Да 10 гадоў пазбаўлення волі запатрабаваў прысудзіць Сяргею Букасу прадстаўнік дзяржабвінавачання.

Як паведамляла “НН” раней , два месяца таму нечакана быў арыштаваны Сяргей Букас — уласнік кампаніі «Сакуб». Такім чынам скончылася ягоная спрэчка з партнёрам па бізнесе Гансам Хорнбахерам, грамадзянінам Германіі. Праз месяц пасля арышту ў судзе Савецкага раёна пачаліся слуханні па справе. Ініцыятарам выступіў Ханс Хорнбахер.

Абвінавачваны і ягоны адвакат назвалі абвінавачванне ды і само следства недарэчнасцю. Яны спадзяваліся, што ўсё растлумачыць сам Хорнбахер, але ён не прыехаў на судовыя слуханні. Спачатку ён двойчы не з’явіўся на іх, бо яго быццам бы не апавясцілі. А потым і зусім пакінуў Беларусь і папрасіў разглядаць справу ў яго адсутнасць.

На думку боку абароны, сам факт, што галоўны сведка абвінавачвання не жадае з’яўляцца ў суд і адказваць на непрыемныя пытанні, павінен быў падштурхнуць пракурора перагледзець сваю пазіцыю, але адбылося зусім супрацьлеглае. Абвінавачванне не толькі заявіла пра тое, што віна Сяргея Букаса не выклікае сумнення, але і папрасіла пакараць яго як мага больш жорстка, прыгаварыўшы да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Планавалася, што 8 верасня Сяргей Букас выступіць з апошнім словам, пасля чаго суд агучыць рашэнне, але апошняе слова нечакана было перанесена на канец верасня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?