8 верасня 1514 года нашы продкі перамаглі ў Аршанскай бітве — адной з найбольшых у Еўропе баталіяў Сярэднявечча.
8 верасня 1514 года нашы продкі перамаглі ў Аршанскай бітве — адной з найбольшых у Еўропе баталіяў Сярэднявечча.
8 верасня 1992 года ў Мінску, на плошчы Незалежнасці, група беларускіх афіцэраў прыняла прысягу на вернасць Беларусі. Гэта быў, хутчэй, сімвалічны крок, аднак ён быў важны, каб падштурхнуць постсавецкія ўлады да актывізацыі тварэння Беларускага войска. На цырымоніі прысутнічаў франтавік і Народны пісьменнік Васіль Быкаў.
Дата 8 верасня сімвалізавала імкненне да свабоды і незалежнасці. Такой, да якой імкнуліся беларускія ваяры ў далёкім 1514 годзе, калі пад Оршай войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем праваслаўнага гетмана Канстанціна Астрожскага нанесла сакрушальнае паражэнне маскоўскім захопнікам.Прычым, колькасна войска ВКЛ саступала больш чым у два разы — 30 тысяч супраць 80‑ці.
Перамога пад Оршай была самай значнай у шматвекавым супрацьстаянні ВКЛ і Маскоўскага княства. Дзякуючы гэтаму, яна займала вельмі прыкметнае месца ў ваеннай гістарыяграфіі беларусаў. Сёння гэтая дата лічыцца Днём беларускай вайсковай славы.
Хапала ў нашай гісторыі і іншых бітваў, якія таксама сталі сімвалам змагання за Айчыну.
Няміга
У 1067 годзе тут адбылася бітва войска полацкага князя Усяслава Чарадзея з кіеўскімі атрадамі.
Сінія Воды
У 1362 годзе вялікі князь літоўскі Альгерд пры Сініх Водах (тэрыторыя Украіны, непадалёк ад горада Першамайск) нанёс паражэнне войскам трох татарскіх князёў. Гэта была першая вялікая параза татараў. Вынікам сталі велізарныя тэрытарыяльныя здабыткі — басейны Днястра, Паўднёвага Буга, Дняпра, Падольская, Пераяслаўская і Валынская землі.
Грунвальд
Адбылася бітва 15 ліпеня 1410 года каля вёскі Грунвальд (цяпер тэрыторыя Польшчы, 60 км ад Ольштына). Яна была вырашальным момантам Прускай вайны 1409—1411 гадоў паміж ВКЛ і Польшчай з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога. З боку саюзнікаў у бітве удзельнічала каля 40 тысяч ваяроў, з тэўтонскага боку — прыкладна 27 тысяч. Перамога пад Грунвальдам мела вялікае геапалітычнае значэнне. Тэўтонскі Ордэн быў знішчаны як уплывовая арганізацыя, а заходняя мяжа Польшчы і ВКЛ была спакойнай на працягу двухсот гадоў.
Шклоў
Бітва адбылася 12 жніўня 1654 года падчас чарговай вайны з Масквой. Войскам ВКЛ кіраваў гетман Януш Радзівіл, супрацьстаялі яму атрады пад кіраваннем Якава Чаркаскага і Аляксея Трубяцкога. Маскоўскае войска складалася з 20 тысяч ваяроў і пераўзыходзіла войска ВКЛ у 4 разы. Аднак, дзякуючы ўмелай тактыцы, перамога засталася за нашымі продкамі. У бітве загінула каля 3000 маскоўскіх ваяроў. Гэта была адна з самых бліскучых перамог малымі сіламі ў гісторыі беларускай зброі.
Расія шануе Аляксандра і Дзмітрыя
У Расіі самымі значнымі сярэднявечнымі бітвамі лічацца Неўская, а таксама бітва на Куліковым полі. Першая з іх адбылася 5 красавіка 1242 года паміж ноўгарадскім войскам пад кіраўніцтвам князя Аляксандра Яраславіча (ён у гонар перамогі стане Неўскім) і шведскімі рыцарамі Біргера Магнусана. Вынікам бітвы была перамога наўгародцаў. Антызаходняя гістарыяграфія малюе Аляксандра Яраславіча ці не самым вялікім героем расійскай гісторыі.
Пра Кулікоўскую бітву вядома больш. Адбылася яна 8 верасня 1380 года. Маскоўскае войска падначальвалася князю Дзмітрыю, які пасля перамогі стане Данскім. (Кулікова поле размяшчалася прыкладна паблі¬зу Дона.) Войскам Залатой Арды кіраваў хан Мамай. Прынята лічыць, што абодва бакі мелі па 30 тысяч ваяроў. Перамагло маскоўскае войска, аднак канчатковае вызваленне расійскіх зямель з‑пад ярма адбылося толькі цягам наступных ста гадоў.
Вялікае значэнне нашыя ўсходнія суседзі таксама надаюць Барадзінскай бітве. Ну і, вядома, ключавым бітвам Другой сусветнай вайны. Хаця Днём абаронцы Айчыны па‑ранейшаму лічыцца 23 лютага — дата абвяшчэння ўсеагульнай мабілізацыі ў Чырвоную Армію. Што цікава, мабілізацыя тады правалілася, і кіраўніцтва бальшавіцкай Расіі было вымушана пайсці на падпісанне Брэсцкага мірнага дагавору.
Украіна славіць Багдана
Ва Украіне таксама прынята лічыць 23 лютага афіцыйным Днём абаронцы Айчыны. Аднак усё большае значэнне ў ідэалогіі ўкраінскай дзяржавы набывае дзейнасць незалежніцкай Украінскай паўстанцкай арміі і, вядома ж, казакаў. Вызваленчыя войны перыяду 1648—1657 гадоў маюць для ўкраінцаў вялікае значэнне. Запарожская Сеч, якая ўзнікла ў іх выніку, лічыцца правобразам незалежнай украінскай дзяржавы.
Акрамя Расіі і Украіны, 23 лютага лічыцца Днём абаронцаў Айчыны таксама ў Беларусі і Прыднястроў’і, аднак у Беларусі гэтае «свята» не з’яўляецца выхадным днём.
Зрэшты, беларусам хапае ўласных герояў і знакавых падзей, каб мець уласны, а не імпартны Дзень вайсковай славы.
Каментары