі вагонаў, лазня, тры адрыны, альтанка, куратнік і вальеры для сабак. Як распавяла Людміла, Бобрыкава прыстрашылі новымі штрафамі і сказалі ўсё прыбраць, але навошта гэта было зроблена — незразумела. Яна мяркуе, што ўсё было зроблена для таго, каб прыцягнуць да справы ўвагу і знайсці нагоду для затрымання міліцыянтаў:

— Такое адчуванне, што прыбралі ўсё адмыслова, каб нічога не было відаць. Каб людзі прыязджалі і думалі, што тут было. Да пачатку гэтых разборак яны хацелі зарэгістраваць тут усё і зрабіць базу для агратурызму. Гэта была іх мара. Месца прыгожае. Былі ў іх такія планы, але яны не паспелі нават аформіць дакументы. Я лічу, што ўсё было зроблена адмыслова. Хто бачыў фільм, які паказалі прэзідэнту, кажа, што ён пакідае вельмі цяжкае ўражанне. Праверкі правялі паўсюль, але нічога незаконнага не знайшлі.

«Адзін сказаў, а другі свой азадак прыкрывае!»

Падчас размовы міма праехаў мясцовы ляснік Канода — сын таго самага гаспадара хаты. Ён спыніўся і падышоў да нас. Папрасіў не здымаць на камеру, але разгаварыўся.

— Не трэ было, наогул, бурыць, трэ было дабудаваць! А цяпер усё засталося, як і было…

—Толькі трохпавярховы катэдж разабралі, — засмяялася Людміла.

— Дзе, тут? Ну, і кілбасны цэх, так? (Смяецца.) Чым жа гэтыя куратнічкі былі вінаватыя? Гэта ж адзін сказаў, а другі свой азадак прыкрывае!

— Нават калі б даказалі, што вінаваты, то штрафам бы хоць пакаралі…

— Які ж тут вінаваты? Якая тут вінаватасць? — запратэставаў Канода.

— Ну дык а для чаго разабралі? Для таго і разабралі, каб не маглі больш нічога даказаць.

— Дырэктар як прыляцеў, цэлае лясніцтва сюды прыпёр, за два дні платы прыбралі і лес пасадзілі, — распавёў ляснік. — І ўжо дваццатага чысла быў пяты загад мяне звольніць. Гэта ж самага апошняга знайшлі. Я кажу: «Ні храна — залажу ўсіх!» — вось яны і заткнуліся. Неадпаведнасць пасадзе… Дваццаць гадоў адпавядаў, а тут адразу неадпаведнасць.

«Ён ніколі не ішоў на кампраміс»

Пытаюся ў Людмілы, ці мае яна цяпер хоць нейкую сувязь з мужам.

— Так, лісты пішам адзін другому. Адзін раз нам нават дазволілі спатканне ў СІЗА. Ён кажа, што ўсё гэта зроблена як правакацыя. Зараз ён ужо пазнаёміўся са справай, чытаў, хто і што гаворыць. Ён піша, што калі б ён працаваў такімі метадамі, як працавалі з ім, тады б яго насамрэч трэба было арыштоўваць. Даходзяць чуткі, што ўжо цалкам вызначаны тэрміны ім усім. Пакуль невядома, дзе будзе праходзіць суд. Пракуратура ўжо азнаёмілася, перадала ў абласны суд, абласны суд перадаў у Вярхоўны, а што далей — я не ведаю.

Жлобін — горад невялікі. Калі была агучаная паляўнічая справа, не тое што маленькі горад, але ўся краіна даведалася пра яе. Тады Людміле прыйшлося нялёгка — нехта раскідваў па ўсім горадзе правакацыйныя ўлёткі пра Леаніда. Але ў асноўным жлобінцы добра ставяцца да сям’і Мінянковых.

— Многія людзі баяцца. Іх вельмі моцна запужваюць да гэтай пары. Нават даходзіць да таго, што тэлефануюць і папярэджваюць. Ніколі б не падумала, што ў наш час такое мажліва. Да яго заўсёды добра ставіліся, але я не скажу, што ўсе, у яго спецыфіка працы такая: ён лавіў злачынцаў, садзіў іх, таму ўсе яго любіць не будуць у любым выпадку. Мой муж быў насамрэч чалавекам з жалезным характарам, прынцыповым, яго ніхто ніколі не мог угаварыць. Ён ніколі не ішоў на кампраміс. І яго проста прыбралі…

«Чаму на нашых блізкіх людзях праводзяцца такія эксперыменты?»

— Вы цяпер звярнуліся да АБСЕ і іншых арганізацый са зваротам. Гэта незвычайна для Беларусі…

— А што зрабіць, калі тут справядлівасці не знойдзеш? Я пісала і прэзідэнту, я звярталася да Наталлі Пяткевіч, каб яна данесла да прэзідэнта, каб было аб’ектыўнае расследаванне. Калі ён вінаваты, то дакажыце гэта. Чаму ўсё паднятае толькі на шумісе і брудзе? І на ўсе мае звароты мне прыходзіў адказ, што ён перададзены ў КДБ, і я павінна чакаць адтуль адказу. КДБ на ўсе лісты адказвала, што вядзецца аб’ектыўнае расследаванне. Я нават звярталася ў пракуратуру з пытаннем, на якой аснове расследаванне вядзе орган, які завёў гэту справу (гэта было яшчэ да ўказа кіраўніка дзяржавы, які ўстанаўліваў, што расследаванне паводле карупцыйных справаў вядуць тыя органы, якія распачалі крымінальную справу — ВЖ). Чаму на нашых блізкіх людзях праводзяцца такія эксперыменты? Яны ж аддалі спачатку гэту справу расследаваць пракуратуры, але затым вярнулі КДБ.

Паводле версіі затрыманых супрацоўнікаў міліцыі, у іх меўся матэрыял, які даказваў неправамерныя дзеянні чэкістаў, але Людміла нічога пра гэта не ведае:

— Ён такой інфармацыяй са мной ніколі не дзяліўся, дома гэта ніколі не абмяркоўвалася. Валодаў ці не валодаў — гэта я зараз не магу сказаць. Але што нейкую інфармацыю шукалі — гэта я магу сказаць дакладна. У мяне ў хаце праводзілі вобыск пяць з паловай гадзін. Шукалі вельмі моцна ў кампутары: адчынялі ўсе фатаграфіі і ўсе файлы. На аснове гэтага я магу меркаваць, што нешта ў іх было.

Жлобін—Глушыца—Мінск,фота Юліі Дарашкевіч

 Міліцыянтам дорага абышліся паляванні ў Глушыцы.На здымку: Валер Татарынаў, Леанід Бобрыкаў, Леанід Мінянкоў і яшчэ двое паляўнічых, якія не фігуруюць у справе.

Міліцыянтам дорага абышліся паляванні ў Глушыцы.
На здымку: Валер Татарынаў, Леанід Бобрыкаў, Леанід Мінянкоў і яшчэ двое паляўнічых, якія не фігуруюць у справе.

 Вакол сядзібы — парэшткі аўральна знішчаных пабудоваў.

Вакол сядзібы — парэшткі аўральна знішчаных пабудоваў.

 А сама знакамітая сядзіба аказалася звычайным хутарам.

А сама знакамітая сядзіба аказалася звычайным хутарам.

 Людміла Мінянкова не разумее, за што пасадзілі мужа.

Людміла Мінянкова не разумее, за што пасадзілі мужа.

«Паляўнічая справа»

Паводле версіі супрацоўнікаў МУС, процістаянне з супрацоўнікамі КДБ пачалося раней за пачатак «паляўнічай справы». Пра гэта заявіў ў сваім відэазвароце да беларускага прэзідэнта Аляксандр Малаеў, кіраўнік Упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі УУС Гомельскага аблвыканкама.

Ён распавёў, што ягонае ведамства выявіла факты карупцыі мясцовых чыноўнікаў ды супрацоўнікаў КДБ, і папрасіў абараніць міліцыянтаў ад супрацьпраўных дзеянняў чэкістаў. У сваім звароце Малаеў адзначыў, што спачатку расследаванне КДБ праводзілася ў адносінах да кіраўніка АБКіЭЗ Жлобінскага РАУС Леаніда Мінянкова. Нагодай нібыта стала ананімка, якая паступіла ў КДБ. З Упраўлення КДБ ў Жлобін прыехалі дзесяць чалавек, каб дапамагчы мясцовым чэкістам правесці праверку.

У сваю чаргу кіраўніцтва УУС Гомельскага аблвыканкама 26 сакавіка накіравала ў Жлобін 12 сваіх супрацоўнікаў на чале з кіраўніком аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ў сферы стратэгічных накірункаў Дзмітрыем Баранавым і Аляксандрам Малаевым. Сітуацыя была дакладзена ў Мінск, і паездку ўзгаднілі з тагачасным міністрам унутраных справаў Навумавым. Задача камандзіроўкі — праверыць рапарт Міненкова, у якім ён указаў на супрацьпраўныя дзеянні супрацоўнікаў КДБ. Чэкісты ведалі пра дзеянні МУС і ацанілі гэта як незаконнае (без санкцыі пракурора) правядзенне аператыўных мерапрыемстваў у адносінах да супрацоўнікаў КДБ, каб сабраць на іх кампрамат і спыніць праверку ў адносінах да Міненкова.

Пакуль невядома, што за інфармацыю «накапалі» супрацоўнікі міліцыі на чэкістаў. Але тое, што знайшлі чэкісты, прагучала на ўсю краіну. Яны знайшлі фотаздымкі, якія сведчылі пра незаконнае паляванне кіраўнікоў МУС. Нібыта высокапастаўленыя міліцэйскія чыны займаліся браканьерствам, незаконна захапілі лясную тэрыторыю ў адзін гектар і адбудавалі сядзібу, дзе іх абслугоўвалі мясцовыя жыхары. Супрацоўнікі КДБ сабралі матэрыялы, знялі фільм і звярнуліся ў Раду бяспекі, якая пасля даклала пра сітуацыю Аляксандру Лукашэнку. Такім чынам чэкісты атрымалі згоду прэзідэнта на далейшыя дзеянні.

3 красавіка быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА КДБ Дзмітрый Баранаў, 5 красавіка — Леанід Мінянкоў, яшчэ праз два тыдні — Аляксандр Малаеў.

На дадзены момант Камітэтам дзяржбяспекі ў дачыненні да Малаева і Міненкова заведзеныя крымінальныя справы паводле арт. 426. ч.2 за перавышэнне службовых паўнамоцтваў, да Баранава — паводле арт. 426 ч.3 — перавышэнне службовых абавязкаў і нанясенне лёгкіх пашкоджанняў жыхару горада Жлобіна Ярмоліну, якому нібыта 26 красавіка пры допыце Баранаў нанёс удар далонню ў левае вока.

Справа была заведзеная яшчэ да ўказа прэзідэнта, які ўстанаўліваў, што расследаванне паводле карупцыйных справаў вядуць тыя органы, якія распачалі крымінальную справу. На дадзены момант гэты ўказ усё яшчэ знаходзіцца на стадыі разгляду.

Дата судовага працэсу яшчэ не прызначаная, але імаверна, што ён будзе праходзіць у судзе Магілёўскай, а не Гомельскай вобласці. Працэс, хутчэй за ўсё, будзе закрытым, бо ў матэрыялах следства ёсць сакрэтны том.

Глядзі таксама:
Сваякі арыштаваных звярнуліся па дапамогу ў АБСЕ і БХК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0