Мінск задумаў новую камбінацыю ў гульні з Еўропай. 2 верасня на сустрэчы з кіраўніком Офіса АБСЕ Шмітам, які пакуе ўжо валізкі, кіраўнік прэзідэнцкай адміністрацыі Уладзімір Макей усумніўся, ці патрэбна гэтая місія ў Беларусі наогул. Эксперты робяць выснову: улады спрытна ствараюць новы прадмет для торгу з Захадам, і найперш з ЕС.

Датэрміновы ад’езд Шміта — перамога беларускай апазіцыі, мяркуе аглядальнік «Радыё Свабода» Віталь Цыганкоў. Праўда, тут жа дадае: перамога можа аказацца піравай.

Сапраўды, Ханс-Ёхан Шміт атрымаў ад тытульнай апазіцыі па поўнай праграме (уключна са скаргамі яго начальству ў Вену). Калі вынесці за дужкі некаторыя пікантныя моманты, то прэтэнзіі звяліся да таго, што спадар пасол глядзеў у рот уладам і ва ўпор не бачыў іх апанентаў. Вось за часамі Віка, маўляў, было зусім іначай!

Сапраўды, суайчыннік Шміта Ханс-Георг Вік, які за сваю доўгую кар’еру прайшоў агонь, ваду і медныя трубы (уключна з кіраўніцтвам германскай разведкай), так ударна папрацаваў над згуртаваннем тутэйшай апазіцыі, што стаў асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі. Апошні паабяцаў — даслоўна — выкінуць Віка з краіны пасля выбараў-2001. У выніку, узяўшы на змор Вену, назолу-пасла выціснулі.

Дарэчы, і першы кіраўнік місіі не стаў кумірам усёй тытульнай апазіцыі. Так, паводле Зянона Пазьняка і яго паплечнікаў з КХП-БНФ, «вікаўская апазіцыя» — несапраўдная, бутафорская.

Так ці іначай, фігуры наступных кіраўнікоў місіі АБСЕ у Мінску аказаліся непараўнальна мякчэйшыя. З аднаго боку, Вена дзьмула на ваду, падбіраючы не пасіянарыяў (годзе!), а функцыянераў, спрактыкаваных у тым, як абыходзіць вострыя вуглы. І ў гэтым сэнсе перыяд спадара Шміта для ўлад краіны знаходжання стаў ідылічным апафеозам.

Але, з іншага боку, рэч была не гэтулькі нават у персаналіях, колькі ў тым, што па выніках скандалу з Вікам Мінску пашэнціла спрытна абцяць мандат місіі. Была КНГ — Кансультатыўна-назіральная група, стаў Офіс. Змена шыльды таксама сімвалічная. Офіс — ён і ёсць офіс. Кантора, персанал якой ведае сваё месца.

Адметна, што за «з’едзенага» апазіцыяй Шміта дружна заступіліся дзяржаўныя СМІ, кіраўнік Цэнтрвыбаркама, дый спадар Макей таксама.

Тады пытанне: навошта ж беларускае начальства наважылася выжыць бяскрыўдны ў прынцыпе офіс? Наадварот, здавалася б, вельмі зручна, ладзячы час ад часу пад эгідай АБСЕ усякія там вольныя дыскусіі з калівам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, паказваць Еўропе: вось, мы гатовы быць вучнямі ў вашай школе дэмакратыі! А вы пачаткоўцаў ужо надта не торгайце…

«Па-першае, у Мінску ўсё ж не да канца ўпэўнены, што новы кіраўнік офіса будзе такім самым лаяльным, — кажа палітолаг Андрэй Фёдараў. — Па-другое, улада мяркуе, што місія АБСЕ усё адно спрыяе дэмакратычным зменам».

Сапраўды, так ці іначай «кантора піша»: маніторыць сітуацыю ды шле справаздачы ў Вену. Карацей, раздражняльнік. «Гэта даўняя мара афіцыйнага Мінска — прыбраць вочы і вушы Еўропы з краіны», — вобразна выказаўся мінскі аналітык Раман Якаўлеўскі.

Эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што місія АБСЕ у Мінску з'яўляецца для ўлад не гэтулькі палітычным, колькі псіхалагічным выклікам. «Калі ў краіне знаходзіцца палявая місія, гэта азначае, што тут дрэнна з дэмакратыяй і правамі чалавека», — кажа палітолаг. Логіку ўлад ён тлумачыць так. Прысутнасць місіі падтрымлівае імідж краіны, праблемнай у сэнсе еўрапейскіх стандартаў. Улады ж зараз усяляк імкнуцца гэты імідж перайначыць. Таму і хацелі б прычыніць офіс.

Дык што, місіі дадуць выспятка? Не факт.

Аналітыкі адзначаюць: Мінск навучыўся штучна навязваць прадмет для знешнепалітычнага торгу як Маскве, так і Захаду.

Напрыклад, на ўсходнім кірунку прыносіць свае дывідэнды гульня вакол Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання і ўвогуле вакол АДКБ. Дэмарш Лукашэнкі, які байкатаваў у чэрвені маскоўскі саміт «антыНАТО», даў перамогу (хай сабе і не безумоўную) у малочнай вайне. Масква такога нумару відавочна не чакала — і выпала ў асадак. Цяпер за згоду падпісаць пагадненне аб КСАР і ўзяць на сябе старшынства ў арганізацыі можна атрымаць ад Крамля нейкія пернікі.

У адносінах з ЕС схема — крыху утрыруем — дзейнічае так: спачатку выкідваем неўпадабаныя газеты з кіёскаў, саджаем кагосьці і г.д. Пасля, калі ўздымаецца вэрхал: свабода слова, вязні сумлення і ўсё такое — робім шырокі жэст: халера з вамі! Пару газет вяртаюць у саюздрук, кагосьці амністуюць — карацей, атрымай, Еўропа, трактар, распішыся за паравоз! Ацані нашы сямімільныя крокі на ніве лібералізацыі. Усе задаволеныя, усе смяюцца.

Паводле такой самай схемы можа разгарнуцца новы сюжэт вакол Офіса АБСЕ. Дзяніс Мельянцоў мяркуе, што і тут беларускія ўлады «імкнуцца пашырыць поле для палітычнага торгу».

Не выключана, што ў выніку Мінск злітуецца. Але, па-першае, яшчэ больш абрэжа мандат, а па-другое, захопіць псіхалагічную ініцыятыву. Еўропа, па ідэі, павінна быць дзіка ўдзячная (а як жа, не пазбавілася ў Мінску вачэй ды вушэй!) ды аўтаматам ставіць чарговы залік па дэмакратыі.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0