Днямі ў сталіцы Лівіі Трыпалі быў шпіталізаваны смяротна хворы Аль-Меграхі, які адбываў пажыццёвае пакаранне ў Шатландыі па абвінавачанні ў тэрарызыме. Пасля вызвалення з шатландскай турмы яго сустракалі на радзіме як героя, з дзяржаўнымі пашанотамі. На Захадзе акт гуманізма ў дачыненні да злачынцы, на сумленні якога 270 загубленых жыццяў, успрыняты, мякка кажучы, неадназначна. Піша Віталь Тарас.

Справа Локербі жыве

15 снежня 1988 года ў небе над Шатландыяй выбухнуў «Боінг-747» кампаніі Pan Am, які выконваў рэйс з Лондана ў Нью-Йорк. Загінулі 259 пасажыраў і членаў экіпажа, а таксама 11 жыхароў мястэчка Локербі, на які ўпалі абломкі авіялайнера. Пад ціскам санкцый ААН супраць Лівіі, яе лідэр Кадафі ў 1999-м пагадзіўся выдаць двух падазраваных у тэракце. Іх арыштавалі ў галандскім Утрэхце і судзілі там паводле шатландскіх законаў. Адзін з падсудных быў прызнаны невінаватым, другі – супрацоўнік лівійскіх спецслужбаў, менэджэр лівійскай авіякампаніі Абдэльбасэт Алі Аль-Меграхі – атрымаў пажыццёвае зняволенне. Ён адбываў яго ў шатландскай турме Грын.

У Аль-Меграхі выявілі рак прастаты на апошняй стадыі захорвання. Міністр юстыцыі Шатландыі МакКаскі прыняў рашэнне вызваліць яго з турмы «з гуманных меркаванняў». Некаторыя брытанскія газеты ўбачылі за гэтай праявай гуманізму прагматычную здзелку – вызваленне вязня ў абмен на выгадны кантракт на пастаўкі лівійскай нафты ў Велікабрытанію. Брытанскі ўрад гэтыя абвінавачанні катэгарычна абвяргае. Хаця прэмьер-міністр Браўн прызнаў, што пры яго сустрэчы з Кадафі пытанне вызвалення Аль-Меграхі сапраўды закраналася.

Шатландыя, дарэчы, хоць і ўваходзіць у склад Аб’яднанага Каралеўства і Брытанскай садружнасці, з’яўляецца аўтаномнай манархіяй, мае свой парламент, і яе ўрад непасрэдна не падпарадкоўваецца Лондану. Само дапушчэнне, што Эдынбург «прагнуўся» перад Англіяй, шатландцаў абурае.

Але найбольш абураны, безумоўна, сваякі загіблых у Локербі.

Імя яму – Муамар Кадафі

Міжволі ўзнікае параўнанне. Чаму амаль дзевяностагадовага Івана Дзем’янюка прымусова даставілі з ЗША ў Германію, дзе будуць судзіць за злачынствы ў нацысцкім лагеры смерці, хоць стан здароўя падсуднага не надта добры, і ён можа памерці ў камеры яшчэ да вынясення прысуду?

Зразумела, лівійскаму тэрарысту далёка да нямецкіх нацыстаў паводле маштабу злачынстваў. Але адказ трэба шукаць не ў асобе Аль-Меграхі ці яго гісторы хваробы, але зусім у іншым чалавеку. Яго імя – Муамар Кадафі.

Урачыстасці 1 верасня ў Трыпалі з нагоды 40-годдзя Лівійскай рэвалюцыі (насамрэч, захопу ўлады пакоўнікам Кадафі) лідэры вядучых краін Захаду, а таксама Расеі праігнаравалі. Выключэне – прэмьер-міністр Італіі Берлусконі. І справа, вядома, не толькі ў тым, што ў гэты дзень адзначалася больш важная дата – 70-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны. Кадафі, дарэчы, не аднойчы выказваў захапленне гітлераўскім рэйхам. Але тая вайна – ўжо гісторыя. А з Кадафі даводзіцца мець дачыненні сёння.

Дарэчы, ён назваў вызваленне Аль-Меграхі галоўным сваім дасягненнем за ўсе сорак гадоў свайго кіравання.

Гандаль тут да месца?

У 2003 годзе падавалася, што ў справе Локербі пастаўлена кропка. ЗША, Брытанія і Лівія прыйшлі да пагаднення аб кампенсацыі ахвярам тэракту. У Банку міжнародных разлікаў у швейцарскім Базелі быў адкрыты рахунак на суму 2,7 мільярда даляраў – па 10 мільёнаў за кожнага з 270 загінулых. Лівія прызнала адказнасць сваіх афіцыйных прадстаўнікоў за тэракт. Пасля чаго ААН зняла эмбарга на продаж ёй зброі і нафтавага абсталявання.

Кадафі ў гульні з Захадам трымаў у рукаве козыр. У 1999-м годзе ў Лівіі арыштавалі пяць балгарскіх медсёстраў і палестынскага лекара. Іх абвінавацілі ў тым, што яны, нібыта, наўмысна заразілі віч-інфекцыяй некалькі соцень лівійцаў. Медсёстрам, якія правялі ў лівійскай турме каля васьмі гадоў, некалькі разоў рэальна пагражала смяротнае пакаранне. 26 ліпеня 2007 яны былі вызвалены і дастаўлены ў Балгарыю (іх асабіста суправаджала, дарэчы, тагачасная жонка французскага прэзідэнта Сэсіль Сарказі). А на рахунак так званага Фонда Бенгазі ў Лівіі з краін Еўразвяза былі пераведзены 484 мільёны даляраў – па адным за кожнага памерлага ад СНІДу…

Не купляйце шатландскае…

Не ўсё, зразумела, вымяраецца грашыма. Дыктатары вельмі цэняць гонар і пашану, асабліва за мяжой. Пасля таго, як Муамар Кадафі быў афіцыйна выкрэслены са спісу тэрарыстаў ды іх памагатых, лідэр Лівійскай рэвалюцыі наведаў нямала еўрапейскіх сталіц. Яго шыкоўны намёт і асабістых вярблюдаў бачылі ў Брусэлі, Мадрыдзе, Парыжы, Рыме, а таксама ў Маскве. Бачылі яго і пад Мінскам, каля Заслаўя.

У кіраўніка Беларусі, дарэчы, ёсць свае ўяўленні пра гуманізм і міласэрнасць. Сёлета Аляксандр Лукашэнка, напрыклад, памілаваў забойцаў, якія засеклі сякерай аднавяскоўца…

Вызваленне Аль-Меграхі выклікала пратэсты на Захадзе, найперш – у ЗША. Дзярждэп рэзка скрытыкаваў рашэнне шатландскага міністра. Дырэктар ФБР Мюлер назваў яго «здзекам з правасуддзя». З нагоды ўрачыстага прыёму Аль-Меграхі ў Трыпалі выказаў абурэнне прэмьер Велікабрытаніі. Брытанскі прынц Эндру, які некалькі разоў быў у Лівіі з дзелавымі візітамі, адмовіўся ехаць туды на ўрачыстасці. У сувязі з запланаваным удзелам Кадафі ў сесіі Генасамблеі ААН, у Амерыцы рыхтуюцца да акцый пратэсту. Пры гэтым, некаторыя амерыканскія палітыкі заклікаюць не ездзіць у Шатландыю ды байкатаваць шатландскія тавары, у тым ліку, віскі.

Але ж да байкоту дыктатарскага рэжыму наўрад ці дойдзе. Гэта падказвае досвед Еўропы ў дачыненнях з дыктатарамі за апошнія паўтара дзесяцігоддзя.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0