Карэспандэнт НН праехаў па мінскай велатрасе за дзень да яе афіцыйнага адкрыцця. Дабраўшыся да канца трасы, ён зразумеў, што тая нікуды не вядзе.

 Праца кіпіць – заўтра адкрыццё!

Праца кіпіць – заўтра адкрыццё!

 Злазь, прыехалі!

Злазь, прыехалі!

Чарговы нацыянальны праект за $10 млн

Веладарожку працягласцю 27 кіламетраў збіраліся рабіць досыць даўно. Бюджэт – $10 млн – быў размеркаваны на некалькі год. Будаўніцтва пастаянна адкладвалася, але крайні тэрмін здачы аб’екта – «Дзень горада — 2009» — прымусіў рабочых паспяшацца.

У апошні дзень на працу выйшлі сотні чалавек, каб працаваць, і дзесяткі, каб іх падганяць.

Ці паспеюць яны да заўтра – сумнеўна.

Працы яшчэ нямерана. На найбольш складаных ўчастках – пабудаваных мастках праз Свіслач — яшчэ не пачалі класці асфальт.

Дарога на хакей?

Траса праходзіць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход беларускай сталіцы. Будаўнікі ўдала скарысталіся Свіслаччу – амаль уся траса праходзіць уздоўж русла ракі. У гэтага рашэння ёсць як свае плюсы, так і свае мінусы. З аднаго боку, пакласці ўздоўж узбярэжжа асфальт і нанесці на яго разметку было нескладана. З іншага –

веладарожка аказалася ізаляванай ад астатніх дарог.
Трапіўшы на яе аднойчы, з’ехаць не надта проста…

Велатрасу можна ўспрымаць як своеасаблівы экскурсійны маршрут. Калі турыст вырашыць пазнаёміцца з беларускай сталіцай, праехаўшы на ровары тыя самыя 27 кіламетраў, у яго складзецца рознабаковае ўражанне пра Мінск. Наперадзе будуць і велічныя офісныя цэнтры, і цяністыя паркі, і агароды ў двух-трох метрах ад трасы, і спальны раён.

Веладарожка пачынаецца недалёка ад прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Драздах. Калі ўлічыць, што яе канец – непадалёк ад раёну Чыжоўка, дзе праз пяць год будуць праводзіцца гульні чэмпіяната свету па хакеі, можна лічыць удалым жарт, што велатраса патрэбна Лукашэнку, толькі каб ездзіць на хакей.

Ад Драздоў да цэнтру. Мінск зялёны і Мінск сучасны

Траса ўяўляе сабой дарожку з «двайной суцэльнай» у сярэдзіне — па паласе ў кожны бок. Кірункі пазначаныя стрэлкамі. Звычайна збоку пакладзена плітка для мінакоў, але тыя займаюць самы цэнтр трасы і зусім не звяртаюць увагу на раварыстаў. Зрэшты, тых яшчэ няшмат. За час свайго падарожжа я сустрэў толькі трох ахвотнікаў двухколавага транспарту.

Уздоўж трасы мусяць з’явіцца веластаянкі і пункты пракату ровараў, але пакуль што, відавочна, не да іх. Паспець бы пакласці асфальт.

Дарожка спачатку ідзе па лесе, пасля выходзіць на праспект Машэрава, і нарэшце, каля стэлы нырае пад мост. Цяпер мы будзем ехаць уздоўж ракі. Каля Палацу спорту па велатрасе едзе мікрааўтобус з міліцыянтамі. Пабачыўшы ровар, які рухаецца насустрач, міліцыянты ветліва збочылі, каб не замінаць мне і не прымушаць знізіць хуткасць. Такая іх рэакцыя не магла не парадаваць.

Да парку імя Янкі Купалы траса проста выдатная. Каб раварыстам не было сумна ехаць па прамой дарозе, будаўнікі скрывілі яе. Траса трохі пятляе.

Перасячэнне з вуліцай Купалы – першая праблема.
Тут будаўнікі не змаглі правесці трасу па набярэжнай, таму раварыстам прыйдзецца пераводзіць свой транспарт праз дарогу для аўтамабіляў. Нязручна, але аптымізму дадае той факт, што такі ўчастак толькі адзін на працягу трасы.

Папятляўшы вакол дрэваў у парку Купалы, веладарожка выходзіць у парк Горкага. Тут будаўніцтва ў самым разгары. Трэба дарабіць мост цераз Свіслач і з’езды з яго. Пераадолеўшы перашкоду, выязджаю на працяг трасы, як з немым крыкам насустрач выбягае мужчына ў касцюме: «Камандзір, сто-ой! Што, яшчэ не відна? Тут яшчэ нельга ехаць!» Хоць з выгляду дарога нічым не адрозніваецца ад той, дзе «можна ехаць».

Ад цэнтру да Серабранкі. Мінск індустрыяльны.

Далей перашкод на шляху становіцца ўсё больш. Найбольш праблем з новапабудаванымі мастамі. Па-першае, іх аўральна сканчаюць у апошні дзень. (Хоць бы яны не абваліліся.) Спёка, і працаваць зусім не хочацца. Вось і атрымліваецца, як у той прыказцы савецкага часу: «А ў калгасе добра жыць: дзесяць робіць, сто ляжыць. А як сонца прыпячэ, дык і дзесяць уцячэ». Два чалавекі нешта робяць, а яшчэ пяць ходзяць вакол з пакдазкамі ці ўвогуле адпачываюць на газоне. Па-другое, нават калі іх адкрыюць для руху, карыстацца імі будзе не надта зручна.

Паварочваць на хуткасці на 90 градусаў убок і адразу ж ўзлятаць на высокі пад’ём сапраўды экстрэмальна.
Такіх тыпавых масткоў па дарозе два.

Людзей уздоўж трасы ўсё менее, а працаўнікоў более… Праехаць становіцца немагчыма, прыходзіцца шукаць аб’язныя шляхі.

Тым часам яна вяртаецца да стадыёна «Дынама» і студэнцкага гарадка. Цэнтр скончаны. Наперадзе – індустрыяльны Мінск. Вакол знаходзяцца заводы і фабрыкі. Але не ўсё ж турысту праспекты ды цэрквы паказваць?

Серабранка. Мінск вясковы і Мінск спальны

Неўзабаве

турыст зможа ўбачыць агароды за крацістай агароджай літаральна ў двух-трох метрах ад трасы.
Там са сваім ураджаем корпаюцца немаладыя жанчынкі. «Вам велатраса не замінае?» — пытаюся ў іх. — «Цяпер не. Дзякуй богу, што будоўля скончылася. Раней шумна было… Але якому дурню тут катацца спатрэбіцца?» — аптымістычна настроены яны. Мінакоў тут няма зусім, і гэта вельмі правільна для іх бяспекі.
Хуткасці ў раварыстаў на такіх участках даходзяць да 30-35 км/г, а чалавеку з дарогі адскочыць няма куды.

Праекціроўшчыкі не прадумалі павароты. Некаторыя з іх даволі рэзкія, і ў дадатак закрытыя дрэвамі. Калі з двух бакоў вылеціць па веласіпедысце — чакай непрыемнасцяў. Зрэшты, напаміны пра бяспеку ёсць. У месцах, дзе траса падыходзіць да вады вельмі блізка, стаіць агароджа.

Будаўнікі стараліся зрабіць трасу роўнай, і ім гэта ўдалося. Серабранка — адзіны ўзгорысты раён на ўсёй працягласці дарогі.

Дарога абыходзіць дамы спальнага раёну збоку і рушыць ў бок да Чыжоўскага вадасховішча. Уперадзе бачна нейкае разваротнае кола. Пад’язджаю, і тут становіцца зразумелым, што

тут траса сканчваецца. Прама ў чыстым полі.
Прычым збочыць кудысьці да «цывілізацыі» — хаця б у тую спальную Серабранку складана, бо вакол горы. На ровары па іх асабліва не паскачаш. Яшчэ адна значныя недапрацоўка праекціроўшчыкаў.

Забаўка, а не дапамога

Прыходзіцца разварочвацца і ехаць у адваротны бок. Але тут узнікае праблема, як вяртацца дамоў? Траса ўзводзілася з надзеяй, што раварысты перастануць гойсаць па дарогах перад аўтамабілямі.

Пракаціцца праз увесь горад цікава, але іначай чым забаўкай, велатрасу назваць нельга.
Таму, хто едзе на ровары на працу, яны не дапаможа нічым. Застаецца спадзявацца, што ўслед такія ж трасы ўзнікнуць і ў іншых кірунках. Калі ж яны нарэшце будуць аб’яднаныя ў сетку, толькі тады можна будзе назваць Мінск горадам, адаптаваным для раварыстаў.

* * *

Што можна ўбачыць па дарозе?

Камсамольскае возера
Стэла горад-герой «Мінск»
Палац спорту
Востраў слёз
Траецкае прадмесце
Кафедральны сабор
Парк імя Я.Купалы, помнік Купалу і пленэр скульптураў
Парк імя М.Горкага
Стадыён «Дынама»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?