Змены і дапаўненні ў правілы беларускай мовы ўводзяцца ў Беларусі з 1 верасня 2010 года.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі паведаміў дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы НАН Беларусі, доктар філалагічных навук, прафесар Аляксандр Лукашанец. Ён таксама зазначыў, што дадзеныя змены не з’яўляюцца рэформай: «Рэформа беларускай мовы была толькі ў 1933 годзе, усе астатнія, у тым ліку і ў1959 годзе, – гэта толькі змены і дапаўненні ў наяўныя правілы, якія былі звязаныя з натуральным працэсам развіцця мовы».

Паводле слоў прафесара, навукоўцы ішлі да змены правілаў 15 год і, нарэшце, час прыспеў. На пытанне адносна таго, што ж пагражае за непадпарадкаванне СМІ і выдавецтваў новаму правапісу, удзельнікі прэс-канферэнцыі, у складзе якіх быў прафесар Віктар Іўчанкаў і вядучы інспектар Мінадукацыі Ірына Булаўкіна, так і не змаглі даць дакладны адказ.

Прафесар Лукашанец падчас канферэнцыі таксама выказаўся і наконт правапісу паводле граматыкі Тарашкевіча:

— Мы павінны ставіцца да тарашкевіцы правільна. Тарашкевіца, ці правапіс паводле граматыкі Тарашкевіча, і тыя беларускамоўныя выданні, якія выдаваліся ў свой час паводле гэтага правапісу, — гэта наша культурна-гістарычная спадчына, — мяркуе прафесар. —Мы павінны яе зберагаць і шанаваць. І будзе абсалютна нармальна, калі будуць з’яўляцца факсімільныя выданні, перавыданні твораў беларускіх пісьменнікаў і навуковыя творы, напісаныя гэтым правапісам.

ВЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0