Новыя выпадкі заражэння вірусам грыпу A/H1N1 лабараторна пацверджаныя ў Беларусі. Пра гэта паведаміў 26 жніўня Першы канал беларускага тэлебачання.
Гэтым разам вірус выявілі ў мінчукоў (муж з жонкай і сябар сям’і), якія ў суботу вярнуліся з Кіпра. Кепска пачувацца яны сталі яшчэ за мяжой. Адразу па прыбыцці з аэрапорта яны накіраваліся ў інфекцыйную бальніцу Мінска, дзе цяпер праходзяць лячэнне.
Паводле дактароў, пацыенты папраўляюцца, іх стан здароўя здавальняючы, яны рыхтуюцца да выпіскі.
***
Таксама паведамляецца, што выпадак заражэння вірусам A/H1N1 зафіксаваны ў Магілёве.
Гэта дзесяцігадовая дзяўчынка, якая знаходзілася на аздараўленні ў Вялікабрытаніі. Па вяртанні на радзіму ёй стала кепска. Медыцынскае абследаванне выявіла ў яе вірус грыпу.
Цяпер яна знаходзіцца ў адной з магілёўскіх бальніц. Паводле медыкаў, стан яе здароўя здавальняючы.
***
Такім чынам у Беларусі зафіксавана дзесяць выпадкаў:
апроч таго, грамадзянін Кітая — аспірант БДУ, што на міунлым тыдні выпісаўся з бальніцы, а таксама пяцёра школьнікаў з Асіповічаў, што прыехалі з аздараўлення з Брытаніі.





