Іх было ўсяго некалькі дзясяткаў — юнакоў, пасланых урадам раскіданай, але не зломленай Беларускай Народнай Рэспублікі, на чэхаславацкую зямлю вучыцца. «Куфэрак Віленшчыны» адкрывае цудоўны раман аднаго з тых студэнтаў.

Яны ехалі ў Прагу з самых розных куткоў падзеленай на кавалкі Беларусі, марачы, што ў дасягненні будучай незалежнасці будзе частка і іх справаў. На жаль, везлі маладыя беларускія студэнты з сабою ў сталіцу Чэхаславаччыны і свае класавыя і сацыяльныя забабоны, партыйны падзел, міжканфесійную варожасць. Многіх зацягвала таксама шумнае і бесклапотнае жыццё вялікага еўрапейскага горада, і праз год ці два ад мараў аб вяртанні на Беларусь заставалася толькі іронія.

«Хто выйдзе прарокам з нашага пражскага Назарэта? Я думаю — ніхто. Большасць з нас пакладзе свае косці на чужыне, меншасць будзе саромецца апрануцца ў бацькаў кажух, бо ён смярдзіць. Так пройдзем мы, пражане, па свеце, як пыл, — не нацешыўшы нікога ні сваім росквітам, ні сваёй моцай», — кажа адзін з герояў рамана.

І ўсё ж такі многія вярталіся.

Варта згадаць выдатныя імёны лірыка Уладзіміра Жылкі, дэпутата Сойма Ігната Дварчаніна, інжынера Адольфа Клімовіча…

У 1926 годзе, змучаны сухотамі, так і не атрымаўшы дыплома інжынера, вярнуўся ў Дзвінск і Віктар Вальтар.

Рэшту свайго кароткага 28‑гадовага жыцця ён працаваў у беларускім школьніцтве ў Латвіі і пісаў сваіх «Роджаных пад Сатурнам» — першы раман аб беларускіх эмігрантах.

Аднак «Роджаныя пад Сатурнам» — раман не толькі і не столькі аб жыцці беларускай супольнасці ў Чэхаславаччыне, хаця большасць яго герояў маюць свае гістарычныя прататыпы. Гэта раман аб пакутлівым жыццёвым выбары аднаго чалавека, безадрозна ад яго нацыянальнасці і сацыяльнага паходжання. Тугоўскі, галоўны герой рамана, задае сабе пытанне: «А нашто я жыву на свеце?» і цягам усяго твора спрабуе вырвацца з таго зачараванага кола, якое ён сам сабе стварыў гэтым пытаннем. Іншыя беларускія студэнты вучацца, мараць вярнуцца на Радзіму ці проста пражываюць жыццё ў пражскіх кавярнях і рэстаранах, Тугоўскі ж сваімі падзеннямі і ўзлётамі выклікае ў чытача перш‑наперш здзіўленне і непрыязнасць. Праўда, чытаючы далей, усё больш і больш бачыш у ім часцінку самога сябе і паступова перастаеш судзіць яго так строга.

«Роджаныя пад Сатурнам» — раман аб «беларускіх ластаўках», якіх захапіла ў свае моцныя абдымкі чужына і якія пасля толькі ў снах спакойнымі пражскімі ранкамі маглі бачыць высокі бераг Нёмана і чуць плёскат вады, што абмывала іх у залацістыя сонечныя дні іхняй вясны.

З творчасцю ўраджэнца Латгаліі, студэнта‑«пражаніна» Віктара Вальтара, знаёміць нас чарговая, трынаццатая па ліку, кніга бібліятэкі маладзечанскага часопіса «Куфэрак Віленшчыны».

На вокладцы тома, рупліва складзенага Сяргеем Панізнікам і Міхасём Казлоўскім, у тумане восеньскага ранку бачна старажытная Прага, якую чытач аглядае праз аканіцу замкавай вежы. Той самай Прагі, якой блукаюць цені народжаных пад Сатурнам, герояў галоўнага твора Віктара Вальтара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?