Статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) можа быць вернуты парламенту Беларусі да канца года, калі ў рэспубліцы адменяць пакаранне смерцю. Пра гэта, як паведамляе РИА Новости, заявіў старшыня палітычнага камітэта ПАСЕ Горан Ліндблад.

«Я быў бы рады, калі б яны (беларусы. — БелаПАН.) вярнуліся ў ПАСЕ да канца года, але ўсё залежыць ад іх», — сказаў Ліндблад, растлумачыўшы, што Беларусь павінна ўвесці мараторый на пакаранне смерцю.

Паводле яго слоў, Беларусь ужо згадзілася на ўдзел апазіцыйных партый у пасяджэннях Савета Еўропы. Ліндблад таксама паведаміў, што, паводле слоў аднаго з беларускіх дыпламатаў, краіна рухаецца да адмены пакарання смерцю, нягледзячы на тое што гэтым летам было вынесена некалькі прыгавораў да вышэйшай меры пакарання.

Нагадаем, у 1993 годзе Беларусь атрымала статус спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, які дазваляе дэпутатам парламента краіны ўдзельнічаць у працы ПАСЕ. Гэтага статусу Беларусь была пазбаўлена пасле прызнання асамблеяй недэмакратычным рэферендуму, які праходзіў у 1996 годзе.

На сваім пасяджэнні 23 чэрвеня 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю аб вяртанні Беларусі статусу спецыяльнага запрошанага пры ўмове, што ў краіне будзе ўведзены мараторый на пакаранне смерцю.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0