Час ад часу ў газетах i на тэлеканалах, у прамовах навукоўцаў, дзеячаў культуры i мастацтваў сустракаецца нязвыклае для паўсядзённай мовы загадкавае замежнае слова – «рэстытуцыя». Наш карэспандэнт сустрэўся з адным з самых наблiжаных у краiне людзей да рэалiзацыi зместу гэтага тэрмiна, старшынёй Беларускага фонду культуры У. ГIЛЕПАМ.

– Слова «рэстытуцыя» (пошук i вяртанне нацыянальных каштоўнасцяў на радзiму) з’явiлася ў нашых СМI, стала ўжывацца ў размоўнай мове пасля набыцця Беларуссю суверэнiтэту. Дагэтуль пытанняў наконт вяртання каштоўнасцяў нават на ўзроўнi кiраўнiцтва СССР практычна не ўзнiкла. А калi i ўзнiкала, то толькi ў тым сэнсе, што мы некаму нешта вярталi, але свайго назад не атрымлiвалi.

З другога боку, у савецкiя часы мы дакладна i не ведалi, што канкрэтна наша знаходзiцца за мяжой. Ведаеце, тады на вельмi многiм ляжаў грыф «сакрэтна». Аднак былыя савецкiя рэспублiкi, асаблiва ў гады гарбачоўскай перабудовы, пачалi ўсё больш настойлiва ставiць пытаннi перад Масквой аб вяртаннi iх нацыянальных каштоўнасцяў. Напрыклад, Украiна запатрабавала назад золата скiфаў. Свае прэтэнзii прад’явiлi рэспублiкi Прыбалтыкi i Сярэдняй Азii. Дарэмна казаць, што пераважная большасць гэтых патрабаванняў не была задаволена. Шлях па тыпу «аддай – гэта наша» аказаўся недзеяздольным i бесперспектыўным.

Праблемы рэстытуцыi ва ўсе часы нялёгка вырашалiся. Развiтвацца назаўсёды з каштоўнымi гiстарычнымi рэчамi цяжка, асаблiва калi доўгi час ты лiчыў, што яны твае. Увогуле рэстытуцыя заўсёды была працэсам доўгiм, марудным, часам пакутлiвым.

– Але, калi iснуе такая праблема мiжнароднага характару, то павiнны быць i адэкватныя спосабы яе вырашэння. Цi не так?

– Так. Таму яшчэ ў савецкi перыяд наш фонд выступiў з iнiцыятывай грунтоўнага вывярэння ўсяго таго, што i дзе беларускае знаходзiцца ў свеце. У вынiку была створана адпаведная грамадская камiсiя, у якую ўвайшлi вядомыя дзеячы культуры. Але з цягам часу стала вiдавочна, што грамадскасцi без iстотнай дзяржаўнай падтрымкi не абысцiся. Дарэчы, Расiя першай з былых рэспублiк СССР стварыла такую дзяржаўную структуру па пытаннях рэстытуцыi. За ёй Украiна, краiны Прыбалтыкi. Прызнаюся, не зусiм зручна адчуваў сябе на мiжнародных сустрэчах па тэме вяртання, нават было сорамна, што ў нас няма такой структуры. Быццам бы Беларусь не зацiкаўлена ў вяртаннi каштоўнасцяў.

Дзеля справядлiвасцi трэба сказаць, што апошнiм часам некаторыя дзяржаўныя органы ўсё актыўней працуюць у гэтым накiрунку. МЗС краiны распачало пошук каштоўнасцяў за мяжой. Камiтэт па архiвах актыўна працуе з калегамi многiх краiн, скажам, Германii. А вось Мiнiстэрства культуры, на мой погляд, не ў поўную сiлу займалася вяртаннем каштоўнасцяў.

Таму, лiчу, наспела пытанне аб стварэннi мiжведамаснай камiсii па праблематыцы рэстытуцыi, якую б узначальваў намеснiк прэм’ер-мiнiстра. Пры камiсii прапаноўваецца стварыць групу высокаквалiфiкаваных экспертаў. Наколькi я ведаю, сёння ў Саўмiне дадзенае пытанне знаходзiцца ў стадыi вырашэння. Упэўнены, гэтая камiсiя не застанецца без работы.

– Што маецца на ўвазе, калi размова iдзе аб вяртаннi каштоўнасцяў?

– Зразумела, каштоўнымi могуць быць розныя старажытныя рэчы, рэлiквii, прадметы мастацтва. Мы ж у паняцце «каштоўнасцi» ўключаем музейныя, бiблiятэчныя i архiўныя каштоўныя рэчы.

– Цi iснуюць больш-менш дакладныя даныя аб месцазнаходжаннi за мяжой нашых каштоўнасцяў?

– На жаль, не. Каштоўнасцi з Беларусi рабавалiся i вывозiлiся далёка не адно стагоддзе. Падчас усiх войнаў беларусы кожны раз страчвалi частку свайго нацыянальнага багацця. Пасля разгрому французаў у вайне 1812 года з Нясвiжскага замка Радзiвiлаў былi вывезены дарагая, як сёння гавораць, эксклюзiўная мэбля, унiкальныя i рэдкiя кнiгi, архiвы, зброя, вялiкая калекцыя карцiн старажытных майстроў i iншае ў царскую Расiю. Напрыклад, большая частка найбагацейшай (адной з лепшых у тагачаснай Еўропе) бiблiятэкi Радзiвiлаў знаходзiцца ў Санкт-Пецярбургу.

Сёння, калi iдзе актыўная рэстаўрацыя Нясвiжскага замка, востра адчуваецца недахоп не тое што сапраўдных прадметаў той эпохi, а нават узораў мэблi i iншых рэчаў, па якiх можна было б зрабiць больш-менш дакладныя копii.

У ходзе Другой сусветнай вайны былi лiтаральна вычышчаны i вывезены акупантамi на Захад фонды нашых музеяў.

I што самае галоўнае, практычна амаль нiчога з нарабаванага назад не вярнулася. Час ад часу да нас даходзяць звесткi аб тым, што беларускiя трафеi знаходзяцца ў музеях Францыi, Германii, iншых заходнееўрапейскiх краiн, у прыватных калекцыях ЗША i г.д.

– А цi заўсёды мы маглi абаранiць у пасляваенны час ад вывазу (легальнага i нелегальнага) тое, што засталося з каштоўнасцяў на руках у насельнiцтва?

– Адназначна – не. Яшчэ адносна да нядаўняга часу прадстаўнiкi любога музея СССР маглi прыехаць да нас i без дазволу, пастаноўкi на ўлiк пачаць экспедыцыйную дзейнасць па збору ў насельнiцтва каштоўных рэчаў, дакументаў. А колькi прайдзiсветаў з Масквы, Ленiнграда лiтаральна прачэсвалi вясковую мясцовасць i за капейкi скуплялi ў недасведчаных людзей старажытныя кнiгi i абразы ХVI–ХVIII стагоддзяў, прадметы этнаграфii. Яны «зачищали» Беларусь без якога-небудзь пярэчання з нашага боку.

– У СМI часта з’яўляюцца паведамленнi аб затрыманнi мытнiкамi кантрабанды праз нашу мяжу культурных i гiстарычных каштоўнасцяў. Гэта iстотная крынiца папаўнення запаснiкаў беларускiх музеяў?

– Цiкавае пытанне. На першы погляд, падобны канфiскат павiнен бы заставацца на нашай тэрыторыi. Але ў нас часта здаралiся, ды i цяпер нярэдка здараюцца, дзiўныя рэчы з затрыманымi каштоўнасцямi. Быў час, калi да нас прыязджалi з Масквы высокiя чыноўнiкi ад культуры i рабiлi дасцiпны агляд затрыманага i забiралi з сабой усё больш-менш каштоўнае. «Гэта наша», – казалi яны. I з маскоўскiмi гасцямi не спрачалiся. Iм дапамагалi ўпакаваць у скрынi выбраныя рэчы i цёпла праводзiлi.

Чамусьцi ў нашых адказных асоб не ўзнiкала пытанняў наконт прыналежнасцi гэтых каштоўнасцяў. Няўжо яны толькi расiйскiя? Можа праз Беларусь з Расii нелегальна вывозiлася нешта беларускае? Чаму мы без высвятлення гэтых абставiнаў, без адпаведнай экспертызы, добраахвотна так лёгка аддаём у iншыя рукi магчыма тое, што засталося нам у спадчыну ад прадзедаў?

Агульнавядома, што ў мiнулым бурлiвым i багатым на ваеннае лiхалецце i ўзброеныя канфлiкты стагоддзi, разам з мiграцыяй мiльёнаў людзей праз дзяржаўныя i адмiнiстрацыйныя межы туды-сюды перасоўвалася велiзарная колькасць старажытных прадметаў, твораў знакамiтых мастакоў, скульптараў, унiкальных выданняў, архiўных дакументаў i г.д. Напрыклад, вядома, што сёння ў Арле знаходзяцца выдатныя творы выяўленчага мастацтва з калекцыi былога беларускага роду Цiханавецкiх з Вiцебскай вобласцi.

Я чамусьцi ўсё больш упэўнiваюся ў тым, што славуты крыж Ефрасiннi Полацкай таксама трэба шукаць на Усходзе, а не на Захадзе. Шмат iснуе даных, якiя гавораць на карысць гэтай версii. Паступова адкрываюцца новыя факты i абставiны з вывазам беларускiх каштоўнасцяў у гады Першай i Другой сусветных войнаў.

– Як тады не ўпусцiць за межы краiны тое, што па праву належыць яе народу?

– Зараз створана адпаведная дзяржаўная камiсiя, праз якую праходзяць усе затрыманыя на мяжы кантрабандныя каштоўнасцi. Яна павiнна друкаваць звесткi ў спецыяльным каталогу. I калi праз тры гады не аб’яўлялiся сапраўдныя гаспадары той цi iншай каштоўнасцi, то, згодна з мiжнароднымi канонамi, яна б пераходзiла ва ўласнасць беларускай дзяржавы.

Ну а потым мы гатовы былi абменьваць падобныя рэчы з немцамi, французамi, iтальянцамi, тымi ж расiянамi на каштоўнасцi беларускага паходжання. Прыстойны цывiлiзаваны падыход. Паверце, знайшлося б што абмяняць.

– I якiя беларускiя рэчы, на ваш погляд, варта было б выменяць у першую чаргу?

– Ну хоць бы вярнуць такiм чынам некалькi славутых у свой час на ўсю Еўропу слуцкiх паясоў. Сорамна казаць, але ў нас няма нiводнага цэлага, добра захаванага слуцкага пояса – унiкальнага мастацкага твора ХVIII стагоддзя. Падкрэслю, нiводнага! У той жа час сотнi iх знаходзяцца ў маскоўскiх i санкт-пецярбургскiх, львоўскiх музеях, як i ў кракаўскiх, варшаўскiх, вiльнюскiх i г.д. А ў Слуцку, адкуль пайшла сама назва паясоў, нiводнага свайго. Праўда, калi быць дакладным, то там экспануецца адзiн пояс з запаснiкаў былога музея этнаграфii народаў СССР.

– Якi шлях вяртання на радзiму каштоўнасцяў вам здаецца найбольш прымальным?

– Безумоўна, шлях перамоў. Для гэтага варта было б стварыць двухбаковыя мiждзяржаўныя камiсii па пытаннях рэстытуцыi. Была ў пачатку 90-х гадоў зроблена спроба (на жаль, няўдалая) аб’яднаць краiны СНД пад агульным дакументам па гэтай праблематыцы. Я быў у той час старшынёй камiсii па культуры СНД i добра памятаю ўсе дэталi.

Беларусь потым пайшла па шляху стварэння двухбаковых камiсiй з iншымi краiнамi. З iх нядрэнна папрацавала толькi беларуска-польская. Менавiта яе ўдзельнiкамi была ў свой час агучана iдэя рэканструкцыi Аўгустоўскага канала. Яе падтрымалi на дзяржаўным узроўнi i сёння мы маем адноўлены выдатны гiстарычны аб’ект, якi вабiць сотнi замежных турыстаў.

Дзякуючы гэтай камiсii ў час рэстаўрацыi музея Мiцкевiча ў Навагрудку там з’явiлася нямала каштоўных арыгiнальных экспанатаў. Потым iх вярнулi ў варшаўскi музей паэта, а ў Навагрудку засталiся неблагiя копii рэчаў, якiя даюць добрае ўяўленне пра тую эпоху, побыт i звычкi славутага паэта.

Дзякуючы намаганням гэтай камiсii ў адпаведным пратаколе ёсць запiс аб тым, што пасля рэстаўрацыi залаў замка ў Нясвiжы польскi бок перадасць туды на часовую дэманстрацыю творы карцiннай галерэi Радзiвiлаў. Яна ў 1952 годзе вывезена ў Польшчу толькi пасля адной i не вельмi настойлiвай просьбы яе тагачасных уладаў у ЦК КПСС. Адтуль прыйшла каманда: «аддаць». I нашы партыйныя кiраўнiкi без пярэчанняў аддалi. Добраахвотна, што самае прыкрае. А гэта звыш 90 партрэтаў прадстаўнiкоў роду Радзiвiлаў.

– I ёсць хоць бы нейкiя шанцы вярнуць iх назаўсёды?

– Шанцы заўсёды ёсць, няхай i тэарэтычныя. Тут павiнна весцiся мэтанакiраваная, упартая i, што самае галоўнае, квалiфiкаваная работа, у якой першую скрыпку iгралi б вопытныя адукаваныя юрысты-мiжнароднiкi. Iм трэба будзе пераканаць польскi бок у тым, што калекцыю Радзiвiлаў аддавала iншая дзяржава – СССР, а не сённяшняя Рэспублiка Беларусь, незалежная i суверэнная краiна.

– Апошнiм часам у Расii практыкуецца даволi цiкавая форма вяртання каштоўнасцяў. Алiгархi, багатыя людзi за ўласныя грошы выкупляюць на сусветна вядомых аўкцыёнах шэдэўры мастацтва, iншыя знакамiтыя рэчы расiйскага паходжання i прывозяць на радзiму. Такiм чынам, напрыклад, вярнулiся ў Расiю славутыя яйкi Фабержэ дзякуючы сродкам алiгарха Вексельберга. У нас магчымы такi падыход?

– Чаму б i не. Праўда, у нас i блiзка няма такiх багацеяў i такой колькасцi доларавых мiльянераў, як у Расii. Але ў нас ёсць прадпрыемствы i прыватныя фiрмы, фiнансавае становiшча якiх дазваляе ўтрымлiваць футбольныя i хакейныя каманды. А гэта дарагое задавальненне. Чаму б гэтым прадпрымальнiкам частку грошай, магчыма ў складчыну, не накiроўваць на высакародныя мэты вяртання нацыянальных каштоўнасцяў? Iх iмёны нашчадкi б успамiналi з удзячнасцю. Да прыкладу, чаму б не выкупiць з уласнасцi расiйскай фiрмы каштоўны пояс вялiкага князя лiтоўскага Вiтаўта (шэдэўр XIV–XV стст.), якi пакуль яшчэ не вывезены з Беларусi.

Безумоўна, цiкавы для нас расiйскi вопыт набыцця за мяжой за дзяржаўныя сродкi страчаных у вiхуры рэвалюцыi i грамадзянскай вайны рарытэтаў. Скажам, рукапiс славутага лiтаратара. Думаю, i нашай дзяржаве ў бюджэце трэба мець на ўвазе пэўную суму для падобных мэтаў. Ёсць рэчы, якiя абавязкова павiнны быць вернуты на радзiму, бо яны частка культурнай спадчыны нашага народа.

Варты пераймання вопыт расiян па вяртанню на родную зямлю астанкаў сваiх слынных суайчыннiкаў, якiя пакiнулi значны след у гiсторыi краiны i якiя павiнны пакоiцца на радзiме. Мы пакуль толькi пачынаем асэнсоўваць неабходнасць гэтай важнай справы. Нядаўна з Польшчы перавезлi i пахавалi ў мiнскiм Чырвоным касцёле астанкi слыннага прадстаўнiка Беларусi Э. Вайнiловiча, аднаго з самых адукаваных людзей свайго часу. Дарэчы, гэты касцёл, якi з’яўляецца адной з архiтэктурных выдатнасцяў беларускай сталiцы, быў пабудаваны пры актыўнейшым удзеле i на сродкi Вайнiловiча.

– Наколькi мне вядома, Беларускi фонд культуры апошнiм часам займаецца славутымi iмёнамi Бацькаўшчыны. Што ўжо зроблена?

– Выдадзены два тамы. Гэта праца, лiчу, таксама ў рэчышчы вяртання нацыянальных каштоўнасцяў. Калi матэрыяльныя рэчы бывае вельмi цяжка вярнуць, то нагадаць iмёны нярэдка незаслужана забытыя i замоўчваемыя раней па iдэалагiчных прычынах, нам па сiлах. I тут вельмi цiкавае i ўдзячнае поле дзейнасцi. Цяжка паверыць, што да нядаўняга часу мала хто ведаў пра нашага слыннага земляка Напалеона Орду. У савецкiя часы Мiцкевiча лiчылi толькi польскiм паэтам, а Манюшку – толькi польскiм кампазiтарам.

Гутарыў Леанiд ЛАХМАНЕНКА, «Звязда»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0