Былы камандзір палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама і яго намеснік асуджаныя на тры і два гады адпаведна.

Суд Савецкага раёна Гомеля 14 верасня абвясціў прыгавор у дачыненні да былых камандзіра палка патрульна-паставой службы міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама і яго намесніка. Суд прыгаварыў былых міліцыянераў да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады. Судовыя слуханні праходзілі ў закрытым рэжыме. Пра сутнасць крымінальнай справы БелаПАН паведаміў старшы памочнік пракурора Савецкага раёна Яўген Дзядкоўскі, які выступаў на судзе дзяржаўным абвінаваўцам.

Крымінальная справа ў дачыненні да былых камандзіра палка ППСМ і яго намесніка была распачата ў студзені 2009 года. Міліцыянеры падазраваліся ў тым, што з 2004 года па 2008-ы незаконна налічвалі, а затым забіралі ў сваіх падначаленых прэміі. Гаворка ішла пра 16 млн. рублёў. Восенню 2008 года ва ўпраўленне ўласнай бяспекі МУС звярнуўся адзін з супрацоўнікаў ППСМ, які паведаміў аб незаконных дзеяннях камандзіра. Праверка пацвердзіла інфармацыю. У канцы 2008 года камандзір палка быў звольнены з органаў унутраных спраў.

У дачыненні да камандзіра і намесніка былі распачаты справы па ч. 3 арт. 210 КК (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) і па ч. 2 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае з карыслівай або іншай асабістай зацікаўленасці). Сутнасць абвінавачання ў тым, што міліцэйскія начальнікі незаконна налічвалі прэміі супрацоўнікам, а затым грошы забіралі. На следстве і ў працэсе суда камандзір і яго намеснік сцвярджалі, што прэміі ішлі на патрэбы палка ППСМ. Як удалося высветліць БелаПАН, пад «патрэбамі палка» падразумяваецца купля шклопакетаў, кандыцыянераў, жалюзі, падарункаў дзецям супрацоўнікаў палка на Новы год, арганізацыя салодкіх сталоў і банкетаў.

Суд прыйшоў да высновы, што кіраўнікі палка вінаватыя ў незаконным налічэнні прэміі (г.зн. перавысілі ўладу), але невінаватыя ў крадзяжах (г.зн. у тым, што гэтыя грошы былі прысвоены). Такім чынам, па ч. 3 арт. 210 былыя міліцыянеры былі поўнасцю апраўданы, а па ч. 2 арт. 426 — прызнаныя вінаватымі.

На судзе дзяржабвінаваўца выказаў меркаванне, што былыя міліцыянеры вінаватыя ў крадзяжах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, іх віна ў гэтым даказана, і прасіў прызначыць для іх пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 7 гадоў.

«Пракуратура не згодная з прыгаворам суда, і мы прынясём касацыйны пратэст. Мяркуем, што прыгавор мяккі ў частцы іх апраўдання па артыкуле за крадзяжы», — выказаў думку Дзядкоўскі.

Алена Германовіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0