Пераможца нацыянальнага фіналу дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2009» выканае песню «Санта Лючыя».

25 верасня пераможца нацыянальнага фіналу дзіцячага конкурсу песні «Еўрабачанне-2009» Юрый Дземідовіч выступіць на мерапрыемстве ў межах візіту ў Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла. Пра гэта паведаміў настаўнік выканаўцы, мастацкі кіраўнік капэлы хлопчыкаў гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі Уладзімір Глушакоў 11 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яго слоў, Юру Дземідовіча запрасілі сольна выступіць у Палацы Рэспублікі. Ён выканае песню «Санта Лючыя».

Як паведаміў Глушакоў, у яго выхаванца багаты вопыт выступленняў. Ён спяваў як у складзе капэлы хлопчыкаў, гэтак і сольна. Так, Дземідовіч саліраваў у музычным нумары на выступленні падчас прыезду ў Мінск патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія II.

У складзе капэлы хлопчыкаў Юрый неаднаразова выступаў у Германіі, Францыі і іншых краінах. Адно з найбольш запамінальных выступленняў — на канцэрце ў гонар гадавіны адкрыцця помніка славутаму віяланчэлісту Мсціславу Растраповічу ў акадэміі яго імя ў Франкфурце (Германія). Капэла хлопчыкаў выступала са знакамітым віяланчэлістам Міхаілам Майскім, адным з вучняў Растраповіча.

«У мяне пытаюцца, колькі вы рыхтаваліся да «Еўрабачання». Мы рыхтаваліся да гэтага ўсё жыццё», — зазначыў Глушакоў.

Рабочы візіт у Беларусь патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла запланаваны на 25—28 верасня.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0