Упершыню за 50 гадоў у Японіі адбылася глыбінная змена ўлады.
Дэмакратычная партыя Японіі (ДП) сфармуе новы ўрад краіны. Ліберальна-дэмакратычная партыя (ЛДП), якая трымала стырно 50 гадоў, з трэскам прайграла чарговыя выбары. Дэмакраты атрымалі 308 месцаў з 480 у ніжняй палаце парламенту. У папярэднім скліканні ў іх было толькі 115.
Дэмакратычная партыя стаіць на ліберальных, лявейшых пазіцыях. Ліберал-дэмакраты — у большай ступені кансерватары. Праўда, у Японіі ідэалагічныя падзелы маюць спецыфічны характар.
Новым прэм’ерам Японіі стане Юкіё Хатаяма. Яго называюць японскім Абамам.
Перамена для краіны вялізная: усе апошнія 50 гадоў кіравала ЛДП — партыя, што цесна зраслася з буйным бізнэсам і мясцовымі кланамі. Толькі на 11 месяцаў у сярэдзіне 90-х яе была адсунула ад улады пярэстая кааліцыя дробных партый і раскольнікаў з самой ЛДП. Аднак той урад доўга не пратрымаўся.
ДП мае намер узмацніць сацыяльную падтрымку людзей. Іншы вялікі праект ДП — падтрымка мацярынства і дзяцей. Нацыя імкліва старэе. Эксперты сумняюцца ў здольнасці партыі рэалізаваць свае перадвыбарныя абяцанкі. Вось ужо 15 гадоў Японія перажывае эканамічную стагнацыю. За год-два Кітай па аб’ёме свайго ВУП абгоніць Краіну ўзыходнага сонца і зойме другое месца ў спісе самых магутных эканомік.