У Беларусі працуе 375 уролагаў. І патрапіць да іх досыць проста. У Англіі на гэта спатрэбіцца чатыры месяцы. Але ў нас праблема ў іншым. Тлумачыць дацэнт кафедры нефралогіі БелМАПО, старшыня Беларускай асацыяцыі ўролагаў Мікалай Доста.

З 2004 года Еўрапейская асацыяцыя ўролагаў штогод праводзіць тыдні ўралогіі. Гэтае мерапрыемства накіравана на падвышэнне адукацыйнага ўзроўню насельніцтва. Здароўе залежыць не толькі ад колькасці тамографаў і адукацыі дактароў. Важна наколькі своечасова вы прыйдзеце да доктара. Нельга плакаць у падушку, думаць, што гэта безнадзёга і нікуды не звяртаецца.

На Захадзе рак прастаты — гэта захворванне нумар адзін, якое косіць мужчын. У Беларусі захворванне складае 47,8 чалавек на 100 тыс. насельніцтва. Для параўнання ў Амерыцы — 150, у Швецыі — 120.
Я думаю, беларуская лічба іншая, бо ў нас меней магчымасцяў выявіць своечасова рак і паставіць правільны дыягназ. Асацыяцыя ўролагаў хоча арганізаваць у Беларусі выяўленне рака на ранніх стадыях. Дзяржава нават грошы на гэта ўжо выдаткавала. Патрэбна, каб кожная медыцынская ўстанова мела магчымасць праводзіць спецыфічныя для гэтага захворвання тэсты. Каб гэтыя аналізы былі даступны і ў раённых паліклініках, і ў медыцынскіх цэнтрах — бясплатна! У нас у большасці месцах гэтыя тэсты платныя, бо рэактывы набываюць самі медыцынскія ўстановы за свае грошы. Кошты, канешне, не вялікія, 10-15 тысяч бел. рублёў за тэст. Аднак калі аналізы, узі і кансультацыі будуць бясплатныя мы будзем выяўляць больш чым 47,8 захворванняў на тысячу чалавек.
У Беларусі 375 уролагаў. Калі браць разлік на душу насельніцтва, то мы ідзем у нагу з Венгрыяй, Галандыяй, Балгарыяй.
Мы адрозніваемся тым, што наш чалавек можа пайсці напрамкі да ўролага, не абавязкова ісці да доктара агульнай практыкі. У паліклініках горада Мінска амаль ва ўсіх ёсць уролаг. Прыходзіце ў рэгістратуру, бераце нумарок і да ўрача. Народ скардзіцца, што трэба ноччу ўставаць і стаяць у чэргах за нумаркамі. А што вы хацелі, бясплатна і адразу да спецыяліста вузкага пакрою? У Англіі вы б чатыры месяцы чакалі, каб патрапіць да ўрача. Праблем атрымаць нармальную кансультацыю ў Беларусі няма.

Ёсць у Беларусі праблемы з дыягназаваннем. З рознымі праблемамі мочаспускання мае калегі ставяць цыстыт, вельмі распаўсюджаны дыягназ. Не кожны распытае жанчыну і даведаецца падрабязнасці захворвання. Калі на працягу тыдня антыбіётыкі не дапамаглі — уролаг памыліўся, гэта іншая хвароба.

На вялікі жаль, калі казаць шчыра, нашыя ўролагі мала чытаюць. У гэтым сістэма вінавата. Мы сёння патрабуем, каб чалавек з дыпломам уролага на працягу пяці гадоў прайшоў 150 гадзін удасканалення. Ён прыйдзе да нас на кафедру і атрымае 80 гадзін за тыдзень. Палову з каторых праспіць, але паперку атрымае за ўсе 80. На Захадзе іншая сістэма: трэба набраць 250 балаў, якія наліваюць за напісаныя артыкулы ці канкрэтную практыку. Не набярэш балаў — не атрымаеш сертыфікат, у нас гэта дыплом. Мы павінны таксама прыйсці да таго, што медыцынская спецыяльнасць — гэта сфера, дзе ўрач мусіць вучыцца ўсё жыццё. Сёння вельмі імкліва ідзе развіццё тэхналогій, калі доктар не ў гэтым ручышча, то ён застанецца рамеснікам і будзе ўсё жыццё ставіць цыстыт.

Апошнія 5 год вельмі інтэнсіўна ў медыцыне, у тым ліку і ў уралогіі, сталі выкарыстоўваць лазерную хірургію. З’явіліся розныя віды лазераў: адзін рэжа, другі каагулюе, трэці дробіць каменні. Існуюць ужо нават апараты тры ў адным, якія могуць выконваць усе гэтыя функцыі. Такі лазер стаіць у шпіталі МУС і ў чацвёртай клінічнай бальніцы. Больш нідзе няма. Мы ў мінулым годзе спрабавалі набыць яшчэ некалькі лазераў для Беларусі. Не атрымалася, таму што

Інстытут прыкладной фізікі распрацаваў свой лазер пад назвай «МУЛ», мы яго называем «лом».
Гэты лазер не зусім дрэнны: яго добра выкарыстоўваюць для лекавання варыкозаў вен. Нам уролагам не тое патрэбна.
Гэтыя людзі мелі дзяржзамову, пяць гадоў праядалі дзяржаўныя грошы – і зрабілі свой лазер. Зразумела, што Рэспубліканская тэндэрная камісія, якая разглядае такія закупы, кажа нам «не», калі мы просім нармальны замежны лазер.
Сказалі набываць «лом», але лепш нічога, чым гэта. Мы не мала бывалі за мяжой, каб бачыць адрозненне. Гэта прыблізна тое самае, калі вы ездзіце на «таёце», а вас перасаджваюць на новы «запарожац» 40-га году. «Запарожац» таксама ездзіць, але мы такі варыянт не згодны.

Запісала Настасся Шамрэй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0