Амерыканскі прафесар лічыць, што Беларусь фальсіфікуе звесткі пра свой валавы ўнутраны прадукт. Выкрыць гэтую фальсіфікацыю яму дапамаглі спадарожнікі. Піша ў сваім блогу на радыё «Свабода» Ян Максімюк.

Недзе ў канцы 1960‑х ці на пачатку 1970‑х па сацлагеры хадзілі чуткі, што амерыканскія шпіёнскія сатэліты робяць здымкі з такой распазнавальнай здольнасцю, якая дазваляе чытаць загалоўкі ў савецкай газеце, разгорнутай у дзённым святле на Краснай плошчы ў Маскве. Колькі я потым ні стараўся праверыць гэтыя чуткі і знайсці хоць адзін такі здымак, мне гэта не ўдалося. Мабыць, гэта толькі легенда.

Але каб нешта ўбачыць на Зямлі з Космасу, не абавязкова глядзець днём і скарыстоўваць аб’ектывы і тэлескопы з максімальнай распазнавальнай здольнасцю.

Вось прафесар Дэйвід Уэйл з Універсітэту Браўна ў ЗША вывучае сатэлітныя здымкі начной Зямлі.

Так бы мовіць, ён глядзіць, дзе свецяць электрычныя лямпачкі, а дзе не. І робіць высновы, дзе людзям жывецца лепей, а дзе не зусім каб добра.

Сувязь паміж святлом і багаццем, паводле прафесара, даволі простая.

«Калі людзі багацеюць, у іх з’яўляюцца грошы на святло і яны патрабуюць больш святла. Мы таксама ведаем, што калі яны багацеюць, яны патрабуюць інфраструктуру для электрычнасці, ня толькі для асвятлення, але і для тэлевізараў, радыёпрыймачоў, лядоўняў і ўсяго такога.

І мы бачым, што калі людзі багацеюць, яны робяцца больш актыўнымі ўначы, яны ездзяць аўтамашынамі, яны запальваюць вулічнае святло і так далей. Ва ўсіх гэтых выпадках колькасць святла, якую спажываюць людзі, з’яўляецца паказчыкам іхнага багацця» — так прафесар Уэйл растлумачыў нашаму радыё сутнасць сваёй навуковай ідэі, якую ён скарыстоўвае ў сваіх эканамічных памерах.

Бо прафесар Уэйл правярае, ці ня лгуць урады ў афіцыйнай эканамічнай статыстыцы.

Вось прыведзеныя вышэй два сатэлітныя здымкі ладнага кавалка Еўропы былі зробленыя з часавым прамежкам у 10 гадоў (1992 і 2002).

Са здымкаў відаць, кажа Ўэйл, што Вугоршчына, Польшча і Румынія ня лгалі, калі заяўлялі, што іхны ВУП у гэтым дзесяцігоддзі вырас (у 2002 годзе ў іх мацней свяцілася, чым у 1992). А ва Ўкраіне, згодна з афіцыйнай статыстыкай, пагоршала — у 1992 там мацней свяцілі, чым у 2002.

А вось Беларусь, Уэйл не сумняваецца, ілгала. Паводле афіцыйнай статыстыкі, ВУП у Беларусі ўзрастаў у тым дзесяцігоддзі ў сярэднім 1,6 адсотка за год. Паводле светлавога аналізу Ўэйла, насамрэч ВУП у Беларусі тады ня мог расці хутчэй, чым 0,6 адсотка за год.

Выснова якая? Пакуль беларускі ўрад не запусціць сваёй Белкі на арбіту, нават старшыня найбольш задрыпанага раёну можа пускаць Міністэрству статыстыкі і аналізу ў Менску дым у вочы, дакладваючы аб якіх заўгодна эканамічных поспехах. Бо з верталёта, як ні парадаксальна, відаць значна меней, чым з сатэліта на арбіце.

Дзе ў Еўропе найбольшая цемра ў сатэлітна‑эканамічным сэнсе? Аляксандр Лукашук, які падобныя мапы‑здымкі бачыў у Каліфорніі ў 2000 годзе, кажа, што на беларуска‑украінскім памежжы, на Палессі. «На тысячу квадратных кіламетраў хоць вока выкалі», — напісаў Лукашук у сваім лісце з Каліфорніі.

Магчыма, на Палессі ВУП ня толькі што не ўзрастае, але і наогул ня вырас…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?