23 верасня ў Мінску з лекцыямі выступіў расійскі багаслоў Андрэй Кураеў. Дыякан пагадзіўся адказаць на пытанні «НН».

«НН»: Вы наведалі Мінск напярэдадні прыезду ў Беларусь патрыярха Кірыла. Што чакаць ад яго візіту?

Андрэй Кураеў: Патрыярх першы год прысвячае знаёмству з цэрквамі. Ён адклаў нейкія ўнутрыпатрыярхальныя справы, каб спачатку агледзецца на месцы. Паглядзець на людзей, святароў, епіскапаў, каб пасля з новым вопытам спазнання Царквы вырашаць, у які бок і што трэба мяняць, калі патрэбна ўвогуле.

«НН»: Ці магчыма, на вашую думку, стварэнне Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы?

АК: Шчыра кажучы, мне нават нецікава абмяркоўваць такія фантастычныя праекты. Бо суб’ектам гісторыі Беларусі з’яўляецца беларускі народ. І пытанне ў тым, ці ёсць у народзе такое жаданне, прага адлучыцца ад маскоўскага патрыярха і радаваць сябе стварэннем сваёй аўтакефальнай царквы. Я пакуль такіх настрояў не бачыў ні сярод беларускага духавенства, ні сярод царкоўнага народу. Таму лічу, што гэтая тэма штучная.

«НН»: Касцёл, які вы папракаеце ў палітызаванасці і свецкасці, вядзе службу ў нашай краіне па-беларуску. А праваслаўная царква выкарыстоўвае расійскую мову. Такая палітыка Маскоўскага патрыярхату?

АК: Справа ў тым, што ў каталікоў паўстае выбар паміж польскай мовай і беларускай. Натуральна, што прыхаджане выбіраюць апошнюю. А ў праваслаўных храмах выбар ідзе паміж беларускай і царкоўнаславянскай. Але сама парафія і духавенства робяць гэты выбар. Беларуская царква не супраць службы на роднай мове. Пытанне ў тым, ці ёсць тут кансалідаванае жаданне прыхаджан у гэтым. Мы падобную сітуацыю назіраем ва Украіне. Там ёсць афіцыйнае рашэнне ўкраінскага Сіноду: кожны прыход сам выбірае мову набажэнства. І мы бачым, што вельмі мала прыходаў служыць па-ўкраінску.

***

Дыякан Андрэй Кураеў — прафесар Маскоўскай духоўнай акадэміі, багаслоў і публіцыст. Мае амплуа аднаго з самых прагрэсіўных святароў Расійскай праваслаўнай царквы. У сваёй кнізе «Дыспут з атэістам» ён дыскутуе з былым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі па ідэалогіі Анатолем Рубінавым наконт яго публікацыі ў «Советской Белоруссии». Дыякана Кураева можна ўбачыць у кампаніі маладых людзей на рок-канцэртах, на якія ён заклікае хадзіць замест прагляду серыялаў. У інтэрнэце вядзе блог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?