Галоўны рэдактар беластоцкай газэты «Ніва» Яўген Вапа кажа, што раней Польшчай кіравалі «левыя» беларусы, а цяпер пачынаюць кіраваць беларусы «правыя»: «Бацька Цімашэвіча родам з-пад Ваўкавыску, у Квасьнеўскага маці з Глыбоччыны. Сям’я сёньняшняга прэм’ера Марцінкевіча — з Усходняй Беларусі. Бацька Качыньскіх працаваў на чыгунцы ў Баранавічах. Яшчэ Пілсудзкі казаў, што палякі ня ўмеюць кіраваць Польшчай». Але, паводле Вапы, беларусам Польшчы ніякай карысьці ад такой «беларускай» улады няма.

Беларускую мову ў Беластоку можна пачуць яшчэ радзей, чым у Менску. У вёсках на Падляшшы яна гучыць. Аднак беларускія вёскі тут нешматлюдныя: жывуць пераважна старыя. Гісторык Яўген Мірановіч кажа: «Сапраўдных гаспадароў, фэрмэраў — адзін-два на вёску».

У суседніх зь беларускімі польскіх гмінах насельніцтва больш, і працэнт маладых там большы. Мірановіч лічыць, што прычынай ёсьць палітыка, якую праводзілі польскія ўлады ў 1970-х: «На 1000 жыхароў усходніх гмінаў інвэстыцый у будаўніцтва дарог, разьвіцьцё адукацыі, мэдыцыну — было ў 3—4 разы менш, чым у заходніх гмінах ваяводзтва. Таму і людзі заставаліся, дзе былі дарогі, умовы для жыцьця, месцы для працы».

Беластоцкая мімікрыя

У гарадах беларускай мовай публічна не карыстаюцца — каб не вылучацца з асяродзьдзя. Пісьменьнік Сакрат Яновіч кажа, больш даймае неталерантнасьць навакольных, чым асыміляцыйныя працэсы: «Калі я ў Варшаве ці Шчэціне, я ня думаю, што я беларус. А Беласток — горад вельмі халопскі. Гэта неталерантны, ультракаталіцкі горад».

Яўген Вапа больш радыкальны: «Талерантнасьць у нас такая: твая беларускасьць можа быць толькі справай прыватнай. А беларуская меншасьць хоча быць гаспадарамі на сваёй зямлі. Мы такія ж грамадзяне гэтага краю. Трэба, каб людзі адчулі, што беларуская мова можа быць ня толькі хатняй, але і публічнай».

Няма салідарнасьці ў беларускім асяродзьдзі. Дэпутат сойму ад «лявіцы» Яўген Чыквін лічыць, што нацыянальныя праблемы хвалююць толькі інтэлігенцыю: «Тыя, хто называе сябе «рускімі» ці «тутэйшымі», ня хочуць адрозьнівацца ад навакольных. Польская культура больш выгадная. Беларускасьць — гэта стыгмата, яе хаваюць як фізычнае калецтва». Зрэшты, такая мімікрыя многім усё адно не ўдаецца: Я.Чыквін кажа, што ў дэпутацкай рабоце сутыкаўся з выпадкамі звальненьня з працы па нацыянальных і рэлігійных прычынах — і ў 1990-я, і цяпер. Зь іншага боку, дэпутат бачыць у гэтай сытуацыі й віну саміх беларусаў: «Мы занадта схільныя падкрэсьліваць сваю асаблівасьць і замыкацца ў сваім коле».

Скончыліся «тутэйшыя»

Перапіс 2002 г. адназначна паказаў 46 тыс. беларусаў на Беласточчыне ды 5 тыс. далей у Польшчы, але гісторыкі лічаць, што сама меней іх мусіць быць 200 тыс. «Маркерам» беларусаў раней выступала праваслаўе. Прафэсар Мірановіч кажа, што сацыялягічныя дасьледаваньні несуцяшальныя: 75% праваслаўных беларусаў у вёсках называюць сябе палякамі. У 1983 г. былі іншыя лічбы: 30% праваслаўных назваліся палякамі, 40% — «рускімі» («рускай веры») і 27% — беларусамі. Цяпер дасьледаваньні Інстытуту сацыялёгіі паказалі, што адсотак «беларусаў» захаваўся, затое зьнікла катэгорыя «рускіх», «тутэйшых», яны далучыліся да «польскай культуры».

Апроч таго насельніцтва папросту мяняе веравызнаньне. У мяшаных шлюбах вянчаюцца ў царкве, дзяцей хрэсьцяць у касьцёле.

На будучыню гісторык глядзіць досыць пэсымістычна. Пэсымізм падмацоўваецца адсутнасьцю беларускамоўнай сыстэмы асьветы, сыстэмы культурных устаноў: «Думаю, зьмены, якія ідуць цяпер, скончац- ца на працягу аднаго-двух пакаленьняў. Застанецца жменька інтэлектуалаў. Але гэта будзе лёс эмігранцкай супольнасьці, якая будзе пастаянна між сабой сварыцца: усе эмігранты сварацца».

«Пятая калёна» Лукашэнкі

Пачуцца эмігрантам на радзіме, у краі, дзе жылі твае бацькі й дзяды, — крыўдна й абразьліва. І надзей на паляпшэньне стану рэчаў праф. Мірановіч ня бачыць.

Лідэраў беларускага руху ў Польшчы прыгняла крымінальная справа, паводле якой пад сьледзтвам апынулася Праграмная рада тыднёвіка «Ніва». Іх абвінавацілі ў грашовым махлярстве. Такі вынік глядзіцца вельмі кантрасна на фоне таго, што атрымалі падчас уступленьня ў ЭЗ іншыя мяншыні — нямецкая (яна мае нацыянальнае самакіраваньне ў гмінах, падтрымку з боку Нямеччыны), літоўская. Яўген Мірановіч прыводзіць іх як дадатны прыклад міждзяржаўнай супрацы: «Вялікай пашанай яны карыстаюцца пры дачыненьні паміж дзяржавамі: мы будзем, маўляў, спрыяць вашым, а вы — нашым! Тое самае і з украінцамі: яны часта зьяўляюцца пасрэднікамі ў міждзяржаўных кантактах». Але сёньняшняя беларуская дзяржава мае асаблівыя нацыянальныя ды палітычныя погляды. Расплачвацца за гэта даводзіцца беластоцкім беларусам.

«Нас успрымаюць як прадстаўнікоў нацыі, якая пайшла ў нейкі іншы бок. У нас бачаць частку таго народу, які выбраў Лукашэнку», — канстатуе Я.Мірановіч. Апошнім разам «пятую калёну Лукашэнкі» спрабавалі «прыціснуць» у сувязі са скандалам вакол Саюзу палякаў Беларусі. Беларуская супольнасьць у Беластоку выказалася ў падтрымку Анжалікі Борыс (у тым ліку і ў «Ніве»), але некаму гэтага падалося замала. Патрабавалася дэманстрацыя ляяльнасьці — публічныя лісты з пратэстамі.

Многім гэта нагадала паваенныя гады. Першы рэдактар «Нівы» Георгі Валкавыцкі прыгадаў, як польскія банды палілі ў той час беларускія вёскі, змушаючы жыхароў выяжджаць за ўсходнюю мяжу. Дзе беларусаў было шмат і жылі яны кампактна, там чапаць баяліся. А дзе няшмат, дык выразалі, часам цэлымі вёскамі.

Вецер з Усходу

Атаясамлівацца зь Беларусьсю Лукашэнкі беластоцкія беларусы ня хочуць, але надзеі на рэнэсанс нацыянальнага руху зьвязваюць зь беларускай дзяржавай. Беларускай па духу.

Ці пяройдзена мяжа, за якой няма вяртаньня да паўнацэннага жыцьця беларускай меншасьці на Беласточчыне? Ці ўсё ж дапамогуць ёй магчымыя дэмакратычныя зьмены ў Беларусі? Пачуўшы гэтае пытаньне, прафэсар Мірановіч сьмяецца: «Гэта футурыстычнае пытаньне, бо не відаць, каб у Беларусі былі нейкія зьмены. Але гэта напэўна будзе вялікая надзея! На пачатку 1990-х людзі вучыліся беларускай мове, бо была суседняя краіна Беларусь». Горадня — за 60 км: гадзіна дарогі! Можна было паехаць туды, паглядзець і вярнуцца назад. Людзі адчулі, што мінуў Савецкі Саюз, што мяжа адкрыта. І сотні, тысячы людзей прыяжджалі. Мяшкі даляраў укідвалі ў Беласток! Гэта азначала новыя будынкі, новыя прадпрыемствы. Беласток квітнеў: за пару гадоў ён расьцьвіў, як сад вясной. Людзі адчувалі, што ёсьць суседняя краіна і ад гэтага ёсьць карысьць».

Цяпер беларуская меншыня на Беласточчыне не займаецца пражэкцёрствам — яны рэалісты. Яны хочуць жыць у эўрапейскай краіне, але ведаюць, што належнае жыцьцё ім можа гарантаваць толькі дэмакратычная Беларусь па той бок мяжы. Я.Мірановіч кажа катэгарычна: «Людзі слабыя ўцякаюць зь беларускага асяродзьдзя. Застаюцца тыя, каму ўжо гонар не дазваляе кудысьці пайсьці. Нішто іх не трымае — толькі гонар».

Зона року

«Шараговы паляк ведае пра беларускую музыку болей, чым шараговы беларус – пра польскую», — мяркуе Стэп (Лукаш Стэпанюк) стваральнік польскамоўнага сайту пра беларускі рок. У студзені рок-«Зона» справіла своеасаблівы юбілей – 20000-ае наведваньне. Лукаш некалькі гадоў вёў музычныя праграмы на беластоцкім беларускамоўным «Радыё Рацыя». Калі радыё зачынілася, адчуў патрэбу зрабіць сайт. Ён таксама грае ў некалькіх музычных праектах. Зь ягоных словаў, у жыцьці яго цікавяць толькі дзьве рэчы: дзяўчаты й беларуская музыка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0