Позна ўвечары ў тралейбус, які ехаў па вуліцы Крупскай, стрэлілі з пнеўматычнай зброі. Куля пашкодзіла шкло, але ўсе пасажыры засталіся цэлыя.

У мінулы аўторак тралейбус № 2 вёз пасажыраў праз мікрараён Саломінка – звычайны спальны раён. Людзей вакол было няшмат, ды і пасажыраў аб 11-й вечара было небагата. Можа, таму ніхто, дзякуй Богу, і не пацярпеў.

Як высветліла міліцыя, стрэлілі з гаўбца шматпавярховага дома. Віноўнік здарэння ў выніку расследвання знойдзены – гэта 27-гадовы мужчына. Паводле афіцыйных звестак, ён дзейнічаў з хуліганскіх намераў.

Ёсць неафіцыйная інфармацыя, што пнеўматычны пісталет прывез з сабой грамадзянін Расіі, і нібыта сям'я адзначала прыезд сваяка. Але па тралейбусу страляў не расіянін, а малады беларус, які, відаць, вырашыў такім дзікім метадам "апрабаваць" зброю. Прычым, пры разбіральніцтве сведкі спачатку ўказвалі на іншага чалавека, але пільны следчы заўважыў, што паказанні не супадаюць, і ўрэшце сапраўдны віноўнік сам прызнаўся.

У звяз са здарэннем распачата крымінальная справа. Магіляўчанін абвінавачваецца ў хуліганстве, і калі яго віна будзе даказана, то яму пагражае максімальная мера пакарання ў два гады пазбаўлення волі.

Гэта не першы ў Магілёўскай вобласці выпадак хуліганстваў з выкарыстаннем пнеўматычнай зброі.

Сяргей Гутарэвіч, Прыдняпроўе, bulletinonline.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0