Пра змену пакаленняў у беларускай апазіцыі, пытанні ідэйнага і кадравага застою, піша палітолаг Віталь Сіліцкі.

Змена ўлады ў Беларускім Народным Фронце разварушыла апазіцыйны мурашнік і безумоўна стала знакавай падзеяй у асяродку апанентаў улады. Тут і выхад на палітычную авансцэну новай генерацыі, што кшталтавалася ў 1990-х, а не за савецкімі часамі, і кардынальны перадзел уплыву ў самой апазіцыі, і фактычны развал АДС. Хаця яго развалу не заўважалі хіба ў вашынгтонскім абкаме – як кансалідаваная палітычная сіла АДС скончыўся адразу пасля мінулых прэзідэнцкіх выбараў, а як дыскусійная пляцоўка апазіцыі ён шчасліва існаваў і будзе існаваць надалей.

Новы лідэр відавочна адрозніваецца ад папярэднікаў, якія, нягледзячы на ідэйнае супрацьстаянне, перанялі багата стылёвых адметнасцяў ад колішняй партнаменклатуры. Ён стылёва апранаецца, не толькі вольна размаўляе па-ангельску, але можа можа весці гутарку на адной мове ў іншым сэнсе, і абсалютна не закамплексаваны ў паўсядзённым жыцці. Не цураючыся палітычнага інтрыганства, ён не бачыць у сваім апаненце ворага, якога трэба закляйміць ганьбай і нехарошымі словамі да поўнага знішчэння палітычных пазіцый і рэпутацыі.

Янукевіча не апанавала параноя яго папярэднікаў (як зянонаўскай, так і пастзянонаўскай хвалі), якія бачаць у кожнай крытыцы руку нейкіх злосных сілаў, ці то Масквы ці то непрыязных фундатараў, якія сняць і думаюць, як зваліць яго, любімага, з верхняй жэрдачкі ў апазіцыйным насесце.
Можа, змена гэтага саўковага стылю, які ўласцівы амаль усім палітыкам, што раслі і гадаваліся за савецкімі часамі, і не важна, было ім 30 ці 50 у 1991 годзе (Аляксандр Мілінкевіч, здаецца, адно з нешматлікіх выключэнняў з гэтага генерацыйнага правіла), і будзе тым бачным вынікам пераменаў у апазіцыйным асяродку. Яно і добра, бо гэты савок (схільнасць да паддывановых гульняў, паклёпніцтва, пляткарства, фантастычная здольнасць раздзімаць разнагалоссі па драбязе ў глабальныя супрацьстаянні, бачанне любога канфлікту як гульні з нулявой сумай) дастаў, мабыць, усіх хто паводле прафесіі кантактуе з апазіцыйным асяроддзем, ці нават жыве ў ім.

Памятаецца, акурат 10 гадоў таму ў беларускай апазіцыі паўстала гэтак званая «новая хваля» – група амбіцыйных маладых палітыкаў, якія абвінавацілі палітыных мастадонтаў са старой апазіцыі ў дактрынёрстве і адарванасці ад народа, пакляліся вывесці апазіцыю з палітычнай рэзервацыі, абяцалі новы стыль і новыя ідэі.

Памятаеце іх імёны? Вінцук Вячорка, Анатоль Лябедзька, Віктар Івашкевіч, Мікола Статкевіч... Праз дзесяць год галовы гэтых маладзёнаў пачалі пакрывацца сівізной, а пра сівізну ідэяў, стратэгій і падыходаў і размаўляць не прыходзіцца.
З прыходам новай пораслі хіба актывізавалася праца на знешніх рынках, а ўнутры краіны мы назіралі прыкладна тое ж самае — спадзяванні на тое, што вось-вось выбухне крызіс і галодны народ унясе апазіцыйных лідараў ва ўладу на сваіх намазоленых руках. Толькі гэтага народу дзесяць год таму збіралася на акцыі спачатку па трыццаць тысяч, потым па тысячы, потым па некалькі дзясяткаў, а ідэі і лідары неяк заставаліся нязменнымі – хіба што колер шавялюры пакрысе мяняўся... І вось яны ўжо – мастадонты, дый аўтар гэтых радкоў, ветэран крытыканства і эпісталярнага пазёрства, з жахам узгадвае, што ён ужо гадамі ў тым жа ўзросце, у якім быў Вячорка ў 1999...
У нашым апазіцыйным балоце мы старэем разам, але шчасця ад пражытых сумесна гадоў, здаецца, не дадаецца ні ў кога.

Ці можна проста абвінаваціць тую старую новую хвалю ў палітычным непрафесіяналізме? Можна, канечне. Аднак, аддамо належнае, што іх перыяд няспраўджанага палітычнага росквіту прыйшоўся на той час, калі грамадства не толькі перастала шукаць нейкія альтэрнатывы і ўлезла ў кантракт з дзяржавай «па самыя памідоры», а навогул перастала цікавіцца палітыкай і пачало разглядаць саму палітычную дзейнасць, няважна, у якой партыі, як гарадское (ці хутчэй местачковае) вар’яцтва. У гэтай сітуацыі людзям, якія трапілі ў апазіцыйны асяродак, нічога не заставалася, як збягаць з яго ці за мяжу, ці пад крыло дзяржавы, ці «выбіваць» сабе нейкую шэрую зону, дзе можна было б не хадзіць на датэрміновае галасаванне, але адначасова і не атрымліваць дубцом па спіне на мітынгах. Той, хто не выплыў, але застаўся па прычыне перакананняў, мусілі ўладкоўвацца і выжываць. Менавіта, калі мы зразумеем, што галоўнай матывацыяй дзейнасці апазіцыйных лідэраў з’яўляецца выжыванне, і не таму што яны дрэнныя, а таму што з пасады лідэра палітычнай партыі ў Беларусі проста няма куды пайсці (забароны на прафесіі існуюць дэ-факта, прыватных пенсійных фондаў у краіне не водзіцца), яны трымаліся, трымаюцца і будуць трымацца за свае пасады, аджылыя партыйныя брэнды, бессэнсоўныя кааліцыі.

Вячорка зусім не агаварыўся, калі казаў пра рэйдэрскі захоп БНФ.

Пры такім стане рэчаў палітычная партыя – гэта амаль прыватны бізнэс, страта якога нясе жыццёвую катастрофу.
А стаўленне да палітычнай дзейнасці як да прыватнай лавачкі натуральна выклікае яшчэ большую гідлівасць да палітыкі з боку старонніх назіральнікаў. Заўважце, у Беларусі фактычна адсутнічае палітычнае пакаленне трыццаці-саракагадовых, і тыя новыя кіраўнікі БНФ, якія прыйшлі ў партыі да ўлады – адзіныя з нешматлікіх прадстаўнікоў гэтай генерацыі, якія яшчэ засталіся ў палітыцы. Хіба ў БНФ пакаленне ўзросту, што набліжаецца да сярэдняга, захавалася па прычыне можа большай ідэйнай стойкасці. У АГП гэтае пакаленне па большасці сышло хто ў бізнэс, хто за мяжу, а ў левых яго, пэўна, не вадзілася з савецкіх часоў.
Пытанне ідэйнага і кадравага застою ў апазіцыі такім чынам – гэта пытанне не столькі кадравае, колькі структурнае.
Палітычныя лідэры – такія ж закладнікі гэтай сітуацыі, як і незалежнае грамадства, якое губляе надзею, што апазіцыя калісьці зможа дамагчыся зменаў. Думаю, нехта з лідараў і хацеў бы сысці сам і даць дарогу маладым, калі б было каму. А нехта з маладых, хто сышоў у іншую дзейнасць, калі б пабачыў, што ратацыя кадраў у апазіцыі існуе не толькі раз у дзесяць год.
Пакаленне «Маладога фронту» прыходзіць на голы палітычны ландшафт. Заўтра ім прыйдзецца займацца разваленымі структурамі, неаплочанымі рахункамі за офіс, наездамі Мінюсту і іншай цягамоцінай, а галоўнае — рабіць нешта з атмасферай руцінізаванай безнадзейнасці, ад якой нават у самага заўзятага ідэаліста могуць рукі апусціцца.
Хуткіх палітычных вынікаў ад іх чакаць глупа, хоць адказваць за дадзеныя абяцанні ім прыйдзецца вельмі хутка. Час, калі сівізна можа пачаць пакрываць і іх голавы, ужо зусім не за гарамі. Таму дай ім бог хаця бы не ўляпацца ў тую саўковую палітычную культуру, якая паглынула іх папярэднікаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?