Стужка Марка Нэвэлдайна і Браяна Тэйлара — бадзёрая сацыяльная фантастыка, зробленая ў традыцыях кампутарнае гульні. Людзі пад прыцэлам, стрэлы й выбухі, разарвана-віртуальныя целы, тэлевізія, што транслюе амаральныя відовішчы. Кожны кадр стужкі апрацаваны, як у коміксе «300», кожная пырска крыві — ілюзія пад дакументальнае відовішча.
Кампутарны геній Кен Кастл стварыў тэхналогіі, што дазваляюць кантраляваць іншых людзей — і граць імі, як у віртуальнай гульні. Джон Цілман, асуджаны на пажыццёвае зняволенне, вядомы, як зорка стралялкі «Забойцы». Кіраваны сямнаццацігадовым геймерам, ён не прайграў ніводнага бою і набліжаецца да прызавой, апошняй гульні. Цілман марыць вырвацца з турмы й знайсці жонку з дачкою. Але Кастл плануе публічна забіць яго.
«Адрэналінавай» мовай (узгадаем стужку, якую так і не выпусцілі на беларускі экран) — падлеткам распавядаюць пра капіталізм і падполле, пра гераічных хакераў і гламурных падонкаў-мільянераў, якія пражыгаюць чужое жыццё. Татальны кантроль над грамадствам, само грамадства, як малімонна-разбэшчаная гульня, адмова ад свабоды — і бойкі за волю.
У гэтых умовах акторы проста не паспяваюць сыграць, Джэрард Батлер паўтарае гераічныя спартанскія жэсты, а Майкл Хол скрыўляецца ў зладзейскіх грымасах. Але большага ад іх і не патрабуецца.
Чырвона-блакітныя сцэны юру, шэры попел смерці, уцёкі за межы. Але куды ўцячэш ад кампутарнае гульні?