Чарговая пацеха «Бітва падушкамі» афіцыйна дазволеная Мінгарвыканкамам. Яна адбудзецца ў Дзень вайсковай славы 8 верасня ў скверы Янкі Купалы а 19.00.
Удзельнікам трэба мець з сабой падушку альбо нешта да яе падобнае (спальнік, мяккую цацку, надзіманага кракадзіла і г.д.). Арганізатары падзеляць усіх удзельнікаў на каманды. А далей як у 1514‑м: войскі Вялікага Княства Літоўскага пойдуць на маскоўскія войскі, каб ажно пер’е паляцела!
Аршанская Бітва — адбылася падчас маскоўска‑літоўскай вайны 1512—1522 гадоў паміж войскамі ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага.8 верасня 1514 года 30‑тысячнае беларускае войска пад камандаваннем гетмана Канстанціна Астрожскага нагалаву разбіла 80‑тысяч войска Масквы. Гэтая бітва стала адной з самых славутых перамогаў Беларусі і назаўсёды ўнесла ваенны геній Канстанціна Астрожскага ў сусветную гісторыю.
Бой падушкамі — гэта міжнародны рух, які мае дзесяткі тысяч жаўнераў па ўсяму свету. Самая маштабная бітва адбылася ў універсітэце Олбані ў Нью‑Йорку, дзе 3648 чалавек біліся за мір ва ўсём свеце. Дэвіз міжнароднага бою падушкамі — Pillow fight «Make feathers, not war!» у вольным перакладзе на беларускую як «Пухавы бой: Пераробім мячы на падушкі!»
Падобная акцыя прайшла сёлета 15 ліпеня. Яна была прысвечана 599-годдзю Грунвальдскай бітвы.