Фота ілюстратыўнае. Крыніца: v-grebennikov.livejournal.com

Ёсць у рускай манархічнай ідэі такі персанаж — Іван Саланевіч. Дарэчы, беларус па паходжанні. Чалавек з вельмі няпростым і цікавым лёсам. Пра яго можна асобна шмат пісаць, але тут толькі пра адну рэч.

Саланевіч быў адным з найважнейшых ідэолагаў манархічнага руху ў ХХ стагоддзі. Ягоны праграмны твор «Народная Манархія», дзе ён вельмі пераканаўча даказваў перавагі манархічнага кіравання, зрабіў вялікі ўплыў на ўсю эміграцыю.

Падаецца, менавіта Саланевіч сфармуляваў канцэпт, які зараз выкарыстоўваецца рашызмам (пачынаю ўжываць гэты тэрмін як навуковы):

Расійская імперыя заўсёды максімальна мірна далучала да сябе навакольныя землі і несла туды цывілізацыю, чыгунку і гігіену. Кшталту, прыйшлі ў Сібір, самых буйных, канешне, павесілі, але агулам усе задаволеныя.

Гэты канцэпт — суцэльная хлусьня і перакручванне. Але цяпер не пра гэта.

Тэорыю пра мірнае пашырэнне Расіі падтрымліваюць толькі апантаныя рашысты, але выводныя з яе ідэі моцна заселі ў галовах большасці.

Самая важная з гэтых ідэй — Расія не хоча развальвацца. Усім у Расіі не тое каб добра, але пачуццё стабільнасці і «далучанасці да велічы» трымае вялізныя тэрыторыі разам.

Саланевіч тут прыводзіў сур'ёзны аргумент: пасля 1917 года Расію драбілі, драбілі, але не раздрабілі. І Сібір нікуды не адкалолася, хаця магла. Вырваліся толькі заходнія ўскраіны і ўсё.

У пэўным сэнсе жалезным аргументам у падтрымку гэтай ідэі стаў і развал СССР. Адваліліся ўсе саюзныя рэспублікі, паспрабавала сысці Чачня, але вось і ўсё. Сібір нікуды не пайшла, Камчатка таксама і Татарстан.

То бок, маем за 100 год дзве сітуацыі, калі ўсе маглі разбегчыся, а не разбегліся. Бінга. Расія ў сваім ядры цэласная. І не паспрачаешся.

Але 2022 год зноўку моцна мяняе оптыку. Нельга не заўважыць, што ў СМІ з'яўляецца ўсё больш матэрыялаў пра прыніжаныя народы Расіі, блогеры пачынаюць згадваць пра фармальныя абвяшчэнні самастойнасці ў пачатку 1990-х, утвараюцца арганізацыі народаў Расіі. Нават ліберальную інтэлігенцыю хвошчуць у хвост і ў грыву за іх няўвагу да пытання федэралізацыі.

Цікавае адбываецца і з іншага боку. Некаторыя народы Расіі бачаць вайну як трамплін для пашырэння свайго ўплыву ў Расіі. У Чачні да гэтага мэтанакіравана ідзе сам Кадыраў, а ў Бураціі проста праскоквае як ідэя ў розных рэпартажах. Кшталту, паваюем, то паважаць нас пачнуць.

Гэта новыя з'явы.

І вось тут гістарычныя працэсы пачынаюць выглядаць крыху па-іншаму.

Аказваецца, што Расія не трымаецца маналітам, а сістэмна развальваецца вось ужо 100 год. Развальвае яе «нацыяналізм», жаданне народаў людзьмі звацца.

У 1917 годзе Расія згубіла Польшчу і Прыбалтыку. І хоць пасля адыграла, але па факце згубіла менавіта тады.

У 1991 адвалілася яшчэ 15 рэспублік.

А ў 2022 годзе пачаўся працэс адпадзення наступнага эшалона тэрыторый.

Відавочна, што ні ў 2022-м, ні ў 2025-м Сібір ад Расіі не адваліцца. Як і Татарстан.

Але мне падаецца, што 2022-м у Расіі здарыўся «цюбік з пастай» — запусціліся такія працэсы ў галовах людзей, якія ўжо не адменіш.

Нацыянальнае самаўсведамленне вельмі марудна захоплівае Расію. І гэта непазбежны працэс. Які ідзе ўжо даўно.

Вось жа, адказ на гэтую «хваробу» вельмі просты — нармальная федэралізацыя. Груба кажучы, калі даць рэспублікам рэальнае права на выхад, то ніхто і не выйдзе.

Але іронія гісторыі палягае ў тым, што Расійская Імперыя па сваіх базавых наладах не можа прыняць ніякай федэралізацыі. Гэта супраць яе сутнасці. Любыя падобныя лекі яе арганізм адрыне.

Таму аднойчы Расійская Імперыя разваліцца. Дажыць бы толькі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру