2 верасня Мікалай Чаргінец правёў прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра задачы і мэты Грамадскае рады па маральнасці, якую генерал і ўзначальвае.
Сенатар пачаў з дэмаграфічнай праблемы, п’янства, праблемы сям’і і дзяцей. Прывёў прыклад «бяздушнага стаўлення» чыноўнікаў.
— На адным паседжанні чыноўнікі дакладалі, што яны ўсё робяць для таго, каб змагацца з няплатнікамі за святло, за ваду, за цяпло. І ў адной кватэры застаўся хлопчык 11 гадоў, яго малодшыя сямігадовая сястрычка і чатырохгадовы брацік. Маці-адзіночка чатыры месяцы таму сышла з дома. Старэйшы хлопчык выхоўвае брата і сястру. А чыноўнік дакладае, што яны адключылі ў гэтай сям’і газ і цяпло. Гэта была зіма. Ці не абавязак нашага грамадства вырашаць гэтыя пытанні?
Мікалай Чаргінец скардзіўся на ўсіх, хто перашкаджае ці не ўмее працаваць. Не ўзгадаў ён хіба толькі апазіцыю. А недзяржаўную прэсу амаль пахваліў.
— Калі мы правялі першае паседжанне Грамадскае рады па маральнасці, ніводная дзяржаўная газета не сказала пра нас. Прагучала інфармацыя ў недзяржаўных СМІ. І дастаткова лаяльна. Я не магу сказаць, што яны нас высмейвалі.
Генерал патлумачыў, чаму дзяржаўная прэса нічога не напісала.
— Я ведаю чаму. Бо спадар Рубінаў (Анатоль Рубінаў, віцэ-спікер савета рэспублікі, а раней намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта па ідэалогіі — аўт.) выступіў супраць царквы. Напэўна помніце яго артыкул у «Савецкай Беларусіі». І парэкамендаваў некаторым «работнічкам» дзяржаўных СМІ ігнараваць і Чаргінца, і вось такія мерапрыемствы. Недалёкі гэты акадэмік аказаўся, які не разумее, што такое чалавечая прыстойнасць, асабліва чыноўніка, і які не разумее важнасці пытанняў, якія трэба вырашаць у краіне.
Чаргінец абверг інфармацыю, што Рада мае на мэце ўвесці цэнзуру. Усе праблемы ён хоча вырашаць не супраць сродкаў масавай інфармацыі, а разам з імі. Звярнуў сенатар і ўвагу на працу інтэрнэту.
— Мы павінны калі не кантраляваць, то навучыцца адсочваць інтэрнэт. Два тыдні таму я натыкнуўся ў сеціве на прапанову аб продажы відэакадраў з гвалтаваннем дзяцей. Гэта прапанова не з нашай краіны. І што, гэта цярпець? Гэта ж глядзяць нашыя дзеці. Інтэрнэт жа не забароніш глядзець. Наадварот, ён развівае іх. З інтэрнэтам трэба сябраваць.
Для павышэння маральнасці старшыня Рады прапанаваў увесці ў школах прадмет «Асновы духоўнай культуры». Расказаў Мікалай Чаргінец і пра фальсіфікацыю гісторыі на дзяржаўным тэлебачанні.
— Тэлеканал «Лад» аднойчы, калі помніце, распавёў пра тое, як падчас акупацыі Мінска тут насельніцтву жылося вельмі добра. У мяне тады пытанне да аўтараў фільма: «Чаму гэта немцы павесілі, закатавалі, атруцілі ў душагубках 90% насельніцтва?». А я сам жыў і бачыў Камароўку, абвешаную на кожным слупе людзьмі-«ўпрыгожваннямі». І раптам я чую, што ў нас школы працавалі, вопратка добрая была, кармілі добра.
На прапанову Рады паспрыяць у з’яўленні прэзідэнта на публіцы разам з сям’ёй, генерал адказаў:
— Складаная справа – сям’я. І нам лезці з рыдлёўкай ці кіркай у душу чалавека і патрабаваць: «раскажы, мне цікава, як ты там…» не варта. Для краіны і для народа важна, каб быў лідэр, які б рашаў іх інтарэсы. Трэба ж разумець, што нам патрэбна. Бо і ў палітыцы робяцца рэчы, якія трэба рабіць у інтарэсах мільёнаў людзей, у інтарэсах краіны. Не патрабуйце нават ад прэзідэнта такіх рэчаў, якія далёкія ад нашага разумення. Што, нам лягчэй стала, каб ён раскрыў сакрэт чыста інтымнага, сямейнага парадку? І жонка яго не гаворыць. Здавалася б, калі яна пакрыўджаная, магла б сказаць, былая яго. Так што давайце не будзем у гэта ўмешвацца. Хай Лукашэнка добра кіруе нашай краінай.
Выказаўся ён і пра кабак, пабудаваны на былых Старажоўскіх могілак у Мінску.
— Што тычыцца Старажоўкі, я помню, як мяне бессаромна падмануў Паўлаў (Міхаіл Паўлаў, экс-мэр Мінска — аўт.), калі я гэтае пытанне паставіў. Ён сказаў: «Ды кінь ты. Нічога там не будзе. Усё прывядзём у парадак, уладкуем». Вы кажаце пра кабак. А дамы там, прыгожыя. Калі я гляджу на іх, у мяне ў вачах тырчаць косці людзей. Гэта бязладдзе.
* * *
Грамадская рада па маральнасці была створаная сёлета ў ліпені на прапанову Беларускай праваслаўнай царквы і Саюза пісьменнікаў Беларусі. Узначаліў яго Мікалай Чаргінец. У савет увайшлі прадстаўнікі вялікіх канфесій, якія дзейнічаюць у Беларусі. У яго шэрагах мітрапаліт Філарэт, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кампазітар Ігар Лучанок і іншыя.