Першым горадам-спадарожнікам Мінска стануць Смалявічы. Пра гэта 12 верасня паведаміў журналістам выканаўца абавязкаў старшыні Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька.

Паводле яго слоў, па замове Мінгарвыканкама распрацавана канцэпцыя развіцця горада-спадарожніка Смалявічы. Згодна з ёй у горадзе будуць выдзеленыя дадатковыя тэрыторыі для будаўніцтва трох-, пяці-, сямі- і дзевяціпавярховых дамоў. Акрамя гэтага, будзе пабудавана сацыяльная інфраструктура: дзіцячыя садкі, школы, паліклініка, аб'екты гандлю і службы побыту.

Увага таксама будзе нададзена развіццю транспартных зносін. Прапануецца стварэнне так званай «гарадской электрычкі». На першым этапе яна звяжа чыгуначны вакзал «Мінск-пасажырскі» са Ждановічамі і Смалявічамі.

«Стварэнне гарадоў-спадарожнікаў не азначае, што ўсе яго жыхары будуць працаваць у Мінску, развіццё гэтых тэрыторый прадугледжвае развіццё працоўных рэсурсаў і ў саміх гарадах-спадарожніках», — адзначыў Ладуцька.

Горад Смалявічы размешчаны за 35 км на ўсход ад Мінска на чыгуначнай лініі Мінск — Орша. Горад вядомы з пачатку XVI стагоддзя. Першыя згадкі пра Смалявічы ўтрымліваюцца ў грамаце падчашага Вялікага княства Літоўскага Алехны Судзімонтавіча, якая датуецца 1448 годам. У 1968 годзе Смалявічы атрымалі статус горада. Насельніцтва — 17 тыс. чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?