Бацька лівійскага народу спраектаваў самы бяспечны ў свеце аўтамабіль.

фота-AFP

фота-AFP

Вы, пэўна, чулі пра палкоўніка Муамара Кадафі, які 40 гадоў адзінаасобна кіруе Лівіяй? Дык вось, гэты кіраўнік у вольны ад працы час яшчэ паспявае думаць пра падушкі і рамяні бяспекі, пра краш-тэсты і да таго падобныя тэмы, цішком распрацоўваючы safety-сістэмы для легкавых аўтамабіляў. Прынамсі так цвердзіць старшыня Дзяржаўнай Лівійскай інвэстыцыйнай кампаніі Дугхалі Аль-Магхарэф, які надоечы ў стольным Трыпалі прэзентаваў шырокай публіцы аўто з гучнай назвай «Ракета Рэспублікі», назваўшы яго «самай бяспечнай машынай у свеце».

Паводле высокага чыноўніка сістэму бяспекі машыны распрацавалі дзякуючы ідэям кіраўніка лівійскай дзяржавы. «Наш правадыр прабавіў шмат свайго каштоўнага часу ў роздумах пра самыя эфэктыўныя рашэнні,— сказаў Аль-Магхарэф. - …Кадафі шмат думаў, як захаваць жыццё чалавека».

«Ракета Рэспублікі» мае форму гоначнага кацера, каштуе блізу 2 мільёнаў даляраў і паводле АР была пабудаваная за грошы таго ж Кадафі італьянскай фірмай «Тэска ТС».

Паводле Аль-Магхарэфа вытворцы далі такое правакатыўнае імя адно каб падкрэсліць той факт, што пакуль іншыя робяць ракеты для забойства, Лівія распрацавала «Ракету» для людскіх, міралюбных мэтаў.

Гэтымі днямі ў Лівіі з шыкам святкуецца 40-ая гадавіна прыходу Кадафі да ўлады і тамтэйшы ўрад намагаецца прадэманстраваць адкрытасць сваёй краіны да ўсяго свету. Яшчэ раней, у красавіку з Лівіі знялі ўсе санкцыі, пасля таго, як Кадафі перадаў Брытаніі двух падазраваных ў справе тэракта, у выніку якога над шатландскім горадам Локербі ў 1988 годзе разбіўся амерыканскі самалёт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?