У мінскім пяцізоркавым гатэлі «Crowne Plaza» прайшла канферэнцыя «Беларусь — Расія: ракіроўка ці перазагрузка?», у якой прымалі ўдзел апазіцыйныя палітыкі з абедзвюх краін.

Сапраўдным «цвіком» канферэнцыі стаў Барыс Нямцоў, якія не скупіўся на выразы як цэнзурныя, так і не вельмі. «Больш за Лукашэнку Расію не падманвае ніхто!» — заявіў палітык, але пры гэтым пахваліў беларускага лідэра за наяўнасць стратэгіі: «Стратэгія такая: Расія — сыравінны прыдатак, і трэба выкачаць з Расіі як мага больш грошай, але пры гэтым праводзіць самастойную палітыку.»

Цяперашні стан беларускай апазіцыі расійскі палітык ацаніў з двух бакоў: з аднаго — апазіцыі зараз лягчэй, бо зменшыліся рэпрэсіі, а з іншага — Лукашэнка перахапіў апазіцыйныя лозунгі, кшталту «Беларусь у Еўропу», забраўшы козыры ў апазіцыянераў.

Нямцоў лічыць, што ў Беларусі значна больш шанцаў перамагчы, чым у Расіі, але паабяцаў дапамагчы беларусам, калі дэмакратыя ў Расіі пераможа раней.

Расійскія палітыкі ўвесь час спрабавалі адказаць на пытанне: навошта Расіі патрэбна Беларусь? Адказы гучалі прыкладна аднолькава: Беларусь — галоўны і адзіны саюзнік. Як адзначыў палітолаг Андрэй Фёдараў: «Беларусь прынцыпова важная для Расіі». Прычын некалькі: без Беларусі немагчымыя канцэпцыя супрацьстаяння НАТО, зона свабоднага гандлю, паляпшэнне расійска‑украінскіх стасункаў. «Нам наканавана шукаць кампраміс», — зазначыў Фёдараў. — Лукашэнка разумее болевыя кропкі Расіі і выкарыстоўвае іх».

У адрозненне ад Барыса Нямцова, які лічыць, што Лукашэнку ў Еўрапейскі саюз не пусцяць, Андрэй Фёдараў мяркуе, што кіраўнік Беларусі можа быць прыняты Захадам. Для Лукашэнкі Захад больш надзейны за Расію. У бліжэйшыя гады ў Расіі будуць вельмі вялікія выдаткі, таму Беларусь не зможа атрымаць ад яе грошы, а Захад грошы дасць. «Прынцып «грошы ў абмен на дэмакратыю» дзейнічае ў многіх краінах» — адзначыў палітык. Адносіны абедзвюх краін на дадзены момант ён акрэсліў фразай: «Абодва бакі непрадказальныя».

Прадстаўнік руху «Салідарнасць» Уладзімір Мілоў быў больш жорсткі ў ацэнках беларуска‑расійскіх адносінаў: «У цяперашняй сітуацыі няма магчымасці для добрасуседскіх адносінаў. З расійскага боку рэжым носіць імперыялістычны характар, з беларускага — абарончы. Канфлікты з’яўляюцца вынікам супрацьстаяння двух рэжымаў».

Паводле ягоных прагнозаў, у бліжэйшы час залежнасць Расіі ад Беларусі будзе моцна зніжацца: «Нафтаправод БТС‑2 можна нефармальна назваць «Абыход Беларусі». «Дружбу» будуць закрываць. Калі вы ўсур’ёз думаеце пра пабудову адносінаў, трэба змяняць палітычныя рэжымы ў нашых краінах на дэмакратычныя».

І беларускія, і расійскія палітыкі сышліся ў тым, што пры цяперашніх кіраўніках сапраўдная перазагрузка адносінаў немагчымая. Узаемазалежнасць і ўзаеманеабходнасць двух краін відавочная, але пакуль іх раздзяляюць бясконцыя непаразуменні і канфлікты.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?