Сёння, 8 верасня адзначаецца 495 гадоў з дня Аршанскай бітвы — найбольш слаўнай перамогі ў гісторыі беларускіх ваяроў. 30 тысяч ваяроў Вялікага Княства Літоўскага бліскуча перамаглі амаль ўтрая большае войска Маскоўскага княства — 80 тысяч жаўнераў!.. Гэтую бітву старанна замоўчвалі ў савецкі час — як жа так, адна «савецкая краіна» некалі ваявала з іншай!?

Аднак у дасавецкі час расійскія гісторыкі (Салаўёў, Ключэўскі) не хавалі праўды пра Аршанскую бітву. Нават славуты Карамзін пісаў, што «ніколі нашы войскі не цярпелі такога паражэння». У Расійскай ваеннай энцыклапедыі 1914 года Бітве пад Оршай прысвечаны вялікі артыкул. Між іншым, па гэтай энцыклапедыі вучыліся расійскія вайскоўцы ў акадэміі. І Аршанскую бітву ім прыводзілі як прыклад бліскучага ваяводніцкага майстэрства.

Пасля распаду Савецкага Саюза беларускія гісторыкі сталі аднаўляць карціны нашага слаўнага мінулага, сталі вядомыя і дэталі Аршанскай бітвы. Упершыню ў 1992 годзе падрабязны артыкул пра Аршанскую бітву апублікаваў у часопісе «Спадчына» доктар гістарычных навук, прафесар Універсітэта культуры і мастацтваў Анатоль Грыцкевіч. Размову з Анатолем Пятровічам пачынаю са шчырага здзіўлення:

— Як можна перамагчы ў тры разы большае войска?!

— Гэта можна патлумачыць некалькімі фактарамі, — тлумачыць прафесар Грыцкевіч. — Перш за ўсё я паставіў бы патрыятызм беларускіх войнаў, беларускіх рыцараў, беларускіх баяраў, якія складалі пераважную большасць войска нашага ваяводы Канстанціна Астрожскага. Бо большасць войска складалі беларусы — з 30 тысяч ваяроў толькі 4000 складалі палякі. Астатнія — «падцягваліся ў Бярэсці», некаторыя далучыліся ў Барысаве, дзе знаходзіўся сам вялікі князь Жыгімонт, дзе была ягоная стаўка.

— А ў чым выяўляўся патрыятызм, які дапамог перамагчы?

— Лепш за ўсё пра гэта напісаў гісторык Мацей Стрыйкоўскі. Ён прыводзіць словы выступленняў Канстанціна Астрожскага перад бітвай і ў час бітвы. Там Астрожскі заклікае рыцараў: «Успомніце вашых бацькоў, дзядоў! Змагайцеся за славу сваёй зброі…» А потым, калі быў ужо такі момант напружаны, ён нават звярнуўся да войска: «Сынкі, змагайцеся — я сам з шабляй іду наперад!..» Так нязвыкла! А ён жа быў стары, яму было 54 гады — а «сынкам» было па 20—25, можа, 30… Такая вось ідэйная падрыхтоўка. Акрамя таго, перад Аршанскай бітвай, як было прынятая ў той час, ва ўсім войску Канстанціна Астрожскага былі праваслаўныя малебны. Невялікая частка ваяроў была каталікамі — і ксяндзы таксама маліліся… Далей, у перамозе трэба падкрэсліць вопыт беларускіх ваяроў, якія да таго часу змагаліся і з татарамі, і з маскоўцамі, і з крыжакамі…

— Анатоль Пятровіч, ім жа было па 20 гадоў — які там можа быць вопыт?..

— Дык яны ж ад 15—16 гадоў пачыналі ваяваць!..

— Якія бітвы папярэджвалі Аршанскай? Дзе нашы войны маглі патрэніравацца?

— Былі дробныя сутычкі войскаў Астрожскага з маскоўцамі на рацэ Бобр, ля Смаленска… Але такіх вялікіх, як Аршанская, не было.

— Адкуль у Канстанціна Астрожскага ўзялося столькі майстэрства і вайсковай хітрасці?

— Па‑першае, гэта безумоўны вайсковы талент. Жыгімонт не наважыўся б сам з такімі маленькімі сіламі весці войска ў бой, таму на чале і стаў Астрожскі. Ён ведаў, як ваяваць, ведаў маскоўскае войска — бо некаторы час, калі быў ваеннапалонным, нават служыў у гэтым войску. Іван ІІІ узяў яго ў палон, а Васіль ІІІ прызначыў яго камандуючым аховаю паўднёвай мяжы Расійскай дзяржавы ад татараў. Астрожскі служыў‑служыў, а потым уцёк. І яго нават не схапілі, таму што заехаў у царкву памаліцца. Пакуль ён маліўся, пагоня праляцела міма. А яму падказалі, што тут была маскоўская пагоня — ён паехаў іншым шляхам і прыехаў дадому.

— Анатоль Пятровіч, мы маем унікальную сітуацыю: і сёння месца Аршанскай бітвы выглядае гэтак жа, як 495 гадоў таму. Ці можна на натуры аднавіць схему бітвы?

— Дняпро у тым месцы выгінаецца і ўтварае такі паўвостраў, дзе з трох бакоў — вада. Астрожскі спецыяльна паставіў войска ў гэтую адтуліну. Яны ведалі — за імі Дняпро, вельмі круты бераг, адступаць і ўцякаць няма куды. Хоць уцякалі з поля бою тады вельмі рэдка — калі пагоня не заб’е, то пасля маёнтак адбяруць… У лясочку на ўскрайку Астрожскі паставіў сваю артылерыю, схаваўшы іх у кустоўі. Пяхота таксама была схаваная ў лесе. Тое, што ворагі не пабачылі артылерыю, было прыкрыццём, каб заманіць маскоўскую конніцу і разграміць яе. Што і было зроблена. Калі маскоўскае войска рушыла на нашае, Астрожскі імітаваў адступленне, прычым амаль панічнае. Ворагі ўзрадаваліся ды, парушыўшы сваё пастраенне, кінуліся даганяць «уцекачоў». У гэты момант «уцекачы» расступіліся, прапусціўшы ворагаў да Дняпра, а самі замкнулі кола. Грымнула нашая артылерыя — і ў пярэдніх маскоўскіх коннікаў, і ў задніх. Заднія думаюць, што пярэдніх ужо няма, а пярэднія бачаць, што і задніх ужо б’юць!.. Гэта быў спецыяльны эфект, каб заблытаць праціўніка — і гэта выратавала беларускае войска. Яшчэ адзін фактар, які нам дапамог — гэта суперніцтва між маскоўскімі ваяводамі. Чаляднін і князь Булгакаў‑Голіца — кожны з іх меў пароўну войска, і кожны хацеў разграміць праціўніка сам, каб выслужыцца перад Вялікім князем. Таму, калі наступалі на адно крыло, другое вяло бой нехаця, можна сказаць. А калі ўжо адбылася наша перамога, тады ўжо уцякалі разам абодва крылы маскоўскага войска. Дарэчы, маскоўскае войска на гэтую бітву нават не ўзяла з сабой артылерыю — настолькі былі ўпэўненыя ў перамозе!..

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?