Тэатральная студыя «Фортынбрас» пачала працаваць у канцы мінулага года, займаюцца ў ёй сем студэнтаў. Выкладчыкамі выступаюць удзельнікі Свабоднага тэатра, а таксама запрошаныя спецыялісты з тэатраў ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі.

Як паведаміў БелаПАН мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра Мікалай Халезін, у сувязі з адлічэннем некалькіх слухачоў у тэатральнай майстэрні праводзіцца дадатковы набор. Колькасць месцаў абмежаваная — не больш як чатыры новыя студэнты.

Паводле слоў Халезіна, праграма падрыхтоўкі студэнтаў тэатральнай майстэрні сёлета пашыраная: акрамя такіх дысцыплін, як сцэнічная мова, харэаграфія, акцёрскае майстэрства, драматургія, тэатральны менеджмент, слухачоў навучаць пілатэсу і боксу. Пілатэс — гэта сістэма фізічных практыкаванняў для выраўноўвання касцявога каркаса чалавека, а бокс вучыць акцёра валодаць мастацтвам «цеснага кантакту з людзьмі».

Заяўкі неабходна адпраўляць адначасова па двух электронных адрасах : [email protected] і [email protected]. У заяўцы павінны быць выкладзены наступныя пазіцыі: прозвішча, імя; адукацыя; дата нараджэння; кароткая інфармацыя аб сабе, а таксама прыкладзена эсэ ў вольнай форме на тэму «навошта мне гэта трэба» (не менш чым адна старонка).

Свабодны тэатр — гэта незалежны тэатральны калектыў, які не мае ў Беларусі ўласнай сцэны, памяшкання для рэпетыцый і фінансавання. У той жа час Свабодны тэатр уваходзіць у Еўрапейскую тэатральную канвенцыю, з’яўляецца лаўрэатам прэміі Французскай Рэспублікі ў галіне абароны правоў чалавека. У 2008 годзе Свабоднаму тэатру ўручана тэатральная прэмія Еўропы — «Еўрапейскі тэатральны «Оскар». Калектыў прадстаўляе Беларусь на тэатральных пляцоўках Еўропы, Азіі, Амерыкі, Аўстраліі і Афрыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?