У мінскім выдавецтве «Кнігазбор» накладам 1 тыс. асобнікаў выйшаў зборнік выбраных твораў народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча — 48-мы том серыі «Беларускі кнігазбор». Па словах дырэктара выдавецтва Генадзя Вінярскага, у 600-старонкавае ілюстраванае выданне ўвайшлі найбольш значныя творы розных жанраў выбітнога беларускага паэта, літаратуразнаўцы, фалькларыста, перакладчыка і грамадскага дзеяча — вершы, паэмы «Заручыны» і «Лодачкі», раман у вершах «Родныя дзеці», аўтабіяграфічная аповесць «Перажыўшы вайну», эсэ пра славутых дзеячаў літаратуры і публіцыстыка. Сярод публіцыстычных твораў — найбольш вядомыя выступы Гілевіча ў абарону беларускай мовы, нацыянальнай гісторыі і культуры, у тым ліку 1990—1996 гадоў, калі ён узначальваў пастаянную камісію Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны.

Уступны артыкул да зборніка напісаў доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан.

Выданне паступіла у кнігарні краіны, прыблізная цана — 28 тыс. рублёў.

Сярод запланаваных да выдання у серыі — зборнікі твораў Генадзя Бураўкіна і Максіма Гарэцкага.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0