Праз пераўвільгатненне сёлета ў краіне не ўрадзіла бульба. Месцамі немэтазгодна нават капаць яе.

Другі хлеб губляе пазіцыі

Сёлета масавая ўборка бульбы доўжыцца тры тыдні, а аптымізму тым, хто працуе ў сельскагаспадарчай галіне, бракуе. Летась паказнік сярэдняй ураджайнасці пераскочыў за адзнаку ў 200 цэнтнераў з гектара. Цяпер пра рэкорды гаворкі не ідзе. Хіба што пра рэкордныя цэны.

Цяпер кілаграм бульбы каштуе больш за 1000 рублёў.

Бульба плавала ў вадзе

Намеснік генеральнага дырэктара Навукова‑практычнага цэнтра па бульбаводстве і плодаагародніцтве Акадэміі навук Іван Калядка тлумачыць, што ў неўраджаі перадусім вінаватыя дажджы. Ліпень бульба літаральна плавала ў вадзе. Колькасць ападкаў перавышала двух‑, трохмесячныя нормы. Як вынік, развіліся інфекцыі.

Паратунак не для ўсіх

Калгасную бульбу апрацоўвалі хіміяй і трохі падлячылі. Але вырошчваюць бульбу перадусім прыватнікі.

Штогод сярэднестатыстычны беларус ужывае 180 кілаграмаў бульбы.

У сельгаскамбінатах яна займае 60 тысяч гектараў. У сялян у дзесяць разоў больш — 600 тысяч! І большасці з іх якасная хімапрацоўка недаступная. Па словах Івана Калядкі, там, дзе апрацоўка была праведзена не цалкам, страты ўраджаю могуць дасягаць 50%.

Замкнёнае кола — каб ратаваць бульбу, сялянам трэба карыстацца дарагімі прэпаратамі. Калі іх купляць, сабекошт адразу ўзлятае. Купіць на кірмашы тады выходзіць танней, чым вырошчваць самому.

Жыхарка Зэльвенскага раёна Тамара Бурак кажа: «Чым такую бульбу капаць, хай гніе! Нявартая праца. З кожнай соткі выходзіць усяго па два мяхі. Бульба дробная, толькі адна марока з ёй».

Бульбяны эканамічны цуд

Бульба ў беларускіх рэаліях мела палітычнае значэнне. Дзякуючы ёй, у ліпені Белстат радасна адрапартаваўся — у краіне няма інфляцыі! Па афіцыйных падліках, дэфляцыя за месяц склала 0,2%. Цэны на тавары не паменшалі, але бульба, садавіна і гародніна, патаннеўшы, далі прыемны эфект. Цяпер станоўчага ўплыву на эканоміку не дачакацца. А калі бульбы ў наступным годзе будзе мала, скароціцца і экспарт.

Ягор Марціновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0