Гутарка з лідэрам «Маладога фронту».

 Фота Юліі Дарашкевіч.

Фота Юліі Дарашкевіч.

«Наша Ніва»: Што сёння сабой уяўляе «Малады фронт»? Не разваліўся пасля фільма БТ «Кіднэпінг»?

Зміцер Дашкевіч: Заўсёды цяжка адказваць на такія пытанні. Колькасць людзей, якія сімпатызуюць МФ, можа быць адна, колькасць сяброў па дакументах — другая, людзей, якія штотыдзень займаюцца актыўнай дзейнасцю, — трэцяя. Але новыя людзі прыходзяць, і гэта радуе. Калі ў 2001 годзе сярэдні ўзрост маладафронтаўцаў быў 15 гадоў, то цяпер — 20. Гэта ў асноўным студэнты. Сітуацыя ў краіне змянілася. Людзі пазней даведваюцца, што такое бел-чырвона-белы сцяг, пазней чуюць беларускую мову, і рашэнне пра палітычную дзейнасць прымаюць пасля больш сур’ёзных роздумаў.

«НН»: Дзе сёння ёсць моцныя рэгіянальныя суполкі МФ?

ЗД: Маем 30 рэгіянальных структур. Найбольшыя ў Жодзіне, Салігорску, Мастах, Баранавічах.

«НН»: А сённяшнія лідэры хто?

ЗД: Сённяшнія — гэта салдаты Іван Шыла і Зміцер Хведарук. Праз год яны з гонарам адслужаць і пяроймуць кіраўніцтва МФ. Дарэчы, у войску яны працягваюць размаўляць па-беларуску. Гэта таксама Наста Палажанка, якая ў 2007 годзе прайшла праз крымінальны суд. Новыя твары — гэта Мікола Дземідзенка, наша надзея. Таксама юрыстка Наста Лойка. І прэс-сакратарка Таня Шапуцька — надзвычай працавіты чалавек. Гэтыя людзі не толькі будучыня МФ, але і будучыня Беларусі.

«НН»: А задачы МФ якія? Што канкрэтна ён робіць сёння?

ЗД: Мы дабіваемся вызвалення несправядліва асуджанага Арцёма Дубскага. Увосень разгортваем кампанію «Беларускую кнігу — дзецям». Вядзём кампанію «За праўдзівы назоў» — дабіваемся, каб назва краіны паўсюль была «Беларусь», а не «Белоруссия». Дала плён кампанія па беларусізацыі аператара мабільнай сувязі МТС. Распаўсюджваем інфармацыю аб нацыянальных сімвалах. Будзем дзейнічаць для Беларусі і на прэзідэнцкіх выбарах: будзем падтрымліваць нацыянальнага кандыдата.

«НН»: У сувязі з абвешчанай лібералізацыяй ціск на сяброў МФ зменшыўся?

ЗД: Змяніліся формы. Раней мы сутыкаліся з лабавым сутыкненнем (затрыманні, арышты), а цяпер не саджаюць, а даюць штрафы. Спецслужбы запужваюць бацькоў, бабулек. Пагражаюць пазбавіць працы, дзяцей выгнаць са школы. На жаль, у большасці выпадкаў гэтыя інцыдэнты не трапляюць у СМІ, бо людзі баяцца. Між тым, публічнасць лёгка ратуе ад такога ціску.

«НН»: Не балюча, што людзі трапляюць пад такі прэс, прыходзячы ў арганізацыю?

ЗД: Мы ўсіх новых сяброў адразу папярэджваем пра наступствы, якія могуць быць. Мусім разумець: толькі нацыянальная ідэя і хрысціянскія прынцыпы могуць прывесці да адраджэння Беларусі. І толькі арганізаванай палітычнай барацьбой можна гэтага дабіцца.

* * *

Зміцер Дашкевіч

нарадзіўся 20 ліпеня 1981 у вёсцы Кушняры (Івацэвіцкі раён). Да 1986 пражываў з бацькамі ў Магаданскім краі, потым — у Старых Дарогах. У 2001 далучыўся да дзейнасці МФ, кіраўніком якога стаў у 2004. За дзейнасць МФ як незарэгістраванай арганізацыі ў верасні 2006 яго арыштавалі і асудзілі на паўтара года зняволення. У студзені 2008 вызвалены на паўтара месяца раней тэрміну пад ціскам Еўрасаюза.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?