Апроч таго хакеісты збіраюцца прапагандаваць беларускую мову, а ў якасці шоўмэнаў на спартовыя спаборніцтвы запрашаюць вядомых дыджэяў і вядоўцаў рок-канцэртаў.

Адзіны ў Кантынентальнай хакейнай лізе беларускі клуб «Дынама-Мінск» вырашыў цалкам змяніць падыход да аздаблення матчаў са сваім удзелам. Хакеісты зрабілі стаўку на рок-н-рол і беларускую мову. Пра гэта расказала прадстаўніца клуба Юля Ўласава: «У КХЛ гуляюць тры клубы «Дынама»: «Дынама-Масква», «Дынама-Рыга» і «Дынама-Мінск». Мы выдатна разумеем, што мы ўсе «Дынама», але кожны з нас нечым адрозніваецца. Чым «Дынама-Мінск» адрозніваецца ад «Дынама-Масква» альбо «Дынама-Рыга»? Тым, што яно мінскае, і тым, што яно беларускае. Менавіта таму мы ўсё больш і больш будзем прасоўваць беларускамоўнасць. Што ж тычыцца рока, хакей — гэта спорт суровых мужчын. Суровыя мужчыны значна больш асацыююцца з рокам, чым з поп-музыкай».

Але, кажа, рашэнне гэтае не было спантанным. Яшчэ летась хакейны клуб правёў апытанне сярод фанатаў і высветліў, што падчас матчаў яны хацелі б чуць «Краму» і N.R.M., а не Ірыну Дарафееву, напрыклад.

Юля Ўласава: «Мы вельмі пазітыўна ставімся да Ірыны Дарафеевай, але мы прааналізавалі, колькі адсоткаў мужчын і колькі жанчын сярод нашых фанатаў. Гэта ўсё ж больш мужчыны і больш моладзь. Якім, я вас упэўніваю, бліжэй рок-музыка. Летась мы апытвалі наш фан-сектар, якую музыку яны хацелі б чуць, — і большасць называлі менавіта беларускіх музыкаў».

У клубе нават ужо склалі спіс гуртоў, якія хацелі запрасіць выступіць у перапынках хакейных матчаў, і песень, якія б натхнялі хакеістаў на перамогу. Засталося толькі ўдакладніць усе нюансы з самімі музыкамі. Каб ведаць іх стаўленне да гэтага і не парушыць аўтарскія правы ў выпадку з выкарыстаннем іх песень.

Юля Ўласава: «У нас ёсць спіс гуртоў, з якімі мы б хацелі дамовіцца на выступ. Але тут, зразумела, усё залежыць ад грошай, ад апаратуры. Што тычыцца песень, то ў гэтым спісе ёсць песні Аляксандра Памідорава, кампазіцыі гуртоў «Сьцяна», N.R.M, «Уліс», «Ляпіс Трубяцкой». «Крама», безумоўна. «Крама» і «Палац» у нас будуць гучаць дакладна».

Еўрарадыё даведалася, як музыкі ставяцца да магчымасці выступу на лядовай пляцоўцы і да таго, каб іх песні гучалі падчас хакейных матчаў.

Лідэр N.R.M Лявон Вольскі расказаў пра тое, што кавалак песні «Гадзючнік» ужо гучаў на матчы «Дынама». І ён не мае нічога супраць гэтага.

Лявон Вольскі: «Мне ўжо казалі, што падчас матчу «Дынама» і нейкага там яшчэ, я не вельмі добра разбіраюся ў хакеі, ужо гучаў «Гадзючнік»!. У якасці спартовага гімну прыпеў гучаў, што «ўсё роўна мы пераможам». Яно даволі прыкольна, мне спадабалася. Хай спартоўцы карыстаюцца, можа сапраўды натхніць на перамогі. Я ж не супраць таго, каб беларускі спорт перамагаў — толькі за! Рукамі, нагамі і ўсім астатнім”.

Не бачыць ён нічога дрэннага і ў тым, каб падбадзёрыць хакеістаў энергетыкай жывога канцэрта. Можа, кажа, гэта іх падштурхне да таго, каб усіх «парваць».

Добра ставіцца да таго, што песні «Улісу» будуць гучаць падчас матчаў, і лідэр гурта Слава Корань. Але сумняваецца, што арганізатары здолеюць стварыць неабходныя ўмовы для жывога рок-канцэрта на хакеі.

Слава Корань: «Калі камусьці падабаецца «Уліс» — няхай гучаць песні. Але вельмі цяжка зрабіць выступ падчас матчу. Я не ведаю, як гэта магчыма. Але тэарэтычна я не супраць выступіць. Толькі трэба дакладна зразумець, як гэта магчыма і як гэта будзе».

Дарэчы, «Дынама» збіраецца не толькі ўпрыгожыць хакей рок-н-ролам, але і памяняць вядучых на матчах. Ужо некалькі разоў ля мікрафона на лядовай пляцоўцы працаваў праграмны дырэктар радыёстанцыі «Радиус FM» Уладзімір Богдан. Зараз ідуць перамовы з Аляксандрам Памідоравым, якога аматары беларускага рока бачылі ў якасці вядучага на сцэне фестывалю «Басовішча».

Еўрапейскае радыё для Беларусі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0