25 верасня ў Мінску Беларускае гістарычнае таварыства ладзіць міжнародную навуковую канферэнцыю «Кастусь Каліноўскі і яго эпоха ў дакументах і культурнай традыцыі».

Адзін з арганізатараў, гісторык Аляксандр Краўцэвіч, у размове з «НН» патлумачыў неабходнасць правядзення такой канферэнцыі тым, што «асоба Каліноўскага сёння выклікае неадназначную рэакцыю ў дзяржаўных ідэолагаў.

Ідзе спроба ліквідацыі Кастуся Каліноўскага як нацыянальнага героя».

У якасці яскравага прыкладу гісторык прывёў падручнік па гісторыі Беларусі для 10‑га класа. Ён не толькі перакладзены з расійскай мовы. Некаторыя яго параграфы і раздзелы адкрыта скіраваны на фальсіфікацыю айчыннай гісторыі.

Напрыклад параграф 26, які называецца «Польскае паўстанне 1863 г. на беларускіх землях» і раздзел чацвёрты дадзенага параграфа пад назвай «Гістарыяграфічны міф аб Вікенціі Каліноўскім».

Аляксандр Краўцэвіч акцэнтуе увагу на тым, што той жа падручнік называе Міхаіла Мураўёва‑Вешальніка таленавітым адміністратарам, што не можа не абураць прафесійных гісторыкаў.

Канферэнцыя, што пройдзе пры актыўнай падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, павінна прыцягнуць увагу грамадскасці да гэтай праблемы. Па яе вынікам арганізатары плануюць выдаць зборнік матэрыялаў, куды ўвойдуць не толькі тэксты дакладаў, але і найбольш цікавыя моманты дыскусіі.

Алесь Пілецкі

***

Праграма канферэнцыі (г.Мінск. вул.Караля, 3 аўдыторыя 20).

25 верасня 2009 г.

9.00 — 9.30 Рэгістрацыя

9.30 — Пачатак канферэнцыі

Паседжанне 1

«Кастусь Каліноўскі і яго эпоха»

9.30. — 11.40

Алесь Смалянчук (Гродна), доктар гістарычных навук, «Асоба Каліноўскага як даследчая праблема».

Сяргей Токць (Гродна), кандыдат гістарычных навук, «Нацыянальны і сацыяльны дыскурсы ў тэкстах «Мужыцкай праўды» і «Рассказов на белорусском наречии»«.

Ігар Клімаў (Мінск), кандыдат філалагічных навук, «Моўная і адукацыйная праграма Кастуся Каліноўскага для беларускіх сялян (паводле «Мужыцкай праўды»)».

Аляксандр Радзюк (Гродна), кандыдат гістарычных навук, «Рэпрэсіўная дзейнасць уездных ваенных начальнікаў 1863‑1864 (на прыкладзе Гарадзенскай губ.)».

Алена Ігнацюк (Пінск), кандыдат філалагічных навук, «Паўстанцы Гажычы».

Вольга Гарбачова (Мінск), кандыдат гістарычных навук, «Фотаздымак як крыніца аб удзельніках паўстання 1863 г.».

Алена Фірыновіч (Мінск), аспірантка ІГ НАН Беларусі, «Матэрыялы НГА РБ у г. Гародні па гісторыі паўстання 1863 — 1864 г.: крыніцазнаўчы аналіз».

Адказы на пытанні. Дыскусія.

Перапынак на каву 11.40. — 12.00.

Паседжанне 2

«Кастусь Каліноўскі ў беларускай культурніцкай традыцыі»

12.00 — 14.00

Валянціна Яноўская (Мінск), к.г.н., «Акадэмік Ул.Перцаў аб ролі Кастуся Каліноўскага ў беларускай гісторыі: змена поглядаў пад уплывам савецкай рэчаіснасці».

Tомаш Вельг (Аполе), др., «Літаратурны вобраз Кастуся Каліноўскага ў творчасці Уладзіміра Караткевіча».

Настасся Жарская (Мінск), мгр., «Вобраз Кастуся Каліноўскага ў мастацкай літаратуры».

Аляксандр Ільін (Пінск), к.ф.‑м.н. «Ян Пазняк — першы даследчык ўдзелу праваслаўнага духавенства ў студзенскім паўстанні».

Андрэй Шулаеў (Мінск), мгр., «Вексілалагічныя аб’екты і паўстанне Каліноўскага: гістарыяграфічны вобраз і крытыка».

Анатоль Трафімчык (Брэст), к.г.н., «Тадэвуш Касцюшка ў паэтычным слове беларусаў канца ХVІІІ — ХІХ ст.».

Іван Сацукевіч (Мінск), «Мемарыялізацыя Кастуся Каліноўскага ва ўрбананіміцы Беларусі».

Адказы на пытанні. Дыскусія

14.00 — 15.30 — Абед

Паседжанне 3

«Асоба Кастуся Каліноўскага ў нацыянальным дыскурсе»

15.30 — 17.00

Андрэй Вашкевіч (Гродна), аспірант ІГ НАН Беларусі, !Кастусь Каліноўскі і беларуская нацыянальная ідэя ў ХХ ст.».

Валянцін Голубеў (Мінск), к.г.н., «Постаць Каліноўскага ў палітычным жыцці Беларусі канца ХХ — пачатку ХХІ ст.».

Андрэй Унучак (Мінск), к.г.н., «Да пытання інтэрпрэтацыі ідэйнай спадчыны Кастуся Каліноўскага».

Віталь Скалабан (Мінск), к.г.н., «Постаць Кастуся Каліноўскага ў 30‑40 гг. ХХ стагоддзя: палітыка, навука, мастацтва».

Юрась Бачышча (Мінск), к.г.н., «Постаць Кастуся Каліноўскага ў друкаванай спадчыне беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў».

Яўген Мірановіч (Беласток), др.хаб., «Бачанне асобы Каліноўскага сярод беларусаў Беласточчыны».

Ян Ежы Мілеўскі (Беласток), др., «Памяць пра Кастуся Каліноўскага ў Польшчы».

Алесь Пагарэлы (Варшава), мгр., «Каліноўскі ў пантэоне нацыянальных герояў БХД (1920‑30‑я гг.)».

17.00 — Дыскусія

А.Ліс, А.Мальдзіс, А.Латышонак, У.Ляхоўскі

26 верасня 2009 г.

11.00. Працяг дыскусіі на сяброўскай імпрэзе ў майстэрні мастака‑графіка Уладзіміра Вішнеўскага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0