17 ліпеня


Як паведамляе прэс-служба АГП, актывісту АГП Ігару Шынкарыку, які фатаграфаў аўтамабіль, якім Анатоля Лябедзьку везьлі на суд, старшына спэцназу пагражаў пісталетам, патрабуючы зьнішчыць здымкі.
У Кобрыні актывіста Партыі БНФ Алеся Меха аштрафавалі на 1 базавую велічыню (31 тыс. руб.) за распаўсюд улётак.

18 ліпеня


Пракуратура Менску аднавіла расьсьледаваньне справы пра зьбіцьцё 2 сакавіка журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Алега Ўлевіча.
Судзьдзя Заводскага раёну Алег Зямцоў не задаволіў скаргі адвакатаў Аляксандра Казуліна на супрацоўнікаў «Алмазу», якія арыштавалі палітыка 25 сакавіка, абражалі яго і нанесьлі траўмы.
Беспрацоўнага Ігара Крыштона ў Воршы суд аўтрафаваў на 1 б.в. за плякаты «Свабоду Казуліну».
У Менску затрымалі Віталя Супрановіча і Віталя Зыблюка: на іх былі значак «За свабоду!» і бел-чырвона-белая майка са старым лягатыпам «Басовішча».

19 ліпеня


Арганізатару сустрэчы ў траўні ў Ратамцы абаронцаў намётавага гарадку Алесю Мазуру прыйшла позва ў суд: яго вінавацяць у парушэньні прыродаахоўнага заканадаўства. Справа была накіраваная ў суд Сьветлагорскага раёну, дзе Мазур прапісаны, але позву ён атрымаў з спазьненьнем.
На пікеце з расьцяжкай «Адмена саюзу з Расеяй!» на плошчы Перамогі ў Менску затрыманыя Дар’я Малдаванава і непаўнагадовыя Тацяна Камкар, Максім Салаўёў, Руслан Мацьвееў, Настасься Шашкова. Непаўнагадовых адпусьцілі, а Малдаванаву завезьлі на Акрэсьціна і за «дробнае хуліганства» наступнага дня аштрафавалі на 2 б.в.

20 ліпеня


У Салігорску міліцыянты затрымалі моладзевага актывіста Глеба Сандраса, правялі асабісты дагляд і канфіскавалі ў яго 1,5 тыс.налепак.
Моладзевага актывіста Вадзіма Бабілу выклікалі ў Асіповіцкую ўправу КДБ сьведкам у справе «Маладога фронту».
Моладзевай актывістцы з Рагачова Каці Жылінскай пагражае штраф у 50 б.в. (1,55 млн руб.): яе вінавацяць у адміністрацыйным парушэньні пры прыёме грашовых сродкаў – нясвоечасовым скасаваньні чэка.
Суд над Юрасём Іванюковічам, якога вінавацяць за нанясеньне надпісаў на беларускім пасольстве ў Маскве, перанесены на 17 жніўня: на працэс не зьявіўся перакладчык.

21 ліпеня


Гомельскую моладзевую актывістку Юлію Сівец афіцыйна папярэдзілі ў пракуратуры за дзейнасць у моладзевым цэнтры «Гарт», зачыненым уладамі ў 2003 г.
Менскі гарадзкі гаспадарчы суд пазбавіў царкву «Новае жыцьцё» будынку дзе ладзяцца богаслужэньні. За памяшканьне ў 1600 кв.м царкве заплацяць 37,5 млн руб. кампэнсацыі.
Суд Цэнтральнага раёну Гомелю палічыў правільнай забарону на Чарнобыльскі мітынг, які меркавалася правесьці ў красавіку. Адмову абскарджваў актывіст ПКБ Васіль Палякоў.
Менгарвыканкам адмовіў у дазволе на правядзеньне канцэрту на плошчы Бангалор 27 ліпеня. Акцыя прымяркоўвалася да гадавіны прыняцьця Дэклярацыі аб незалежнасьці.

22 ліпеня


У Салігорску падчас акцыі падтрымкі А.Казуліна жорстка зьбітыя пры затрыманьні непаўналетнія моладзевыя актывісты Іван і Ільля Шыла. Ільлю Шылу, які фатаграфаваў акцыю, прывезьлі ў пастарунак у кайданках. Былі затрыманыя таксама двое людзей на плошчы, якія проста назіралі за акцыяй.
22 ліпеня зьнік актывіст АГП і абаронца намётавага гарадку Дзяніс Дзянісаў. Ён знайшоўся толькі праз 2 дні: паведаміў, што яго зьбілі невядомыя, выкралі й вывезьлі ў Расію. Там ён, зь ягоных словаў, змог ад іх зьбегчы. Тацяна Елавая, якую таксама спрабавалі скрасьці, уцякла ад невядомых яшчэ ў Менску.
Каля расейскага пасольства ў Менску затрыманыя грамадзяне Расеі Мікалай Збарашэнка і Кацярына Вінакурава з моладзевага руху «Абарона», а таксама грамадзянін Беларусі Віктар Сімановіч. Яны пратэставалі супраць саміту СНД у Маскве і таго, што Расія падтрымлівае беларускі рэжым. Расейцаў адпусцьцілі, склаўшы пратаколы за адміністрацыйнае парушэньне і прызначыўшы суд на 26 ліпеня.

24 ліпеня


Менгарсуд задаволіў скаргу незалежнага прафсаюзу РЭП і забавязаў суд Савецкага раёну Менску разгледзець справу пра адмову ў рэгістрацыі прафсаюзнай суполкі на МАЗе.
Стала вядома пра датэрміновае вызваленьне Сяргея Ляшкевіча – 27 ліпеня. Асуджаны на 5 месяцаў арышту актывіст павінен быў выйсці на волю 11–12 жніўня.
У Магілеве ўлады не дазволілілі акцыю пратэсту незалежнага прафсаюзу РЭП супраць нерэгістрацыі прафсаюзных суполак, прызначаную на 25 ліпеня, бо не было дамовы на ўборку тэрыторыі. Новую заяўку падалі на 9 жніўня.
Дэпутатку Круглянскага райсавету Зінаіду Мілешчанку не пусцілі на прыём да кіраўніка палаты прадстаўнікоў Уладзіміра Канаплёва, які прыехаў у сваю выбарчую акругу ў Круглае. Дэпутатцы заявілі, што Канаплёў не жадае з ёй сустракацца, бо яна ўздымае непрыемныя пытанні, сьцьвярджае сама сп-ня Мілешчанка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?