Беларусь запрашае Літву да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы ядзернай энергетыкі. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв'ю літоўскім СМІ.
Адказваючы на пытанне, якое датычыцца будаўніцтва беларускай АЭС, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што рашэнне аб гэтым прынята ўжо, станцыя будзе пабудавана ў Астравецкім раёне. Цяпер вядзецца будаўніцтва адпаведнай інфраструктуры. Першы блок станцыі плануецца здаць у 2016 годзе, другі — у 2018-м.
«Я думаю, з прэзідэнтам [Грыбаўскайтэ] мы абмяркуем, што і Літва можа праявіць цікавасць да будаўніцтва гэтай станцыі. Мы не выключаем, што электраэнергію мы зможам прадаваць, калі гэта будзе выгадна», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.
«Мы гатовы зрабіць так, каб гэта было выгадна літоўскаму боку. Гэта бізнес-праект, акупны праект», — дадаў ён.
«Мы не хочам мець на межах важнага напрамку нашага супрацоўніцтва, нядобразычлівых людзей. Мы вельмі разлічваем на нашы балтыйскія дзяржавы, асабліва на Літву. Вы ведаеце наш, у тым ліку і прагматычны, разлік», — дадаў А.Лукашэнка.