Прэзідэнт Расіі паставіў задачу новай мадэрнізацыі краіны — сувымернай з рэформамі Пятра І і бальшавікоў, але бяскроўнай.

Ён прызнаў, што ў Расіі няма прыдатнага гістарычнага для гэтага. Але прывёў прыклады паспяховых пераўтварэнняў: ліквідацыі прыгону ў ХІХ‑м і непісьменнасці ў ХХ‑м стагоддзі.

Ён адзначыў бесчалавечнасць рэформаў пятроўскіх (імперскіх) і савецкіх — назваў іх таталітарнымі.

Мядзведзеўскі дыягназ сучаснаму стану Расіі несуцешны: прымітыўная сыравінная эканоміка, хранічная карупцыя, безініцыятыўнасць грамадзянаў, нездаровы лад жыцця.
Мядзведзеў адкрыта гаворыць пра «векавую эканамічную адсталасць», «векавую карупцыю, якая спаконвеку знясільвала Расію», «шырока распаўсюджаныя ў грамадстве патэрналісцкія настроі. Упэўненасць, што ўсе праблемы мае вырашаць дзяржава. Жаданне «рабіць сябе», дасягаць крок за крокам асабістых поспехаў» адсутнічае. І гэта незвычайна:
прэзідэнт Расіі ставіць брак індывідуалізму і прыватнай ініцыятывы ў ліку найбольшых бедстваў расійскага грамадства.

«Шаноўныя грамадзяне! Дарагія сябры! Публікаваны мной сёння артыкул напісаны для таго, каб данесці да кожнага з вас, да ўсіх грамадзян Расіі, маё ўяўленне аб стратэгічных задачах, якія нам прыйдзецца вырашаць. Аб сучаснасці і будучыні нашай краіны. І запрасіць усіх, каму ёсць што сказаць, да ўдзелу ў дыскусіі па гэтых тэмах». Так, зусім не па‑царску пачынаецца зварот прэзідэнта Расіі Дзмітрыя Мядзведзева да грамадзян, які сёння распаўсюдзіла крамлёўская адміністрацыя.

Зварот зусім не падобны да большасць ранейшых прамоў вышэйшага кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі.

У першую чаргу тым, што ўтрымлівае вельмі шмат крытыкі сітуацыі ў краіне. Прычым Мядзведзеў крытыкуе стан Расіі ў цэлым: «Дваццаць год імклівых перамен так і не пазбавілі нашу краіну ад прынізлівай сыравіннай залежнасці. Наша эканоміка пераняла ў савецкай самы вялікі недахоп – яна ў значнай ступені ігнаруе патрэбы чалавека. Энергаэфектыўнасць большасці нашых прадпрыемстваў ганебна нізкая. Аднак тое толькі палова бяды. Бяда ў тым, што, падобна, гэта не вельмі хвалюе уладальнікаў, дырэктароў, галоўных інжэнераў і чыноўнікаў».

Мядзведзеў адзначыў, што гэтыя хібы расійскай гаспадаркі асабліва праявілі сябе падчас сусветнага эканамічнага крызісу.

Дасталося ад расійскага прэзідэнта і палітычнай культуры Расіі: «Дэмакратычныя інстытуты ўцэлым сфармаваны і стабілізаваны, аднак іх якасць вельмі далёкая ад ідэальнай. Грамадзянская супольнасць слабая, узровень самаарганізацыі і самакіравання невысокі». З вуснаў кіраўніка Расіі прагучала і інфармацыя аб катастрафічных праблемах Расіі ў сацыяльнай сферы. Мядзведзеў піша, што «з кожным годам нас становіцца ўсё менш. Алкагалізм, курэнне, дарожна‑транспартныя здарэнні, недастатковая даступнасць шмат якіх медыцынскіх тэхналогій, эканамічныя праблемы скарачаюць жыццё людзей. А ўзрост нараджальнасці пакуль не кампенсуе зніжэння колькасці насельніцтва.»

Падобныя ацэнкі зусім не адпавядаюць ранейшым заявам кіраўніцтва Расіі аб вялікіх дасягненнях ва усіх сферах – ад гаспадарчай і сацыяльнай, да палітычнай. Раней з Крамля даносіліся галасы аб пастаянным эканамічным росце, сацыяльнай стабільнасці і адраджэнні Расіі. Сёння прэзідэнт Мядзведзеў адкрыта піша пра «неэфектыўную эканоміку, паўсавецкую сацыяльную сферу, слабую дэмакратыю, негатыўныя дэмаграфічныя тэндэнцыі, нестабільны Каўказ».

Прычым

крызіс, аб якім нават беларускі прэзідэнт згадвае ледзь не штодня, у артыкуле‑звароце Мядзведзева амаль не фігуруе. Расійскі прэзідэнт як быццам адмаўляе яго вызначальную ролю ў нарастаючых праблемах, звяртаючы ўвагу на татальную адсталасць Расіі.

Мядзведзеў, які ад пачатку меў імідж ліберальнага палітыка, пачынае адкрыта рэалізоўваць свае бачанні. Ён выходзіць з ценю Пуціна. Словы аб «адвечнай эканамічай адсталасці» немагчыма было пачуць ад Пуціна. Таксама як

немагчыма было пачуць раней выказванні аб тым, што палітыка, якую праводзілі Пятро І, расійскія імператары, бальшавікі, была неапраўданай: «Кошт дасягненняў быў вельмі высокі».

Мядзведзеў закранае святая‑святых расійскай ідэалогіі – яе вялікае і слаўнае мінулае. Адначасова пры гэтым заклікаючы да будавання новай Расіі, якая «не будзе паўтараць уласнае мінулае».

Кіраўнік Расіі не абмяжоўваецца пералікам расійскіх праблем. У артыкуле Мядзведзева прапануецца стратэгія іх вырашэння. Прычым акцэнтуецца ўвага менавіта на «новай Расіі», якая адыдзе далёка ўперад ад Расіі старой. Для гэтага

расійскі прэзідэнт бачыць неабходным дасягнуць лідэрства ў пяці галінах:

— вытворчасці, транспарціроўкі і выкарыстання энергіі, распрацоўкі новых відаў паліва,
— атамных тэхналогіях,
— інфармацыйных тэхналогіях,
— космасе і спадарожнікавай сувязі,
— медыцыне і вырабе некаторай медтэхнікі.

Мядзведзеў піша, што «лічыць тэхналагічнае развіццё прыярытэтнай грамадзкай і дзяржаўнай задачай яшчэ і таму, што навукова‑тэхнічны прагрэс неразрыўна звязаны з прагрэсам палітычных сістэм». Вялікі абзац артыкулу прысвечаны гісторыі паўставання і распаўсюджвання дэмакратыі. Кіраўнік Расіі засяроджваецца на яе важнасці для грамадства. Ён сыходзіць з аксіёмы, што дэмакратыя — гэта больш прагрэсіўны лад кіравання проці аўтарытарызму. «Чым «разумнейшай», інтэлектуальнейшай, эфектыўнейшай будзе наша эканоміка, тым вышэйшым будзе узровень дабрабыту нашых грамадзян. Тым больш вольнай, справядлівай, гуманнай будзе наша палітычная сістэма. Грамадства ў цэлым».

Падобнай пастаноўкі задач на адрас палітычнай сістэмы Расіі з вуснаў прэзідэнта яшчэ не гучала. Канстатуючы спачатку адсталасць расійскай гаспадаркі і яе простую залежнасць ад паліўнага рынку, Мядзведзеў потым увязвае гэты факт з заганамі расійскай дэмакратыі. Быццам намякаючы на недэмакратычнасць ранейшых кіраўнікоў Расіі, што будавалі гаспадарку менавіта на аснове сыравіннай галіны. У той жа час у палітычнай сферы Мядзведзеў гаворыць толькі пра асцярожныя рэформы зверху:

«Грамадзянскую супольнасць немагчыма набыць за замежныя гранты. Палітычную культуру не перадаць простым перайманнем палітычным звычаям перадавых грамадстваў. Эфектыўную судовую сістэму нельга імпартаваць. Свабоду немагчыма выпісаць з кніжкі, нават калі гэта вельмі разумная кніжка. Мы, безумоўна, будзем вучыцца ў другіх народаў, пераймаць іх досвед. Будзем улічваць іх поспехі і пралікі ў развіцці дэмакратычных інстытутаў. Але ніхто не пражыве нашае жыццё за нас».

Заявы Мядзведзева хутчэй пасуюць Бараку Абаму – прэзідэнту краіны, дзе дэмакратычныя і грамадзянскія каштоўнасці пастаўлены у ранг ідэалаў. Аднак гэтыя словы належаць Дзмітрыю Мядзведзеву – прэзідэнту краіны, якая доўгі час была крыніцай таталітарызму і здушэння грамадзянскіх свабодаў.

Мядзведзеў папярэджвае, што «нашай працы будуць замінаць. Уплывовыя групы прадажных чыноўнікаў і нічога не прадпрымаючых «прадпрымальнікаў». Прэзідэнт Мядзведзеў указвае на унутраных ворагаў, а не на знешніх.
Гэта сведчыць пра яго як палітыка, здольнага на выкрыццё заганаў уласнай палітычнай сістэмы. Прызнаць наяўнасць уплывовых груп у кіраўніцтве краіны, што не зацікаўленыя ў яе развіцці – гэта сур’ёзная заява. Аб яе наступствах можна толькі здагадвацца.

Ці магчыма ўвогуле здзейсніць пераўтварэнні, аб якіх піша прэзідэнт Расіі? Адказ на пастаўленыя пытанні дасць час. Відавочна толькі тое, што ў нашых усходніх суседзяў з’яўляецца альтэрнатыва аўтарытарызму. Ліберальная мадэрнізацыя Расіі будзе мець вялікі ўплыў на палітычныя сістэмы і эканомікі суседніх краінаў. Калі толькі яна не выльецца ў чарговае дваяўладдзе і грамадязнскую вайну, такія частыя ў гісторыі Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?