Вынікі першых матчаў беларускіх клюбаў у Кубку УЭФА надавалі аптымізму. БАТЭ ў Барысаве два тыдні таму без варыянтаў перамагло малдаўскі «Ністру» – 2:0. Але лік не адлюстроўваў рэальных сілаў на полі. Барысаўцы маглі забіць і пяць галоў.

Менскае «Дынама» ў гасьцёх у польскім Любіне (ня блытаць зь Люблінам!) разыграла выніковаю нічыю – 1:1 – зь мясцовым «Заглэмбе». Заставалася задача не прапусьціць удома. Пагатоў беларускія клюбы ў эўракубках яшчэ ні разу не саступалі польскім. І «Дынама» 27 ліпеня з гонарам выканала гэтую задачу.

Ужо ля падыходу да стадыёна было відаць, што на гульню зьбіраецца паглядзець нямала народу. Першаснае ўражаньне не падманула – пяць з паловай тысячы гледачоў. Канечне, для Гомеля ці Барысава гэтая лічба не такая ўжо і вялікая, але для расьпешчанай відовішчамі сталіцы – гэта нямала. Народ пільна кантралявалі байцы ПМНС і жаўнеры в/ч 3214. Іх таксама было не нашмат меней за гледачоў.

Унутраны голас падказваў – ня варта ў гэтай гульні чакаць фэерыі галоў, як у нядаўнім матчы чэмпіянату «Дынама» – БАТЭ, абедзьве каманды найперш будуць аддаваць увагу абароне. Так яно й атрымалася.

Першы тайм атрымаўся сумным. Супернікі агулам нанесьлі па варотах удараў пяць. Толькі ў сярэдзіне тайму гледачы схапіліся за галовы. Аборонца «Заглэмбе» зьбіў у нейкім мэтры ад сваёй штрафной бразыльскага легіянэра «Дынама» Эду. Палякі, напэўна, ня ведалі, як выконвае падобныя стандарты малады мянчук Сяргей Кісьляк. Ён упэўнена падышоў да мяча і паслаў яго ў лічаных сантымэтрах вышэй папярэчыны. Астатні час гледачы адкрыта нудзіліся. Сьмяшыў іх хіба азэрбайджанскі арбітар Аліеў, раз-пораз прымаючы не зусім адэкватныя рашэньні.

У другім тайме ў складзе менчукоў замест інэртнага бразыльца Марсіё зьявіўся «дынамаўскі» плеймэйкер Віталь Валадзянкоў, які нядаўна выправіўся пасьля траўмы. Ён унёс у гульню беларусаў нейкую сьвежасьць, але істотна зьмяніць малюнак гульні ня змог. Гледачы й надалей працягвалі сумаваць, а матч няспынна працягваў блізіцца да свайго фіналу. Палякі сталі ўсё больш актыўна агрызацца ў атацы. Нават падумалася, ці не праявіцца й сёньня старая беларуская хвароба прапускаць галы на апошніх хвілінах матчу. І, сапраўды, сэрца час ад часу ёкала, калі форварды «Заглембе» падыходзілі бліжэй да варотаў Артура Ляська, але ў той вечар абарона «Дынама» была непраходнай. Вопытны Сяргей Паўлюковіч не даваў палякам ні часу, ні прасторы для прыняцьця рашэньняў. Напрыканцы «дынамаўцы» яшчэ маглі забіць гол, але пасьля моцнага ўдара Валадзянкова сытуацыю выратаваў польскі галкіпэр Лібэрда.

Ужо ў дададзены арбітрам час гульцы «Заглэмбе», зразумеўшы, што ня змогуць прайсьці ў наступны раўнд, распачалі невялічкую бойку, але яна ня скончылася нават выдаленьнем нікога з футбалістаў. Прайшло некалькі сэкундаў і арбітар даў фінальны сьвісток. «Коўч» сталічнай каманды Аляксей Пятрушын пераможна ўскінуў рукі ўгору. Такія матчы, калі ўсё можа вырашыць адзін гол, не дадаюць трэнэрам здароўя.

Гэта быў паядынак абсалютна роўных каманд, дзе болей пашанцавала «Дынама». Беларусы па-ранейшаму не саступаюць у эўракубках палякам.

БАТЭ ў сваю чаргу без праблем перамагло «Ністру» і ў Кішынэве, усё вырашыў адзіны гол, які на 30-ай хвіліне забіў Генадзь Блізьнюк. І гэта добра – лішнія эўрапункты беларускім клюбам не зашкодзяць.

Сёньня, 28 ліпеня, а 14-й адбудзецца лёсаваньне другога кваліфікацыйнага раўнду Кубка УЭФА. Няхай для беларускіх клюбаў яно будзе шчасьлівым.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0