Загрузка вагонаў калійнымі ўгнаеннямі. Фота: «Беларуськалій»

Загрузка вагонаў калійнымі ўгнаеннямі. Фота: «Беларуськалій»

«Інфармацыя, што такія ідэі існуюць, з’явілася недзе тыдні з два таму, — кажа Валер Кавалеўскі. — У Літве выказваліся такія думкі, прадстаўнікі некаторых іншых краін Захаду згадвалі пра гэта, цяпер Wall Street Journal піша пра генсака ААН Гутэрыша. Гэта яшчэ не сведчыць непасрэдна пра магчымасць такога пагаднення, але насцярожвае». 

Беларускія апазіцыя настойвала на пастаянным павялічэнні ціску на рэжым, у тым ліку эканамічнага, у тым ліку — санкцыях супраць «Беларуськалія» і «Беларускай калійнай кампаніі». Гэтыя прадпрыемствы — адна з самых значных крыніц валютных паступленняў у Беларусь, і пры гэтым іх кіраўніцтва прызначае асабіста Аляксандр Лукашэнка. 

«Беларуская дзяржава выкарыстоўвае прыбыткі ад калію, каб узмацняць свой рэжым, рэпрэсіі, падаўляць волю беларусаў», — мяркуе Кавалеўскі. У яго разуменні, прыпыненне санкцый супраць калію дасць рэжыму Лукашэнкі перадышку і будзе толькі адцягваць перамены ў Беларусі. 

«Мы ведаем, наколькі небяспечныя такія сітуацыі, калі ствараецца адна сфера, у якой Захад пачынае ўзаемадзейнічаць з рэжымам, а пасля гэта паціху пачынае пашырацца на іншыя сферы. Лукашэнка імкнецца да ўласнай легітымізацыі і будзе імкнуцца скарыстацца гэтай прапановай менавіта ў такіх мэтах.

«Такое адчуванне, што з пункту гледжання ААН крызіс у Беларусі выглядае другасным адносна крызісаў у іншых месцах планеты. Для нас такая здзелка выглядае небяспечнай, — падкрэслівае палітык. — Таксама звярну ўвагу, што і ААН, і сям’я ўстаноў ААН, і асабіста Гутэрыш збольшага бяздзейнічалі адносна крызісу ў Беларусі,

займалі пазіцыю назірання і вычэквання. Гэта не тычыцца хіба што толькі Рады па правах чалавека, якая выказвалася моцна і гучна, але гэта пакуль не паўплывала на сам беларускі крызіс, таму беларусы больш спадзяваліся на дапамогу нацыянальных урадаў, ЕС, ЗША». 

На думку Кавалеўскага, ААН разлічвае «вырашыць крызісы ў іншых краінах за кошт крызісу ў Беларусі. Такі размен падаецца нам няправільным. Сёння няма ніякіх унутрыпалітычных падстаў, каб паслабляць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі». 

Але ці гэта не той выпадак, калі беларусам трэба ахвяраваць сваімі нацыянальнымі інтарэсамі дзеля глабальнага інтарэсу ўсяго чалавецтва, бо голад можа спарадзіць больш ахвяр, чым беларускі палітычны крызіс? 

«Сёння тысячы беларусаў у турмах, дзясяткі забітых, сотні тысяч зламаных лёсаў. Таму я скажу так: ініцыятары гэтай ідэі мусяць адшукаць іншае вырашэнне гэтай праблемы, — упэўнены Кавалеўскі. — Ëсць стратэгічныя рэзервы, у тым ліку і збожжа, у заможных краінах, якія могуць быць накіраваныя ў краіны Афрыкі, каб задаволіць патрэбы людзей. Можна павялічваць вытворчасць угнаенняў у Канадзе і іншых краінах і рэгуляваць цэны на іх для легальных паставак на сусветныя рынкі». 

На думку Кавалеўскага, самы правільны выхад быў бы ў больш актыўнай дапамозе Украіне. Трэба «дэмілітарызаваць Чорнае мора, каб расчысціць яго ад флоту Расіі і адкрыць маршруты для паставак украінскага збожжа», — прапануе Кавалеўскі.

«Беларусы ўсімі спосабамі робяць свой унёсак, каб дапамагчы украінцам перамагчы ў вайне, каб пастаўкі ўкраінскага збожжа на сусветныя рынкі былі адноўленыя, што не дапусціць голаду ў краінах Афрыкі», — кажа ён.

Валер Кавалеўскі працаваў у МЗС Беларусі, быў рэпрэсаваны ў 2011 годзе за дапамогу апазіцыйнаму кандыдату. Пасля ён працаваў у Сусветным банку, а ў 2020-м далучыўся да кола Святланы Ціханоўскай

Валер Кавалеўскі працаваў у МЗС Беларусі, быў рэпрэсаваны ў 2011 годзе за дапамогу апазіцыйнаму кандыдату. Пасля ён працаваў у Сусветным банку, а ў 2020-м далучыўся да кола Святланы Ціханоўскай

«Уол-стрыт джорнал» адзначае, што беларускага шляху, аднак, недастаткова для перавозкі тых вялізных аб'ёмаў збожжа, што экспартуе Украіна, якая апошнія гады збірае вялізныя ўраджаі. Уявіце сабе, што Украіна ў 2021 годзе сабрала каля 107 мільёнаў тон збожжа проці прыкладна 7 млн тон, якія сабрала Беларусь.

Па чыгунцы можна будзе перавезці толькі 10% даваенных экспартных аб'ёмаў паставак з Украіны, прыводзіць выданне думку Сары Менкер, кіраўніка аддзела сельскагаспадарчай аналітыкі кампаніі Gro Intelligence. «Гэтага недастаткова», — сказала яна на спрэчках у Радзе бяспекі, куды яе запрасілі ў якасці эксперта.

Прадстаўнікі ААН лічаць, што вяртанне беларускага і расійскага калію на рынак важнае для захавання ўраджайнасці ў розных краінах планеты. 

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гут'ерэш і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на пасяджэнні Рады бяспекі ААН 19 мая. Фота JOHN MINCHILLO/ASSOCIATED PRESS

Генеральны сакратар ААН Антоніу Гут'ерэш і дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен на пасяджэнні Рады бяспекі ААН 19 мая. Фота JOHN MINCHILLO/ASSOCIATED PRESS

Ніякіх падстаў для таго, каб змякчаць ціск на беларускі рэжым, Кавалеўскі не бачыць. «Наадварот, рэпрэсіі працягваюцца, і ёсць падставы для таго, каб працягваць нарошчваць ціск. І «Беларуськалій» мусіць таксама заставацца пад санкцыямі», — кажа Кавалеўскі.

Як Кавалеўскі ацэніць імавернасць рэалізацыі гэтага плана і зняцця санкцый з беларускага калію? 

«Гэта прадмет для нашай працы, таму разам з нашымі партнёрамі, сябрамі Беларусі, якія паслядоўна падтрымліваюць імкненне беларусаў да дэмакратыі, будзем вывучаць варыянты, глядзець, што можна зрабіць. Мы будзем настойваць, каб Захад выкарыстоўваў іншыя інструменты, а будучыня Беларусі не станавілася на паўзу. Мы настойваем — санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі мусіць толькі павялічвацца». 

Клас
64
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
12