Міністэрства аховы здароўя не пацвярджае і не абвяргае інфармацыю аб лабараторным пацвярджэнні заражэння вірусам грыпу A/H1N1 (свіны грып) траіх мінчан, якія вярнуліся 22 жніўня з Кіпра.

Адзін з захварэлых паведаміў газеце «Комсомольская правда» в Белоруссии», што ў яго, яго жонкі і сябра захворванне на свіны грып пацвердзілі ў мінскай бальніцы, куды яны самастойна накіраваліся з‑за дрэннага самаадчування проста з аэрапорта пасля прылёту з Кіпра.

Прэс‑сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна заявіла БелаПАН, што не можа «ні пацвердзіць, ні абвергнуць» дадзеную інфармацыю.

Пры гэтым яна абвінаваціла журналістаў у «стварэнні масавага псіхозу» вакол гэтага захворвання. «У нас штотыдзень колькі чалавек у рэспубліцы звяртаюцца па медыцынскую дапамогу з вострымі рэспіраторнымі захворваннямі? Некалькі тысяч.

Мы ж не даем штодзённую інфармацыю аб тым, колькі ў нас у рэспубліцы інфарктаў здарылася. Навошта вы ўзнімаеце ажыятаж вакол гэтага свінога грыпу? Гэта такі ж грып, як і любы іншы сезонны грып, нават пераносіцца лягчэй, лятальнасць ад яго меншая, чым ад звычайнага сезоннага грыпу», — сказала Шульпіна.

Нагадаем, на сённяшні дзень афіцыйна ў Беларусі пацверджаны шэсць выпадкаў заражэння вірусам грыпу A/H1N1 — гэта грамадзянін Кітая, які ўжо выпісаны з бальніцы, і пяцёра дзяцей з Асіповіцкага раёна, якія вярнуліся пасля аздараўлення з Вялікабрытаніі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?