Андрэй Такінданг. Фота naviny.by.
Адмысловая праграма ідзе ў эфіры «Нашего утра». Вядуць праграму спявак Андрусь Такінданг ды намесніца старшыні ТБМ Алена Анісім.
На гэтую праграму звярнуў увагу сёння раніцай, пераключыўшы з «Еўраньюс» на АНТ, каб даведацца прагноз надвор’я.
Падводка была наступная. Вядучы Валеры Кашчэеў кажа, што згодна з даследаваннямі Інфармацыйна‑аналітычнага інстытута пры Адміністрацыі прэзідэнта, па‑беларуску пастаянна гавораць 12% насельніцтва.
«Натуральна, — дадае Люся Лушчык, — большасць гаворыць па‑расейску, значны працэнт — ужываючы беларускія і расейскія словы».
«А ці ведаеце вы, што такое ровар?» — пытаецца спадар Кашчэеў — і пачынаецца перадача Андрэя Такінданга.
Спявак глядзіцца ў кадры стыльна і натуральна. Ён патлумачыў, што азначаюць словы ровар і імбрычак (праўда, чамусьці напісалі ровэр, але там таксама вялося і пра англійскую марку машыны), потым спадарыня Алена Анісім распавяла, дзе і калі гэтыя словы ўжываюцца.
Збольшага перадача пакінула ў мяне пазітыўнае ўражанне, магчыма, дзякуючы харызме і нязмушанасці сп. Такінданга - беларускамоўнага рокера.