Раман беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ўлады прызналі «экстрэмісцкім». Пра гэта сам пісьменнік, які жыве за мяжой, даведаўся з публікацыі ў дзяржаўнай газеце і паказаў яе фрагмент публікацыі ў Фэйсбуку.

Артыкул у газеце, падначаленай адміністрацыі Лукашэнкі, прысвечаны ператрусу ў новай мінскай кнігарні «Кнігаўка» на вуліцы Змітрака Бядулі, 6, куды напярэдадні прыйшлі прапагандысты Азаронак, Гладкая і Яскевіч. Яны задавалі ўладальніку Андрэю Янушкевічу правакацыйныя і здзеклівыя пытанні. Затым сілавікі затрымалі самога Янушкевіча і супрацоўніцу кнігарні Насту Карнацкую.

Пазней стала вядома, што Янушкевічу прысудзілі 10 сутак арышту. Акрамя таго, яны канфіскавалі ў яго 200 кніг, па 15 выданнях будзе «праведзена экспертыза».

Як адзначыла «СБ» у сваёй публікацыі, першы наклад «Сабак Эўропы», надрукаваны на замову выдавецтва «Янушкевіч» у Літве, арыштавалі беларускія службы на мяжы. Пазней раман прызналі «экстрэмісцкім матэрыялам». У ім дзяржаўная экспертыза нібыта знайшла «распальванне сацыяльнай, палітычнай і ідэалагічнай варажнечы», а таксама «заклікі да масавых беспарадкаў дзеля незаконнага захопу ўлады».

«Сабакі Эўропы» — раман Альгерда Бахарэвіча, выдадзены ў 2017 годзе ў выдавецтве «Логвінаў». Раман складаецца з шасці вялікіх гісторый, сплеценых у адну. У 2018 годзе кніга заняла 2 месца Прэміі Гедройца, што паслужыла прычынай заснавання альтэрнатыўнай Чытацкай прэміі для рамана «Сабакі Эўропы». Паводле рамана «Свабодны тэатр» стварыў спектакль, у сакавіку 2022-га ў Лондане адбылася яго сусветная прэм'ера, нагадвае «Радыё Свабода».

У кнігарню «Кнігаўка» прыйшлі з ператрусам

Выдаўцу Андрэю Янушкевічу далі 10 сутак

Клас
1
Панылы сорам
12
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
17