Фільм здымае аўтар «Акупацыі» Андрэй Кудзіненка.

Праз зялёныя голкі прабіваецца сонца. Святар-уцякач туманнаю раніцай крочыць па лясной дарозе. Насустрач яму выходзяць італьянскія партызаны-гарыбальдзійцы (на фота). Святар падсаджваецца на вазок, змагары ўрачыста рухаюцца па дарозе.

Гэта фінальныя кадры фільма «Масакра», здымкі якога пачаліся 14 верасня. Італьянскім лесам сталася алея туй у Батанічным садзе, зухаватага святара сыграў актор Аляксандр Колбышаў. Канём кіраваў рэжысёр Андрэй Кудзіненка ў касцюме кучара, а партызанамі выступілі іншыя ўдзельнікі здымачнай групы: аператар Аляксей Убейвоўк, мантажнік Аляксандр Дэбалюк, мастакі Артур Клінаў і Антон Гвоздзікаў. Музыка Сяргей Пукст граў на мандаліне Вердзі.

Новая стужка «Масакра» паводле матываў «Локіса» Праспера Мэрымэ — гатычная трагікамедыя жахаў. Як кажа сам рэжысёр — бульба-хорар, калі і страшна, і смешна. Дзеянне фільма адбываецца ў Беларусі пасля паўстання Каліноўскага. Але вайна не завершаная. Акупанты сутыкнуцца з мядзве¬дзямі-пярэваратнямі.

Журналісты атакуюць рэжысёра: «А кроў калі будзе? А адмысловыя эфекты? А кіпцюры і зубы чалавека-мядзведзя?»

«Мядзведзь Сцяпан будзе», — не жадае раскрываць карты творца.

У новай карціне граюць Аляксандр Колбышаў, Святлана Зелянкоўская, Сяргей Журавель.

Запрошаны ў карціну і малы спявак Юры Дземідовіч. Як паведаміў Андрэй Кудзіненка, у карціне вакантная роля хлопчыка, якога па сцэнары таксама клічуць Юрам. Хлопчыку ідэя зняцца ў кіно спадабалася, адно пратэстуюць куратары з БТ — баяцца, каб спявак не прастыў перад «Еўрабачаннем».

На «Масакру» выдзелена 5 млрд рублёў. Здымкі мусяць завяршыцца 27 снежня, а здача карціны запланаваная на 2 ліпеня налета.

 Фота Алеся Кудрыцкага.

Фота Алеся Кудрыцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?