«Я далёкая ад палітыкі, але ва Украіне ёсць мае сваякі. Я проста за мір. Ну не магу паверыць, што ўкраінцы будуць лупіць па сваіх. Дайце мне факты, дакажыце мне гэта», — пачынае спадарыня Валянціна.

Мама Шчэрбы нарадзілася ва Украіне, але ў 23-гадовым узросце пераехала ў Мінск. Па сёння добра размаўляе па-ўкраінску, пад Кіевам жыве брат Уладзімір.

«Сваякі скідаюць мне відэа адтуль, яны не ўмеюць жа нічога мантаваць. Потым пагляджу і не сплю ўсю ноч, сэрца баліць. Я гляджу толькі трох украінскіх экспертаў пра вайну — Алега Жданава, Івана Якавіну і Юрыя Шведа. Больш ніхто мне не трэба. Tut.by і Nexta — для мяне гэта не каналы. У мяне не змянілася стаўленне да Лукашэнкі, але я не магу ўключаць цяпер наша тэлебачанне. Толькі ютуб гляджу».

Не так даўно Валянціна Мікалаеўна прыляцела ў Мінск ад сына з ЗША.

«Там цалкам расійскія каналы адключылі, таму ўсе навіны я дазнавалася толькі ад сваякоў. Дзякуй Богу, ніхто з іх не загінуў. Брат родны такія рэчы расказваў… Не хачу іх паўтараць, бо ціск падымаецца. Ён на свае вочы сустракаўся з тымі, хто нападаў. Запісваў паціху нейкія кадры, размовы. Калі гэтыя прыйшлі, то замінавалі землі, а ім трэба гарод засадзіць, каб хоць нешта на харчы было. То запрашаюць чалавека з мінашукальнікам. Цяпер яны ўжо вольна жывуць, оркаў больш не засталося там».

Брат Уладзімір жыве недалёка ад Чарнобыля, у сяле Іванкаў, пераехаў туды з Кіева. Калі пачалася расійская агрэсія, то Валянціна Мікалаеўна два месяцы не мела з ім сувязі. Кажа, што моцна перажывала гэты час.

«Я не веру таму, што кажуць на расійскім ТБ. На лецішчы часам вымушана ўключаю тэлебачанне, калі бачу гэтую бл… Скабееву, то проста адразу кепска. А Салаўёў той увогуле! Не хачу, не прымушайце мяне абражаць нікога. Дайце мне факты на стол, як казаў Лукашэнка, тады я змяню сваё стаўленне. А гэтая гаварыльня — ні пра што. Усе мы можам гаварыць. Я веру сваім блізкім і родным».

Па прыездзе ў Беларусь Валянціна Шчэрба сутыкнулася з праблемай, што цяпер сын не можа перавесці ёй грошы з ЗША.

«З Амерыкі можна ва Украіну даслаць грашовы перавод, а ў Беларусь нельга! Я цяпер зубы раблю, дык не ведаю, дзе ўзяць грошай. Я ў Віталя адразу папрасіла, але ён не можа, кажа, ну не ехаць жа мне за 3 тысячы даляраў, каб табе прывезці 500. У канцы лета зноў збіраюся ў ЗША. Калі шчыра, то раней заўсёды рвалася дадому, а апошні раз нават не хацелася вяртацца. Я прымушала сябе ехаць. Я не «пераабувалася», як цяпер кажуць, у мяне няма нянавісці, няма адрынання радзімы, але вось не ведаю, што з сабой рабіць».

6 чэрвеня Валянціне Шчэрбе споўнілася 75 гадоў. Калі яе віншавала пляменніца з Кіева, то гучала сірэна, і пляменніца бегла хавацца ў бамбасховішча.

«Стаўленне да Пуціна ў мяне 25 гадоў такое ж, як і цяпер. Мне ён ніколі не падабаўся, ніколі. Я выхаваная на тым, што людзей нельга абражаць, што нават да ворага трэба ставіцца з павагай, з гонарам, а тут такога няма і блізка. У мяне ёсць сяброўка-расіянка, з якой часта разыходзімся на гэтай тэме. Я ёй кажу: дабро ўсё адно пераможа зло, і мы ўбачым потым, адкуль гэтае зло паходзіць».

Валянціна Шчэрба кажа, што нават не магла паверыць у тое, што Расія напала на Украіну. Не паверыў адразу і яе сын.

«Як так? Без абвяшчэння вайны, як Нямеччына напала на СССР у 1941-м. А цяпер Расія гэтаксама нападае на Украіну. Потым Віталь быў і за вашых, і за нашых. Кажа, што там, маўляў, нацысты і бандэраўцы. «Віталя, выбачай, але твая мама «бандэраўка» і «нацыстка», адмоўся тады ад мяне, рабі са мной што хочаш, расстраляй, не пашанцавала табе», — адказваю. Я дакладна памятаю, што Бандэра быў героем Украіны, з падручнікаў гісторыі яшчэ».

Па словах жанчыны, яна вельмі радуецца, што свет, у тым ліку і ЗША, дапамагае Украіне.

«Як я магу здрадзіць сваім караням? Калі б да мяне ў хату ўвайшлі бандыты, то хіба б я не абаранялася? Тое самае і там. Я не веру, што Луганск і Данбас прасіў яго [Пуціна] пра дапамогу».

Што тычыцца Лукашэнкі, то Валянціна Мікалаеўна застаецца на сваіх ранейшых пазіцыях, хоць і гаворыць без ранейшага захаплення.

«Лукашэнкам я задаволеная. Правільна, што ён утрымліваецца, я малюся, каб яго не прымусілі ўлезці туды. Ён вельмі мудра паступае. Але ж як цяжка яму трымацца, ён жа на кручку ў Расіі. Трэба, каб нешта ці нехта змянілася ў Расеі. Я веру, што Лукашэнка сваю краіну не аддасць».

Спадарыня Валянціна апошнія трыццаць гадоў займаецца спевамі. Кажа, што з пачатку вайны яе калектыў прыбраў з рэпертуару ўсе ўкраінскія спевы, і яна адмовілася туды хадзіць.

«Гэта не спецаперацыя, а вайна. А ў Расіі за слова «вайна» могуць узяць за белыя ручанькі і тэрмін даць. Фэйкавыя навіны паўсюль у Расіі. Але я ўпэўненая, што зло будзе пакаранае», — канчае яна размову.

Чытайце таксама:

Маці Віталя Шчэрбы раней малілася на Лукашэнку, а цяпер стала супраць. Шчэрба: Я ў шоку

73-гадовая мама Віталя Шчэрбы падпісала зварот спартсменаў: Я малюся на партрэт Лукашэнкі ранкам і вечарам

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру