Барысаўскі БАТЭ прайграў у матчы першага туру групавога турніру Лігі Еўропы лісабонскай «Бенфіцы» з лікам 0:2.

Матч прайшоў у чацвер, 17 верасня, у Лісабоне на стадыёне «Эштадзіу да Луш».

На 36-й хвіліне лік адкрыў пасля пазіцыйнай памылкі Аляксандра Юрэвіча гулец зборнай Партугаліі Нуну Гомеш – Сяргей Верамко быў бяссільны. На 41-й хвіліне лік падвоіў парагвайскі легіянер 31-разовага чэмпіёна Партугаліі Оскар Кардоса.

Што да БАТЭ, то беларусы мелі некалькі добрых шанцаў прынамсі скараціць лік.

Так, на 70-й хвіліне меў някепскі шанец у чужой штрафной Віталь Радзівонаў, але не патрапіў галавой па мячы. Праз чатыры хвіліны пасля выдатнага праходу таго ж Радзівонава, не змог запіхаць мяч у вароты Аганэс Гааран. Галкіпер партугальцаў Жуліо Сезар яшчэ раз выручыў на 82-й хвіліне пасля ўдару Гаарана.

З іншага боку нашых колькі разоў выручаў Верамко.

У нашай групе «І» ліверпульскі «Эвертан» разбіў афінскі АЕК – 4:0 (Ёба, 10, Дыстэн, 17, Піенар, 37, Жо, 82).

Турнірнае становішча: Эвертан, Бенфіка – 3, БАТЭ, АЕК – 0.

***

Наступны матч БАТЭ правядзе 1 кастрычніка. Гэта будзе гульня ў Мінску супраць англійскага «Эвертана».

АЕК у гэты дзень у Афінах згуляе з «Бенфікай».

22 кастрычніка – матч у Мінску супраць АЕКа, 5 лістапада з АЕКам у гасцях, «Бенфіка» прыедзе ў Мінск 2 снежня.

Нагадаем, што летась барысаўскі БАТЭ гуляў у групавым турніры Лігі чэмпіёнаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?