Архімандрыт за рулём

«У вас сьвятарства расслабленае, разьлененае, — кажа настаяцель Супрасьлеўскага манастыра архімандрыт Гаўрыла. — А мы тут мусім штодня змагацца. За кожную душу!» Айца Гаўрылу выклікалі ў Варшаву, і абяцанае інтэрвію адбываецца між Супрасьляй і Беластокам на хуткасьці 80 кілямэтраў за гадзіну.

«Колькі ў вас манахаў?» — «Ваенная тайна! Скажаш мала — будуць думаць, слабое праваслаўе, скажаш многа — недругі задумаюцца». У прымружаных вачах айца Гаўрылы бліскае іронія: «Вось колькі летась у вас на Гарадзеншчыне новых сьвятароў зьявілася ў прыходах? Ня ведаеш? А мы ведаем! У нас выведка — як у Ватыкану. Іначай тут няможна!..»

Архімандрыт дамчаў мяне да Беластоку за пятнаццаць хвілін. Аўтобусам ехаць хвілінаў сорак. Праўда, палову часу займае дарога праз сам Беласток. Горад запамінаецца багацьцем перадвыбарнай рэклямы: Польшча перажыла прэзыдэнцкую і парлямэнцкую кампаніі. Ды што горад — каляровыя ўлёткі з тварамі кандыдатаў расклееныя нават у лесе на дрэвах уздоўж шашы.

Найбольшая сьвятыня Падляшша, Супрасьлеўскі манастыр, стаіць воддаль мястэчка. Музыка старой архітэктуры. Чаму цяпер не будуюць так прыгожа? І адкуль у продкаў была такая яснасьць стылю? Мо папросту «Русское Радио» ня слухалі?

Дыямэнт манастыра, Дабравешчанскую царкву, зьнішчаную ў вайну дазваньня, пачалі адбудоўваць дваццаць гадоў таму. Беларускі ўрад у пачатку 1990-х выдаткаваў на сьвятыню 200 тысяч штук цэглы і 500 м3 граніту. Першы камень у падмурак закладаў тагачасны япіскап беластоцка-гданьскі Сава, цяпер мітрапаліт Польскай праваслаўнай царквы. Сёньня сястра Сынкавіцкай і Маламажэйкаўскай цэркваў падпірае неба магутнымі вежамі. І яшчэ на дваццаць гадоў рэстаўратарам досыць працы ў Супрасьлі — левае крыло манастырскіх будынкаў пакуль цалкам нежылое. Вакол мітусяцца работнікі. На пажухлай восеньскай траве стаяць дзьве цыбулепадобныя макаўкі, абабітыя медзьдзю.

Уланская бабка

Застаць у манастыры кагосьці з начальства ўдалося ня зь першага разу. Пасьля працяглых званкоў дзьверы манастырскай прыёмнай адчыніла кабета. Сталая, у белым кухарскім халаце. «Архімандрыта няма. І нікога няма. Зьмітраўская субота — дык яны на могілках усе». Чакаючы прыёмнае гадзіны, туляюся Супрасьляй. Золкая раніца. Над комінамі сьцеляцца ўтуль-ныя восеньскія дымы. Акуратныя абшаляваныя хаткі, ружы ў палісадніках, на кожнай брамцы — надпіс: «Uwaga, ostry pies». Нават калі той «пес» — кату па пяту.

Супрасьля патроху ператвараецца ў курорт. Экалёгія і дух вабяць сюды прыежджых з Варшавы: квадратны мэтар зямлі тут каштуе, нібы ў сталіцы. Дзе-нідзе на вуліцах відаць указальнікі: «Найманьне пакояў». Праўда, турыстычная інфраструктура толькі ў плянах. Яна мусіць паўстаць у наступныя дзесяць гадоў на грошы Эўразьвязу. Пакуль жа а восьмай ранку ў мястэчку няма дзе дзецца. Адзіны заўважаны «Бар» працуе ад 11-й. І прэзэнтуе «рэгіянальную кухню». Страва дня — «бабка бульбяная, уланская».

У шапіку з прэсай, побач з рэспэктабэльнымі «Газэтай Выборчай», «Жэчпасполітай», ляжыць «Наш дзеньнік», газэта праварадыкальнай Лігі польскіх сем’яў. Гэтая газэта прадаецца і ў прадуктовых крамах. Кожны нумар прысьвечаны пэўнай мясцовасьці і мае каляровую ўкладку з этнаграфічнымі хаткамі, народнымі строямі, зьвярамі і птушкамі. Газэта беларусаў Беласточчыны «Ніва» — у далёкім куце, заторкнутая за дзіцячыя кніжкі. Ківаю кіяскёрцы: «Ці добра «Ніва» прадаецца?» «Прадаецца».

У Супрасьлі два касьцёлы. Той, каторы бліжэй да манастыра, быў перад вайной лютэранскай кірхай. Куды падзеліся пратэстанты? Хто за немцамі падаўся на Захад, хто ўглыб Польшчы, рэшта распусьцілася між праваслаўных і каталікоў. Зранку былая кірха зачыненая. У касьцёле мша. Шэсьць бабулек у махеравых бэрэтах, ксёндз і копія іконы Маці Божай Вастрабрамскай у аўтары. «Гэта з раніцы, людзі ж усе на працы, — камэнтуе эўрапеізаваная магазыншчыца ў супэрмаркеце. — А так два касьцёлы сябе спраўджваюць». Зь пяці тысяч насельнікаў Супрасьлі праваслаўных сямсот чалавек. «Калі царквы не было, яны ў касьцёл хадзілі некаторыя...» «Калатні няма. Ксёндз з папом размаўляюць», — дадае стары, што падграбае лісьце ля касьцёлу.

Апошняя супрасьлеўская «калатня» тычылася «катакомбаў» — рэшткаў царквы Ўваскрасеньня Хрыстова паблізу манастыра. У яе скляпеньнях хавалі заснавальнікаў Супрасьлеўскага манастыра. І пахаваньні, і сама царква былі зьнішчаныя пасьля вайны. Спрэчка за гэтыя падмуркі — апошняе водгульле змаганьня за ўвесь манастырскі комплекс, які ў сваім доўгім жыцьці быў праваслаўным і ўніяцкім. Катакомбы ўрэшце засталіся за манастыром. Цяпер яны абнесеныя будаўнічай стужкай. Побач, як абярог, — праваслаўны і каталіцкі крыжы, счэпленыя супольнай папярэчынай.

Манастыр на курорце

«У касьцёле няма такога духу моцнага, такой містыкі, як у нас. У некаторых каталіцкіх кляштарах дапускаецца, каб манахі займаліся мэдытацыямі нават нехрысьціянскіх культаў. У нас гэта непадумна. Наша крыніца — благадаць Духа Сьвятога, калі людзі зносяцца праз дапамогу духоўных цэнтраў, каторыя прасьвятляюць чалавека, даюць яму новы напрамак. Такія крыніцы духоўныя — манастыры, цудатворныя іконы, сьвятыя мошчы, Афонская гара ў Грэцыі, Кіева-пячэрская лаўра, у вас Жыровіцкі манастыр, Троіца-сергіева лаўра на Русі, другія манастыры, намоленыя вякамі, благадатныя...»

Мы гутарым з архімандрытам Гаўрылам у манастырскай перадканцылярыі. Салідная разная мэбля, фатэлі, кілімы. На сьценах — самыя розныя карціны: ад рэалістычнага Сергія Раданескага да імпрэсіяністычнага афорціка Сьвятой гары Грабаркі. Гэта ўсё падарункі манастыру ад вучняў. Айцец Гаўрыла ў манастыры ад самага яго адраджэньня. Спачатку яны тут былі ўдвох з намесьнікам. Намесьнік цяпер стаў апекуном праваслаўных салдатаў Войска польскага. «Япіскап з «калашнікавым». Лётаў летась у Ірак да сваёй паствы.

Іканапісная школа на Беласточчыне адна — у Бельску. Але пры кожным манастыры ёсьць свая майстэрня. Чым яшчэ займаецца брація? Хто на што здатны, кажа айцец Гаўрыла, робячы мне ксэру манастырскага распарадку дня. Госпад заклікае людзей у манастыр, і тыя, каторыя надаюцца да школаў, ідуць у сэмінарыю. Іншыя дапамагаюць кухарцы на кухні, нехта водзіць экскурсіі. Хто мае слых, сьпяваюць у невялікім хоры. Апроч яго пры манастыры ёсьць дзіцячы хор «Загадка». На бліскучыя кубкі, якія «Загадка» атрымала за выступы ў Грэцыі, Нямеччыне, Расеі, Беларусі, адведзеная шафка.

Айцец Гаўрыла цешыцца з курортнае будучыні Супрасьлі. Манастыр — найпершы пункт усіх экскурсіяў. «Гэткім чынам мы абуджаем у людзях цікавасьць да праваслаўя». Зьвініць званок: прыехалі школьнікі на экскурсію. Айцец Гаўрыла вядзе паказаць царкву Яна Багаслова, што месьціцца проста ў жылым корпусе, пакуль яе не запаланілі экскурсанты. Невялікі прыцемнены храм. Перад абразом Усіх беларускіх сьвятых гарыць лямпадка. Архімандрыта абрывае званок сотавага тэлефону. Манахам можна карыстацца сотавікамі. Але фатаграфаваць архімандрыт забараняе.

Каля манастырскай кухні натыкаемся на прыхілены да сьцяны чырвона-зялёны сьцяг. Мо гэта неяк зьвязана з тым, што напярэдадні манастыр наведала здымачная група БТ?

З натугай адчыняюцца каваныя дзьверы ў галоўны супрасьльскі храм. Гіганцкая, магутная на выгляд царква ўсярэдзіне не вялікая. Абарончае дойлідзтва – не паветраная готыка. Грубыя сьцены, магутныя скляпеньні, невялічкія вокны-байніцы. На трохмэтровай вышыні ад падлогі – пас беларускай цэглы. Яна сьвятлейшая за мясцовую. Айцец Гаўрыіл пстрыкае рубільнікамі і электрычнае сьвятло залівае храм. Няма яшчэ тынкоўкі, росьпісаў. Будуць фрэскі, новы іканастас, спасыдыі — спэцыяльныя крэслы, за якімі можна і стаяць, і сядзець. Асаблівы гонар айца Гаўрылы — хорас-панікадзіла з абразамі сьвятых апосталаў і прарокаў: «Такога ў вас у Беларусі няма». Тутсама — копія цудатворнага абраза Маці Божай Супрасьлеўскай. Арыгінал быў вывезены ў 1914 годзе, падчас бежанства, у Маскву і там прапаў.

Ідзём нежылым манастырскім крылом. Звонку ён мае выгляд — увесь корпус накрылі мэталадахоўкай, паўстаўлялі эўравокны. У 2005 годзе манастыр атрымаў зь дзяржбюджэту Польшчы два мільёны злотых — гэта паўмільёна даляраў — на рамонт. Але ўсярэдзіне працы яшчэ пачаць і скончыць.

Айцец Гаўрыла разважае, пазіраючы на катакомбы: «Добра па-суседзку жыць. Касьцёл у Польшчы найбольшы. Павінен памагаць меншым цэрквам. Трэба папросту быць адкрытым».

Топ-навіна для праваслаўных

Нашы беластоцкія суродзічы паперадзе ўсіх беларусаў увайшлі ў Эўразьвяз. На гатэлі «Туркус», дзе я спыніўся, гэта яўна адбілася. Эўрапакеты на вокнах, Інтэрнэт, швэдзкі стол з раніцы. Праўда, зарэтушаваць размах сармацкай гасьціннасьці не ўдалося. У пакоі замест сьцяны — шафа-купэ зь люстэркамі. Адсоўваеш адну сэкцыю – трапляеш у лазенку, адсоўваеш іншую — трапляеш, уласна, у шафу. Прычым у шафу таксама трэба заходзіць. Куды там Старой Эўропе зь яе культам кампактнасьці і алягічных калідорчыкаў. З акна «Туркусу» адкрываецца від на цудоўны барочны касьцёл — паўзьверх бэнзазапраўкі.

Беластоцкія храмы не абыдзеш за тыдзень. Іх тут больш, чым у двухмільённым Менску. Папросту сядзьце ў гарадзкі аўтобус, электроннае таблё якога паказвае, апроч інфармацыі пра маршрут, чые сягоньня імяніны. І пабачыце канструктывісцкі касьцёл, падобны як да стамбульскага мячэту, так і да менскай Опэры. Або постмадэрную царкву, архітэктар якой спалучыў готыку з уладзімера-суздальскім стылем.

Галоўны праваслаўны храм — сабор Сьв.Мікалая, побач якога месьціцца рэзыдэнцыя япіскапа беластоцка-гданьскага Якуба. У дольнай залі сабору зь верасьня ідзе польскамоўная служба. Яе ўвядзеньне было топ-навіною гэтага году.

Усяго праваслаўных у Польшчы каля 500 тысяч. Недзе палова зь іх — этнічныя беларусы. Астатнія — украінцы, палякі, лемкі. У большаЯсьці цэркваў Польшчы служаць па-царкоўнаславянску. Толькі япіскап-патрыёт Перамышлю ўвёў у сваіх храмах — усіх — украінскую службу. На Беласточчыне скрозь па-беларуску маліліся толькі ў часе вайны. Цяпер беларускую службу можна паслухаць у адной царкве Сьвятой Сафіі ў Беластоку. Польскую — ужо ў чатырох цэрквах: ва Ўроцлаве, Варшаве і дзьвюх беластоцкіх. Служба, разьлічаная на праваслаўных палякаў, бывае раз на тыдзень у дольных цэрквах. Але хто такія праваслаўныя палякі? Ці ёсьць яны?

«Гэта людзі аднаго пакаленьня, — пэўны гісторык і багаслоў, прафэсар Антон Мірановіч. — У наступным пакаленьні яны або пераходзяць да каталіцызму, або вяртаюцца да сваёй сапраўднай нацыянальнасьці. Сьвятары кажуць, што гэта служба для праваслаўных, якія маюць польскае нацыянальнае пачуцьцё, і для тых, хто жыве ў зьмяшаных шлюбах. Але большасьць прыходзіць туды зь цікавасьці...»

Бардзо задоволёны

Спусьціўшыся па крутых сходах у дольную царкву пры саборы, нібы трапляеш у часы катакомбнага хрысьціянства. Пяцьдзясят прысутных запаўняюць яе ўсю. Пакуль малады бацюшка моліцца па-польску, людзі моўчкі хрысьцяцца. Калі ж чытае «Ойча наш» па-царкоўнаславянску, яго суправаджае зладжаны хор вернікаў. У царкве многа моладзі. Выпускніца Бельскага беларускага ліцэю, якая слова ў слова паўтарала за бацюшкам царкоўнаславянскія малітвы, ня лічыць, што ў Беластоку патрэбная служба па-беларуску. «У Гайнаўцы мо ці ў Бельску, але ня тут. Здаецца, і ў Беларусі больш карыстаюцца расейскай мовай...»

Тры сталыя пані ў бэрэтах першы раз тут, але «бардзо задоволёны»: «Сувязь з царкоўнаславянскай мовай перарвалася, расейскай у школах ня вучаць, дзецям ужо нічога не зразумела. Па-беларуску маліцца? Нашто? Усе ж беларусы на працы тут карыстаюцца польскай мовай. Могуць і службу разумець...»

Высокі рудаваты Вячаслаў таксама вучыўся ў Бельску («мы там многа сьпявалі па-беларуску народных песень»). Пасьля скончыў гандлёвую школу, быў на стажах у Нямеччыне, на захадзе Польшчы. Кажа, там жывуць іначай: «Не глядзяць, ці ты брат, ці сын, бяруць на працу па здольнасьцях. А тут у Беластоку…» — ён махае рукою. На польскую багаслужбу ён прыйшоў упершыню, зь цікавасьці. «У Варшаве польскую службу ўводзілі мае аднагодкі», — кажа Вячаслаў з ухвалай. Падобна кажа й Дарыюш Жданюк, кіраўнік моладзевага праваслаўнага брацтва: «У Польшчы толькі чатыры царквы, дзе служба ідзе на мове тытульнай нацыі».

Качыньскі галасаваў супраць

«Для мяне гэта не пагроза, — пагаджаецца беларус-дэпутат Сойму Яўген Чыквін. — Пры маім жыцьці на польскія службы будзе хадзіць пара працэнтаў гэтых людзей. Якія і так сябе палякамі лічаць. А можа, бяз гэтага яны наагул не пайшлі б у царкву».

Ён ад 1989 году рэпрэзэнтуе Беласточчыну ў парлямэнце. Чыквін дабіваўся прыняцьця Закону аб стаўленьні дзяржавы да праваслаўнай царквы, паводле якога царкве адышла раней канфіскаваная маёмасьць. Другая заслуга Чыквіна — Закон аб нацыянальных меншасьцях. «Правыя не хацелі яго, — распавядае дэпутат, — казалі, яго прыняцьцё будзе пагражаць тэрытарыяльнай цэласнасьці. На шчасьце, Польшча ў Эўразьвязе, дзе правы меншасьцяў становяцца лякмусавай паперкай для дзяржавы. І цяпер, калі мяне журналісты пытаюць пра гэты канфлікт вакол гарадзенскіх палякаў, я кажу: Польшча прыняла такі добры закон аб сваіх мяншынях, мы маем права — маральнае — чакаць, што палякаў будуць трактаваць дастойна ў Беларусі».

Чаму выбарцы Гайнаўскага павету так масава галасавалі за Дональда Туска, хоць на Беласточчыне большасьць галасоў узяў Качыньскі? «Качыньскі — гэта правая партыя, зьвязаная з касьцёлам, — кажа Чыквін, — а нашы людзі гэтага пабойваюцца. Таму і ў «Салідарнасьць» не ішлі сваім часам, бо яна была зьвязаная з каталікамі».

Хай яе, тую палітыку

У 2003—2005 гадах дэпутат Чыквін узначальваў польска-беларускую міжпарлямэнцкую групу. «Два пераходы новыя адкрылі: у Белавежы і на Аўгустоўскім канале... Ад Беларусі ў той камісіі Чаргінец — старшыня. Я прапанаваў: давайце нейкімі канкрэтнымі справамі будзем займацца. Палітыку тую, хай яе... І яны пагадзіліся...»

Час ад часу спадару дэпутату даводзіцца гаварыць гучней, бо за сьцяною гудзе электрадрыль. У рэдакцыі часопісу «Przeglаd Prawosławny», які займае два пакойчыкі ў адной зь беластоцкіх друкарань, сканчаецца рамонт. Яўген Чыквін — рэдактар гэтага часопісу. Выходзіць «Пшэглёнд» па-польску, але зь беларускімі, украінскімі і расейскімі ўстаўкамі. Прадаецца ва ўсіх цэрквах. У верасьнёўскі нумар укладзеная ўлётка з справаздачай дэпутата за мінулыя чатыры гады ў сойме. У кастрычніцкім паведамлялася, што Яўген Чыквін пераабраны ў сойм 14 181 голасам. На вокладцы лістападаўскага — Яўген Чыквін з патрыярхам Алексіем ІІ і мітрапалітам Савам.

Існаваньне праваслаўных палякаў дэпутат пацьвярджае. «Ёсьць карэнныя палякі — нямнога — якія прынялі праваслаўе. Ёсьць і беларусы, што проста ў працэсе асыміляцыі сябе адчуваюць ці дэкляруюць палякамі, хаця іх дзяды яшчэ былі беларусамі. Але яны нашы людзі. Праз два ці тры пакаленьні яны вяртаюцца да беларускай самаідэнтыфікацыі. Так што яны ня страчаныя назусім, бо праз царкву маюць кантакт з усходнеславянскай культурай».

Думку аб тым, што царква, трымаючыся царкоўнаславяншчыны, кансэрвуе мэнталітэт тутэйшага і ўрэшце спрыяе палянізацыі, ён адкідае: «Без праваслаўя не было б і беларускага нацыянальнага жыцьця!» Як прыклад — беларусы-каталікі Сакольшчыны. «Іх гаворкі бліжэйшыя да літаратурнай беларускай мовы, чым беластоцкія, але там усе лічаць сябе палякамі. Беларусы палянізаваліся, пераяжджаючы ў гарады, у зьмяшаных шлюбах. Слабае тут беларускае культурнае жыцьцё, слабыя кантакты зь Беларусьсю — ну на што абаперціся? Культура польская, і тэатры, і кіно, і музыка. Кантакты адрэзаныя яшчэ пры савецкай уладзе. А службы па-беларуску непазьбежна ўвядуць. Царква ж ня можа адмовіць, калі людзі просяць». Калі я заўважаю, што і ходзяць жа, і просяць, высьвятляецца, што ходзяць ня тыя. «Бывае так, што ў нас узьнімаюць гэтую тэму людзі ня вельмі царкоўныя. Каб пакрычаць, што няма службы па-беларуску. А як увядуць, дык ня прыйдуць...»

На гэты закід рэдактар «Нівы» Яўген Вапа адно ўсьміхаецца: «А от хай увядуць. Хай увядуць!»

«Нейкі рытуал»

Чаму гэта так важна? «Бо праваслаўе тут яднае. Выразна, — кажа Ян Чыквін, аднафамілец дэпутата, старшыня беластоцкай суполкі пісьменьнікаў. — Ня мова. Беларусы ў гарадах гавораць па-польску, у вёсках — на дыялекце. Багаслужба па-польску паскарае працэс асыміляцыі. Палякі будуць памалу націскаць на япіскапаў, каб перавесьці набажэнства на польскую мову.

Нас змушаюць быць палякамі ў сваіх паводзінах, мове, сьвяткаваньнях. Калі ідзеш даваць імя дзіцяці, падкажуць іншае. Як адмовісься — няма расстрэлу. Але падказваюць. У школе таксама. Ледзь зьвініць званок на перапынак, настаўніца беларускай мовы гаворыць: «Прошэ цішэй!» І дзіця адчувае, што ўрок беларускай мовы — гэта нейкі рытуал». Хіба ня тое самае ў беларускіх школах Беларусі?

Нацыянальныя праблемы трансфармуюцца ў палітычныя, палітычныя — у рэлігійныя. Няма ў сьвеце ніводнай бязболеснай мяжы. І на старыя траўмы накладаюцца новыя. Беластоцкі парадокс: з аднаго боку ўсе нацыянальныя арганізацыі тут маюць дзяржаўную датацыю, зь іншага, кажа прафэсар Антон Мірановіч, дзеяньні польскіх установаў накіраваныя на тое, каб абмежаваць беларускае нацыянальнае жыцьцё. Польскай дзяржаве выгадна, каб беларускі рух быў абмежаваны да афіцыйных арганізацый, — мяркуе прафэсар. — Польская палітыка заўжды была скіраваная на апалячваньне меншасьцяў...»

Беларусы Беласточчыны многа гавораць пра асыміляцыю, пра тое, што ім няма ад каго спадзявацца помачы. І нам гэта трохі дзіўна чуць: зь Менску падаецца, што польская палітычная эліта засвоіла запаветы Гедройца. Гэты вялікі выхадзец зь Менску, паляк, бачыў у беларусах не канкурэнтаў ці варожы элемэнт, як былыя і сёньняшнія «эндэкі», а партнэра. Бяз моцнай незалежнай Беларусі ня можа быць бясьпекі Польшчы. А стабільнай дзяржаўнасьці Беларусі ня будзе бяз базы — сьвядомае нацыі.

Гледзячы зь Беластоку, менш заўважная Гедройцава лінія ў польскай дыпляматыі і фінансаваньне меншасьцяў. А вось штодзённыя крыўды даюцца ў знакі — як тая нематываваная судовая справа супраць выдаўцоў «Нівы». Хіба што візыт Казімежа Марцінкевіча пераканае беларусаў: Варшава ня мае намеру вяртацца да палітыкі апалячваньня.

Лукашэнкаўскім уладам нявыгадна бараніць нацыянальныя правы беларусаў Беласточчыны, бо сьледам чакай патрабаваньняў нацыянальных правоў ад уласных беларусаў. Аднак сапраўднае ўратаваньне беларусаў Падляшша ад асыміляцыі можа прыйсьці толькі з-за ўсходняй мяжы. Ня ў выглядзе састарэлых лукашэнкаўскіх танкаў. Беларуская тоеснасьць беластаччанаў пачне ўмацоўвацца тады, калі Беларусь з сатрапіі ператворыцца ў дэмакратычную дзяржаву. Калі Менскае тэлебачаньне стане якасным і беларускім. Калі ў праваслаўных цэрквах Беларусі пачнуць служыць па-беларуску. Калі пісьменьніка Арлова і беларускі рок перастануць забараняць у Беларусі. Калі беларускую валюту пачнуць прымаць у беластоцкіх абменьніках.

Дэмакратычнае грамадзтва Беларусі небеспадстаўна бачыць у Польшчы стратэгічнага партнэра, які, у адрозьненьне ад Расеі, ня будзе блытаць палітыку з эканомікай. Ня будзе навязваць Беларусі статус кліенцкае дзяржавы. Калісьці ж і мяжа між Горадняй і Беластокам зьнікне…

Пакуль Беларусь застаецца сатрапіяй, беластаччане могуць разьлічваць толькі на ўласныя сілы і цьвёрдасьць духу. А іх можна чэрпаць з Скарынавай Бібліі. Чаму — патлумачыў айцец Рыгор Сосна.

Зямля Рускай Бібліі

Вёска Равалы ляжыць між Заблудавам і Бельскам. Асфальт, акуратныя хаты, ахайная царква-«мураўёўка». Побач — пяцімэтровы драўляны крыж, які дзіцячая рука размалявала выявамі анёлаў і сьвятых. Такую акцыю — каб дзеці ўпрыгожвалі крыжы пры цэрквах — прыдумаў мастак Лёнік Тарасэвіч.

«У нас людзкі бацюшко. Ён любога прыме», — кажа спатканая ля студні цётка, ведучы мяне да абсаджанай туямі хаты з высокім ганкам. На званок выйшаў сам айцец Сосна. Высокі, асаністы, без барады і зь белай калараткай на чорнай кашулі. У бацюшкі госьці: прыехаў вучань, які працуе на захадзе Польшчы, прыехалі дачка і сын зь сем’ямі. Дзіцячыя галасы, на падлозе раскіданыя цацкі, вялікі стол. Госьці, спажываючы гарачыя флякі, гамоняць міжсобку «хатняй» мовай.

«Тут кажная вёска мае сваю гаворку, — кажа айцец Сосна. — Мая парафія знаходзіцца ў межах даўняга ваяводзтва Падляскага, а пяць кілямэтраў за рэчкай, пад Заблудаў, было ваяводзтва Троцкае. Дык тут інная мова, а там інная. Напэўно, не такая, як у Менску, але гэта мова, на якой пісаліся Статуты, на якой да 1607 году выдаваліся ўсе ўказы, фундацыі. Гэта мова Бібліі Скарыны. Для мяне найцаньнейшае, што мы нашчадкі той «рускай» мовы».

Кабінэт айца Рыгора абстаўлены кніжнымі паліцамі. Кампутар зь невялікім маніторам, на іншым стале — ноўтбук. Разам з матушкай Антанінай айцец піша артыкулы і кнігі. За 36 гадоў іх назьбіралася тры сотні. Цяпер матушка складае свой радавод, а бацюшка — даведнік цэркваў Заходняй Беларусі за польскім часам. Якім коштам выдае ён свае кніжкі? «Тое, што не прап’ю, не пракуру — тое ўкладу ў макулятуру», — сьмяецца айцец Рыгор.

Прыход у яго пэнсійны. За год хрысьціў толькі двое, а пахаваў дваццаць пяць. Найменшая пэнсія ў Равалах — 150 даляраў. Маладыя выяжджаюць у гарады, шукаючы працы.

«Да 1989 году было цяжэй, — апавядае айцец. — Я добра тыя часы помню. Калі штось будуваты, трэба было прашэньне пісаць. Але давалі рады... Калі я хадзіў з калядой, заходзіў да першага сакратара партыі, дык той стаяў за двэрыма, а жонка прымала. А потым мы разам чай пілі. У нас не было такога, як у вас. Было крыху, дзеля страху юдэйскага. А, напрыклад, калі я бараніў царкву ў Цеханоўцы, жонкі міліцыянэраў былі маімі найлепшымі прыхаджанкамі. І яны ўтрымалі царкву. Яе хацелі ці католікі забраць, ці на музэй. А я пастанавіў не аддаваць».

Зараз з будоўляй прасьцей. У Зьверках пад Беластокам паўстае цэлы манастыр на дваццаць манашак.

«Нас тут засталася жменька — на перапісе запісалася нас 50 тысяч беларусаў, тысяча ўкраінцаў на Беласточчыне. На такую вялікую Польшчу. Можна сказаць, маленькая скварачка ў вялікай кашы. Але стараемся: і цэрквы будуем, і кніжкі друкуем...»

«Дык і я не паляк»

Асаблівасьць аўтобусных прыпынкаў Беласточчыны — адсутнасьць раскладаў руху. Усё старанна пазьдзірана і выпалена дзіцячай рукою. Ня той, што расьпісвала крыжы ля цэркваў. Таму хвілінаў сорак стаю ў Равалах, чакаючы хоць які аўтобус. Раптам побач спыняецца маленечкі «фіят»: «Да Бялэгостоку?» За рулём — сівы спадар у сінім гарнітуры пад гальштукам. «Колькі?» Усьміхаецца: «Ніц». Мушу заплаціць падарожнай гутаркай. Кажу, у якой я тут справе. «А, ты не паляк? Дык і я не паляк», — хітра ўсьміхаецца стары, пераходзячы на «рускую» мову.

Сядзьце за адзін стол зь пяцьцю беластаччанамі і вы пачуеце пяць розных гаворак. У адрозьненьне ад Беларусі, заціснутай і расьціснутай «языком міжнацыянальнага абшчэньня», тут людзі захоўваюць часьцінку сваёй малой радзімы — хатнія гаворкі. Красуе разнатраўе канчаткаў, хвалі інтанацый абмываюць старажытны моўны мацярык, на якім паўсталі нашы Статуты і Біблія. Каб беларусам зь «вялікай зямлі» гэтак змагчы, ім трэба пазбыцца комплексаў. Не абмяжоўвацца рамкамі школьнага наваязу, пазбаўленага водару cкарынаўскай «рускай» мовы, якой нашы продкі гаварылі з Богам.

Праваслаўныя і другія праваслаўныя

Прафэсар Антон Мірановіч стрымана ацэньвае сярэднетэрміновыя пэрспэктывы ўстанаўленьня Беларускай аўтакефаліі. «Для аўтакефаліі павінна быць згода ўсіх памесных цэркваў. Няможна без царквы-маці рабіць аўтакефалію». Але ён з уцехаю назірае, як у Беларусі разьвіваюцца незалежныя структуры. Ёсьць мітраполія, сэмінарыі, акадэмія, манастыры. Беларускі Экзархат сам прымае пастановы, каго высьвяціць на епіскапа. На думку А.Мірановіча, «гэта ўсё вядзе да таго, што, магчыма, калі япіскапат і сабор Беларускага Экзархату захоча, патрыярхат Маскоўскі пагодзіцца». Але як каталіцкая царква цэнтралізаваная, так і праваслаўная мусіць мець пачуцьце еднасьці, нагадвае ён.

Адрозьненьне праваслаўных Падляшша ад беларускіх у тым, што яны пазьбеглі саветызацыі. Гэтыя сьвятары ніколі не дакладвалі ў КГБ. Гэтыя прыхаджане ніколі не спынялі хадзіць да споведзі. Але ня толькі ў гэтым шчасьце братоў за Белавежай. Яшчэ праваслаўнае сьвятарства на Падляшшы нашмат менш заражана грахом ксэнафобіі, сапраўднаю бядою РПЦ. Гаворыш з падляскімі тэолягамі і сьвятарамі і адчуваеш, як беражліва яны захоўваюць тое, што вялікабеларускае праваслаўе занядбала — гістарычную пераемнасьць. А яшчэ памежжа выгадавала ў іх хрысьціянскую датклівасьць. Суіснаваньне з каталікамі выпрацавала адпорнасьць на ціск заходняй цывілізацыі. Досьвед жыцьця ў дэмакратычнай Польшчы, якая адкрылася сьвету і шпарка мадэрнізуецца, вымушае шукаць адэкватныя адказы. Не заўжды яны пэўныя — як тая апэрэткавая польская мова багаслужбы, каб быць «як усе». Але хто шукае, той знаходзіць. Мусіць жа, не «расслабленыя, разьлененыя» будуць у Бога ўгодныя…

Ці ня ў тым магла б быць гістарычная місія праваслаўных Падляшша, каб стаць рошчынай і каталізатарам вялікага беларускага праваслаўнага адраджэньня? Ці ня з Супрасьлі выйдзе першы беларускі праваслаўны патрыярх? У праваслаўных цэрквах і манастырах Падляшша жыве дух даўніх брацтваў. Для саміх беластаччанаў ён такі звыклы, што аж незаўважны. А для нас зайздросны.

Супрасьля

— цэнтар праваслаўя на Беласточчыне. Супрасьлеўскі Дабравешчанскі манастыр — духоўны цэнтар, роўны Жыровічам. Дабравешчанская царква — шэдэўр абароннага дойлідзтва. Да 1915 тут захоўваліся мошчы сьв. Гаўрылы Заблудаўскага ды цудатворны абраз Супрасьлеўскай «Адзігітрыі». У пачатку жніўня 1915 яны былі вывезеныя ў Маскву. Абраз стуль так і не вярнуўся.

Дабравешчанскі манастыр быў заснаваны ў 1498 у рэзыдэнцыі маршалка літоўскага Аляксандра Хадкевіча ў Гарадку. Аднак ваяводзкі двор быў неспалучальны з манаскім жыцьцём. І ў 1500 г. брація перасялілася на бераг ракі Супрасьлянкі. З 1631 да 1824 Супрасьля была ўніяцкай.

Беларусы-каталікі

У Польшчы яны ёсьць, але іх нямнога. Фэномэн Сакульшчыны цікавы. Там людзі маюць пачуцьце сваёй адрознасьці ад палякаў. Але на перапісе гавораць, што яны палякі. Бо каталікі. Беларускі ксёндз — такога на Беласточчыне цяпер няма. Каталіцкія парафіі абсаджаныя палякамі. Новых Адамаў Станкевічаў ці Вінцэнтаў Гадлеўскіх няма.

Сьвятая Гара Грабарка

знаная з XVIII стагодзьдзя як месца паломніцтва. Гэта крыжовая гара з цудатворнай крыніцай. Манастыр там дзейнічае з 1947. Шматтысячныя паломніцтвы на Грабарку адбываюцца на сьвята Праабражэньня. Людзі прыносяць на гары і ставяць на ёй крыжы — спрадвечная беларуская традыцыя.

Украінская альтэрнатыва

У будынку Беластоцкай япархіі на кніжным развале, між абразоў і сьвятых кніжак, ляжыць друкаваны ўкраінскай мовай часопіс «Над Бугом і Нарвою». Гэта сьвецкае выданьне ўкраінскай меншасьці Беласточчыны. Беларускіх выданьняў там няма. Пік актыўнасьці ўкраінскага руху тут прыпаў на сярэдзіну 1990-х. Ці гэта было зьвязана з рэальнай патрэбай, ці з украінскім лобі ў епіскапаце? Думкі разыходзяцца. Нават у мясцовасьцях, дзе падляскія гаворкі бліжэйшыя да ўкраінскіх, чым да беларускіх, пераважае беларуская сьвядомасьць.

Падляскія дыялекты

«Дыялекты — гэта як музыка, як вецер, — кажа паэт Ян Чыквін. — Былі спробы пісаць на дыялектах, вось апошнюю зрабіў Ян Максімюк. Але як успыхне раз такі інфармацыйны канал, як літаратурная мова, пісаць дыялектам — вялікі крок назад».

Антон Мірановіч

гісторык і багаслоў. Прафэсар. Выкладае ў Беластоцкім унівэрсытэце, на найвышэйшым багаслоўскім сэмінары ў Варшаве, чытае лекцыі па гісторыі праваслаўнай царквы ў Грэцыі.

Фота «Сzasopis«, www.exoticpoland.info, Андрэя Скурко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0