Усё часцей з тэлеэкранаў гучаць паведамленні аб забойствах на расавай глебе ў Расіі. І хоць да нас пакуль такая «мода» не дайшла — ігнараваць падобную небяспеку нельга. Піша Алесь Пілецкі.

 Адзін з «Рускіх маршаў», арганізаваны «Рухам супраць нелегальнай іміграцыі».

Адзін з «Рускіх маршаў», арганізаваны «Рухам супраць нелегальнай іміграцыі».

Беларусь немагчыма параўнаць з Расіяй у плане прысутнасці вялікай колькасці іншаземцаў. Дый радыкальных нацыяналістаў у нас значна менш, чым там. Аднак можна дапусціць, што з’яўленне падобных настрояў у Беларусі — толькі справа часу. Прынамсі, вялікая колькасць такіх «культурных здабыткаў» прыходзіць да нас менавіта з Усходу.

Паводле падлікаў расійскага даследчага цэнтру «Сава», колькасць правапарушэнняў на глебе расавай і нацыянальнай нянавісці ад 2004 году павялічылася ўдвая — з 267, да 634 пацярпелых. Колькасць забітых іншаземцаў пераўзышла дзве сотні чалавек. Лідэрамі па падобных правапарушэннях з’яўляюцца абедзьве расійскія сталіцы – Масква і Пецярбург, а ахвярамі становяцца найчасцей прадстаўнікі народаў Каўказу і Цэнтральнай Азіі, радзей — Кітаю, В’етнаму і афрыканскіх краін.

Узровень ксенафобіі ў расійскім грамадстве значна вырас, пачынаючы з 2000 году. Паводле звестак расійскай сацыялагічнай установы «Левада-Цэнтр», пасля распаду СССР сярод насельніцтва Расійскай Федэрацыі не назіралася высокага ўзроўню ксенафобіі. Яшчэ ў 1995 годзе большасць (57%) не ставілася прыхільна да лозунгу «Расія для расійцаў». Сітуацыя кардынальна змянілася з пачаткам новага тысячагоддзя. У 2007 годзе, па звестках таго ж «Левада-Цэнтр», лозунг «Расія для расійцаў» падтрымлівала ўжо 59% насельніцтва Расіі.

Што ж магло стаць прычынай такой перамены ў стаўленні расійскага грамадства да іншаземцаў? Ёсць некалькі адказаў. Найперш варта адзначыць дрэнную дэмаграфічную сітуацыю ў краіне. Даследванні паказваюць, што

колькасць насельніцтва Расіі няўмольна скарачаецца, прычым доля славянскага насельніцтва краіны таксама змяншаецца.
На гэтым фоне ў 2000 — 2007 гг. значна павялічыўся прыток працоўных эмігрантаў з краін былога СССР, а таксама з Кітаю і В’етнаму. Сярод былых савецкіх рэспублік лідэрства па колькасці гастарбайтэраў, што працуюць у Расіі, трымаюць Украіна, Азербайджан і Малдова.

Афіцыйны Крэмль спрабуе выкарыстаць ва ўласных інтарэсах нарастанне нацыянальнай нецярпімасці ў грамадстве. З аднаго боку,

расійскія улады выкарыстоўваюць ксенафобію ў афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі, сцвярджаючы неабходнасць «абароны» расійскамоўных не толькі ў самой РФ, але таксама і за яе межамі.
Прыкладаў процьма — Латвія, Эстонія, Грузія, Украіна. З іншага — спрабуюць падаўляць нацыяналістычныя рухі, што вырваліся з-пад кантролю, абвяшчаючы іх антыдзяржаўнымі. Прычым змаганне ідзе толькі тады, калі тая або іншая арганізацыя пачынае адкрыта выступаць супраць крамлёўскай адміністрацыі. А такіх становіцца ўсё больш.

Да найбольш уплывовых належаць «Рух супраць нелегальнай іміграцыі» (ДПНІ), «Народны Саюз» (НС), «Расійскі агульнанацыянальны саюз» (РОНС), «Славянскі саюз» (СС), «Расійскае нацыянальнае адзінства» (РНЕ), «Нацыянал-бальшавісцкая партыя» (НБП). Увогуле, падобныя арганізацыі часта маюць «парасонавую» структуру: асобныя адзінкі не звязаныя наўпрост з цэнтрам і не падпарадкоўваюцца яму, а толькі трымаюцца агульнай ідэалогіі. Разгледзім больш падрабязна некаторыя з названых арганізацый.

«Рух супраць нелегальнай іміграцыі»

Існуе ад 2002 і мае філіялы ў трыццаці расійскіх гарадах. З’яўляецца адной з найбольш радыкальных нацыяналістычных арганізацый Расіі. Выступае галоўным чынам супраць прысутнасці на тэрыторыі РФ працоўных мігрантаў. Найбольш вядомымі акцыямі ДПНІ (расійская абрэвіятура — «Движение против нелегальной иммиграции») з’яўляліся так званыя «Рускія маршы», а таксама канфлікт у паўночным карэльскім горадзе Кандапога. У верасні 2006 г. там, у сутычцы з групай каўказцаў, былі забітыя два мясцовыя жыхары. У выніку ДПНІ арганізаваў мітынг пасля якога ўспыхнулі масавыя беспарадкі і пагромы. Пракуратура Карэліі звінаваціла ў арганізацыі беспарадкаў лідэра арганізацыі Аляксандра Бялова, аднак прыцягнуць яго да адказнасці не ўдалося.

«Народны саюз»

Арганізацыя была створаная ў 1991 дэпутатам Вярхоўнага Савета РСФСР Сяргеем Бабурыным як палітычная партыя і неаднаразова змяняла назву. На выбарах 2003 ў Думу «Народны Саюз» уваходзіў у блок «Радзіма», а лідэр — Сяргей Бабурын — нават некаторы час быў віцэ-спікерам. У афіцыйнай ідэалогіі арганізацыі можна сустрэць тэрміны «умераны расійскі нацыяналізм, апазіцыя ураду, моцная дзяржава». Дэвізам «Народнага саюзу» з’яўляецца лозунг «За рускую Расію».

«Расійскі агульнанацыянальны саюз»

Паўстаў у 1990 годзе, аб’яднаўшы некалькі дробных нацыяналістычных арганізацый. Мае разбудаваную структуру і філіялы ў некалькіх гарадах Расіі, а таксама Украіны і Кыргызстану. На пачатку 90-х быў зарэгістраваны як міжрэгіянальны грамадска-палітычны рух, аднак пазней РОНС (расийская абрэвиятра — «Русский общенациональный союз») быў пазбаўлены рэгістрацыі. Арганізацыя пазіцыянуе сябе як «інтэлектуальнае крыло расійскіх нацыяналістаў». Адной з апошніх акцый, у якой былі заўважаныя сябры арганізацыі, стаў разгон гей-парада ў Маскве.

«Славянскі саюз»

Скрайне правае, нацыянал-сацыялістычнае ўгрупаванне. Створанае ў 1999. Галоўная мэта — стварэнне расійскай нацыянальнай дзяржавы. Вылучылася з РНЕ, найбольш блізкая да нацыстскай ідэалогіі, што існавала ў Германіі ў 1930—40-я. У якасці сімволікі арганізацыя выкарыстоўвае стылізаваную свастыку, а ў асяроддзі неанацыстаў мае назву «СС» — як абрэвіятура ад загалоўных літар. Адна з нацыяналістычных арганізацый Расіі, якая займаецца вайсковай падрыхтоўкай сваіх чальцоў у адмысловых летніках.

«Расійскае нацыянальнае адзінства»

Арганізацыя створаная ў 1990 г. як скрайне правая, нацыяналістычная напаўвайсковая групоўка. Змагаецца за абмежаванне права для прадстаўнікоў нерасійскай нацыянальнасці, павелічэнне ролі праваслаўнай царквы ў грамадстве. Была заснаваная Аляксандрам Баркашовым, аднак у 2000 адбыўся раскол арганізацыі і зараз «баркашоўцы» існуюць адасоблена. Да сярэдзіны 90-х РНЕ (расийская абрэвиятра — «Русское национальное единство») даволі актыўна дзейнічала ў Беларусі і іншых былых рэспубліках СССР, аднак пасля расколу яе ўплыў значна паменшаў.

«Нацыянал-бальшавіцкая партыя»

Заснаваная ў 1993 г. як палітычная партыя, аднак у 1998 г. гэты статус згубіла, а ў 2007 г. увогуле прызнаная за экстрэмісцкую забароненая. Мае надзвычай эклектычную ідэалогію, у якой спалучаюцца ультралевыя і ультраправыя ідэі. Паводле афіцыйнага сайту арганізацыі, яе чальцы выступаюць за «сацыяльную справядлівасць у эканоміцы, імперыялістычную дамінацыю ў замежнай палітыцы, грамадзянскія і палітычныя свабоды ў палітыцы ўнутранай». «Лімонаўцы», як называюць чальцоў арганізацыі (паводле прозвішча лідэра — Эдуарда Лімонава), актыўна дзейнічаюць не толькі на тэрыторыі РФ, але і ў краінах, якія лічаць сферай пашырэння сваіх ідэй. Існуюць філіялы арганізацыі ў Латвіі, Украіне, Ізраілі і нават Канадзе.

У Беларусі, як і ў Расіі, нацыянал-бальшавікі дзейнічаюць нелегальна — ім было адмоўлена ў рэгістрацыі. Выступаюць за ўз’яднанне Беларусі і Расіі, аднак адзначаецца, што яно магчымае толькі без Пуціна і Мядзведзева. Структура беларускага філіялу даволі разбудаваная, існуюць шматлікія ячэйкі ў рэгіёнах. У адрозненне ад галаўной арганізацыі,

беларускае аддзяленне НБП засяроджваецца на адстойванні расійскага і савецкага культурнага нацыяналізму — процістаўляючы яго нацыяналізму беларускаму, а таксама празаходняй арыентацыі
некаторых беларускіх палітыкаў.

Што нясе расійскі нацыяналізм Беларусі? Наколькі яго ідэі могуць стаць папулярнымі ў беларускім грамадстве, якое яшчэ не вызначылася адназначна са сваёй нацыянальнай ідэяй? Пытанні гэтыя сёння, як і на пачатку 90-х, не страцілі актуальнасці.

Відавочна, што беларускія ўлады не вельмі зацікаўленыя ў існаванні такіх арганізацый у Беларусі — мець справу са сваёй апазіцыяй афіцыйнаму Мінску прасцей. Складаней з грамадствам. Ідэі расійскіх нацыяналістаў, якія не адрозніваюць беларусаў ад расійцаў, могуць мець папулярнасць сярод пэўных моладзевых колаў. Так, у Беларусі напады і забойствы на нацыянальнай глебе пакуль не набылі такіх маштабаў, як за ўсходняй мяжой (хоць першыя званочкі ўжо ёсць: свежы прыклад — напад фанатаў мінскага «Дынама» на туркменаў у пачатку верасня гэтага году). Аднак брак здаровага беларускага нацыяналізму, заснаванага на пачуцці нацыянальнага гонару, можа стацца прычынай пашырэння больш радыкальных і агрэсіўных ідэй нацыяналістаў расійскіх, што выгадна для Крамля ў яго палітыцы ціску на афіцыйны Мінск. І тады не будзе розніцы, хто ў Мінску галоўны: Аляксандр Лукашэнка альбо хто-небудзь іншы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?