Што здарылася

Гродзенцы Караліне Раманчук, якая знаходзілася ў гатэлі, у раёне васьмі гадзін вечара нечакана стала дрэнна. Дзяўчына страціла прытомнасць і перастала дыхаць. Пры гэтым у яе прамацваўся пульс. Неўзабаве цела з-за недахопу кіслароду пасінела, і Караліна памерла. Людзі, якія знаходзіліся побач, адразу ж выклікалі хуткую дапамогу, аднак, на іх думку, яна ехала вельмі доўга.

Дактары змогуць адказаць на гэтае пытанне ў панядзелак, калі правядуць ускрыццё. 

Чым вядомая Раманчук

13 лютага Караліне споўнілася 22 гады. Раманчук пачынала футбольны шлях у ДЮСШ СВК «Прагрэс-Верцялішкі» ў трэнера Міхаіла Харытанюка. У 2016-м у складзе зборнай Беларусі U-17 згуляла ва ўсіх трох матчах кваліфікацыі ЧЕ-2017. У наступным годзе Караліна на дарослым узроўні дэбютавала ў складзе «Нёмана», за які выступала да канца 2020-га. За гэты час абаронца двойчы выйгравала бронзу чэмпіянату Беларусі (2019, 2020 гады), правёўшы за гродзенак 60 матчаў жаночай лігі і забіўшы адзін мяч.

На пачатку 2021-га Раманчук падпісала кантракт з толькі створанай жаночай камандай «Віцебска». У дэбютным для сябе чэмпіянаце «Віцебск» фінішаваў сёмым з дзесяці. Раманчук стала лідаркай каманды па колькасці хвілін на полі.

У бягучым сезоне Караліна згуляла ва ўсіх васьмі матчах «Віцебска», стабільна з'яўляючыся з першых хвілін.

Так супала, што менавіта Караліну выявілі на клубнай афішы, анансуючы нядзельны матч супраць брэсцкага «Дынама».

Дырэктар загадаў гуляць на наступны дзень

Пасля смерці футбаліста ў каманд прынята не гуляць матчы, запланаваныя на найбліжэйшыя дні. Звычайна трэнеры даюць некалькі сутак падапечным на тое, каб ачуняць.

Аднак дырэктар «Віцебска» Мікалай Вайцюхоўскі нават не стаў пытацца пра меркаванне жаночай каманды і загадаў ехаць на нядзельную гульню супраць «Дынама». Дырэктар аргументаваў сваё рашэнне тым, што «каманда едзе не на вяселле», а значыць, не будзе весяліцца там, таму, маўляў, усё ў парадку.

Але ўсё ж канчатковае рашэнне па выездзе ў Брэст футбалісткі прымалі самі. Галоўны трэнер Антуан Маёраў не прымушаў падапечных ехаць на гульню, але папрасіў каманду калектыўна вызначыць — ці едуць усе, ці не едзе ніхто. Дзяўчаты, якія сабраліся на вакзале, вырашылі ўсё ж сесці ў цягнік і гуляць супраць «Дынама». Два іншыя нядзельныя матчы жаночай лігі таксама вырашылі не пераносіць.

Не першая смерць у «Віцебску»

Апошнія гады з футбольнага Віцебска з частатой, якая палохае, прыходзяць трагічныя весткі.

17 снежня 2018 года ў аўтакатастрофе пад Талачыном загінулі брамнік Андрэй Шчарбакоў, яго жонка і адно з двух дзяцей. Пасля расследавання сілавікі зрабілі выснову, што 27-гадовы футбаліст адцягнуў увагу падчас кіравання аўтамабілем, пры гэтым не парушаючы хуткасны рэжым, на спідометры было 113 км/г пры дазволеных 120 км/г.

11 красавіка 2020-га на 31-м годзе жыцця пасля працяглай хваробы памёр былы прэс-сакратар «Віцебска» Юрый Буракін. Ён быў вядомы тым, што быў звольнены пасля гнеўнага каментарыя на адрас кіраўніка АБФФ Уладзіміра Базанава.

У ноч з 5 на 6 чэрвеня 2021 года патануў 20-гадовы нападаючы «Віцебска» Кельвін Адэнігба. Нігерыец пайшоў купацца ў возеры. Калі Кельвін скокнуў з пірса і не выплыў, сябры забілі трывогу і пачалі яго шукаць. Ратавальнікі знайшлі цела Адэнігба раніцай 6 чэрвеня.

У лістападзе мінулага года Дзяніса Коўбу, які да пачатку 2021-га працаваў у трэнерскім штабе «Віцебска», шпіталізавалі ў маскоўскую інфекцыйную лякарню №2 з дыягназам COVID-19. Дактарам выратаваць 42-гадовага экс-гульца зборнай Беларусі не ўдалося.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру